СТАА «Белвест» мае намер патроіць вытворчасць абутку, а ў рэалізацыі прадукцыі «дайсці да Ціхага акіяна». Пра гэта паведаміў гендырэктар прадпрыемства Юрый Суманееў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай выпуску 40-мільённай пары абутку.

У чэрвені 2013 года «Белвесту» споўніцца 25 гадоў. Цяпер прадпрыемства выпускае 2 мільёны пар абутку штогод. Пры гэтым мадэльны шэраг складае 2 тысячы.

«Белвест» мае 40 фірмовых магазінаў у Беларусі, восем — у Латвіі, 286 — у Расіі. «Мы ўжо дайшлі да Байкала і хочам сёлета дайсці да Хабараўска і Ціхага акіяну. У кожным буйным расійскім горадзе ў нас павінен быць свой магазін. Уваходжанне Расіі ў СГА на продажах нашай прадукцыі не адбілася. І не думаем, што штосьці катастрафічнае адбудзецца надалей», — заявіў Суманееў. Перспектыўным рынкам збыту ён таксама лічыць Казахстан, у планах прадпрыемства — адкрыццё магазінаў у Літве.

Паводле слоў Суманеева, узровень экспарту прадпрыемства «перасягнуў 70%, пры гэтым у ім доля Расіі — каля 60–65%».

Аднак далёкае замежжа «Белвест» заваёўваць пакуль не мае намеру: «Мы не ставім задачу туды ісці, бо спажывецкія рынкі там ужо сфарміраваныя. Ісці туды — значыць канкурыраваць па цане, прымяняць новыя маркетынгавыя хады, закранаць пласты ў свядомасці пакупніка: чым канкрэтна мы лепшыя за іншых. А гэта затраты і часу, і грошай. Таму ў першую чаргу, мы робім упор на рынкі, якія яшчэ недастаткова насычаныя».

Галоўнымі задачамі прадпрыемства Суманееў назваў мадэрнізацыю і павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці: «У лістападзе на нарадзе па пытаннях развіцця гарбарнай і абутковай прамысловасці прэзідэнт паставіў задачу падвоіць аб’ёмы. А нашаму прадпрыемству, як перадавіку, — патроіць. Да 2015 года мы будзем гатовы ўвесці неабходныя магутнасці. А выпуск 6 мільёнаў пар у год будзе тэхналагічна магчымы да 2017 года. Цяпер мы пралічваем гэтую мэту. У якасці новай пляцоўкі разглядаем плошчы завода прыбораў аўтаматычнага кантролю ў Оршы, якія не выкарыстоўваюцца. Але каб зрабіць якасны абутак, трэба ж не толькі абсталяванне, патрабуюцца людзі. Наша вытворчасць — вельмі працаёмкая: кожная пара абутку праходзіць праз 200–250 пар рук. І поўнасцю аўтаматызаваць гэты працэс немагчыма. Таму для выканання грандыёзнай задачы трэба павялічыць і колькасць персаналу. Перадумовы для гэтага ёсць: заработная плата на нашым прадпрыемстве ў снежні склала 4 мільёны 400 тысяч рублёў. Але гэта павінны быць не проста людзі, а спецыялісты, навучаныя абутковай справе».

«Белвест» вядзе актыўныя перамовы з патэнцыяльнымі інвестарамі. «Хочам прыцягнуць тэхналагічныя, фінансавыя і кіраўніцкія інвестыцыі, каб сінхронна развівацца разам з усім светам. У мяне ў гасцях быў генеральны дырэктар інвестыцыйнага фонду „Зубр-капітал“ Алег Хусаенаў. Ён гатовы ўвайсці ў склад нашага прадпрыемства ў якасці партфельнага інвестара. Таксама мы разглядаем у якасці партнёраў шэраг заходніх буйных абутковых канцэрнаў, якіх могуць зацікавіць сумесныя праекты ў Беларусі», — паведаміў Суманееў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?