«Свята ў горадзе».

«Свята ў горадзе».

Уладзімір Цэслер, фота БелаПАН.

Уладзімір Цэслер, фота БелаПАН.

Мастак займае гарышча, і трапіць да яго можна, пазваніўшы ў дамафон па «неіснуючым» у пад’ездзе нумары кватэры.

«Мы з Сяргеем Войчанкам так біліся, каб атрымаць гэтае памяшканне! — кажа мастак.
— Дзіўна, што другую палову гарышча ніхто так і не заняў: выдатнае месца».

Падчас размовы Уладзімір Цэслер паспявае адначасова гатаваць абед і паліць цыгарэты літаральна адну за адной: «Дзеці звычайна мараць быць бульдазерыстамі альбо танкістамі, а я неяк рана зразумеў, што мне падабаецца быць мастаком. Аднойчы ў дзяцінстве я трапіў на нейкае мерапрыемства і мне там паказалі мастака — «вось гэты дзядзька, ён мастак». І ён, дарослы чалавек, размаўляў са мной на роўных. Гэта яшчэ раз упэўніла мяне, што я хачу займацца мастацтвам. Пакуль мне пачалі купляць першыя альбомы, усе кнігі ў доме былі размаляваныя…»

Уладзімір Цэслер нарадзіўся ў Слуцку, там і хадзіў у мастацкую школу.
«Вядома ж, лепей было б у такім выпадку нарадзіцца ў Італіі, — усміхаецца Цэслер. — Мастацтва прыйшло адтуль — там спрыяльны клімат для літаратуры, філасофіі і мастацтва. Але ў ХХ стагоддзі італьянцам гэта надакучыла і мастацтва пачало культывавацца ў нашым рэгіёне. Аднойчы з польскім знаёмым мы гулялі па Варшаве і ўбачылі жылы дом — саўковы, з бітумнымі швамі, такое адчуванне, што рабіў яго будбат. І прыяцель пытаецца: «Як мяркуеш, у такім доме можа нарадзіцца нейкая гарманічная асоба?» Я тады сказаў, што чаму б і не — якая розніца, дзе ты нараджаешся, не ад гэтага ў табе сонца ўстае».
Адна з апошніх гучных працаў Цэслера — «Свята ў горадзе», яна стала галоўнай падзеяй вялікай выставы авангарднага мастацтва летась на «Гарызонце»: абсалютна пусты святочна аздоблены праспект Незалежнасці.

«Гэта было, а пятай раніцы, я ехаў у аэрапорт з сябрам і ўбачыў горад, упрыгожаны да свята, — кажа Цэслер. — Мы з фатографам дамовіліся на пятую гадзіну раніцы іншага дня. Прыехалі і адздымалі. Прычым зроблена «Свята ў горадзе» амаль без фоташопа. Я толькі пасля заўважыў, там насупраць цырка ляжаў п’яны — вось я яго і прыбраў. Выйшаў не Мінск, а Марс проста!»

Пра дарагі сэрцу Мінск Цэслер можа разважаць бясконца: «Адзіны будынак у Мінску, які пазнаюць, — гэта бібліятэка.
Яна ўваходзіць у спіс самых няўдалых праектаў, але гэты сімвал падпадае пад тую самую культуру. Я дагэтуль шкадую кінатэатр «Беларусь», якога болей няма, — гэта быў унікальны канструктывізм. І шкада фасада мінскага вакзала, ён быў яскравы — можна было ўпісаць яго ў навакольны хайтэк. Але мастакі ўсе бурчаць…» Мастак не абыходзіць увагай і новы лагатып беларускай сталіцы, распрацаваны брытанскай кампаніяй INSTID на замову Мінгарвыканкама: «Ці можна па гэтым лагатыпе сказаць, што гораду тысяча гадоў?»

Тым распрацоўшчыкам закідалі і падабенства мінскага знака і слогана да лонданскага. Цэслер таксама сутыкаўся ў сваёй творчасці з такімі з’явамі. «Нейкі іранскі мастак адправіў мой плакат на міжнародны конкурс і атрымаў за яго прэмію. Нічога не было зменена, толькі надпіс па-арабску з’явіўся. І што мне рабіць з гэтым чалавекам, наймаць юрыстаў? Ці вось з Самары ліст прыходзіў, што ў мяне «садралі» плакат. Ці я зрабіў Che Burask’у (Чабурашка ў духу Чэ Гевары), а мне маскоўскі мастак напісаў гнеўны ліст, маўляў, я перапрацаваў ягоную працу. Бываюць супадзенні — у мяне ж гэта цэлая серыя, Чэ-хаў, Чэ-каціла…»

У сучаснай Беларусі, кажа Цэслер, не ўсе разумеюць, што такое дызайн.
«Гэта не ўпрыгожванне, а хутчэй з’ява псіхалогіі і сацыялогіі, — кажа мастак. — Узнік ён у ЗША падчас Вялікай дэпрэсіі, калі трэба было прадаць нешта. Як прымусіць чалавека, у якога ёсць два прасы, купіць яшчэ і трэці? Трэба канцэпцыя, якая змяняе тваю свядомасць, — купіўшы такі прадмет, ты разумееш, што ўсё папярэдняе жыццё пражыў дарма. Задача дызайнера — раскласці твой унутраны свет па пунктах».

Здольнасць мастацтва змяняць асяроддзе і грамадскія настроі Цэслер прадэманстраваў у Тальяці ў Самарскай вобласці Расіі. Мастаку замовілі сорак вострасацыяльных білбордаў. «Мне прапанаваў зрабіць гэты праект цэнтр «Экаом», — кажа Цэслер. — Я стварыў серыю плакатаў, дзе словы кшталту «кра-дзеж» былі аформленыя накшталт англійскіх дзеясловаў у «-інгавай» форме. «Крадзінг», «кідалінг»… Гэта была акцыя супраць бруднага бізнэсу. Пасля гэтых плакатаў знялі губернатара».

Мастак не першы раз здзіўляецца такой рэакцыі на сваю творчасць. «Мне нядаўна расказалі, што ў Маскве існуе фан-клуб саколак, якія я ствараю, — кажа Цэслер. — Яны адсочваюць з’яўленне кожнай новай і адразу іх купляюць».

***

    Уладзімір Цэслер — самы вядомы беларускі дызайнер. Нарадзіўся ў 1951 у Слуцку. Пасля службы ў арміі пераехаў у Мінск, дзе закончыў факультэт дызайну Акадэміі мастацтваў. Першы плакат, выкананы ў суаўтарстве з Сяргеем Войчанкам, быў зроблены для піянерскага ансамбля ў 1979. Ягоныя працы прадстаўленыя ў музеях па ўсім свеце — ад Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі да Луўра.

***

    Да 2 сакавіка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) працуе выстава «Практыка рынкавага рэалізму» Уладзіміра Цэслера. На выставе — жывапіс, скульптура, арт-аб’екты і іншыя праявы яго крэатыўнасці.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?