Сёння стала вядома, што ў аўтакатастрофе загінуў былы палітвязень Арцём Грыбкоў. Арцёму было 23 гады. Ён быў асуджаны на 4 гады зняволення за падзеі 19 снежня 2010 г. і выйшаў на волю 13 жніўня 2011 г., у выніку першае лукашэнкаўскае амністыі. Вядома, што пісаў вершы.

З маўчанак і тупату мала карысці

Усё помняць муры і маўклівыя вежы.
Агонь іх ня зьнішчыў, вада не стачыла.
Мяняліся ўлады, зьнішчаліся межы,
Хваробы з вайною тут побач хадзілі.

Ды часта з касою, зусім не у поле,
Адзінага сына пускала жанчына.
Дзе чыстае неба — там лепшая доля.
Праз кроў здабываліся праўда і воля,
Калі заклікала Айчына.

Народ мой гаротны, бядою кляймёны,
Уздобрыў палеткі сваёю крывёю.
У сэрцы навечна герояў імёны,
Хоць косьці даўно пад сырою зямлёю.

Ды часта блішчалі сьлязінкі расою,
Хавала матуля адзінага сына.
За сонца, што сьвеціць над галавою,
Ён быў для радзімы магутнай сьцяною,
Калі заклікала Айчына.

Прачніся ж цяпер, мой народ, як калісьці.
Ці чуеш ты, стогне як маці-зямліца?
З маўчанак і тупату мала карысьці.
Свабоду каб мець, трэба з ворагам біцца.

Разгорнем сьцягі, засланяючы неба.
Трасіся у ложку, як ты не мужчына.
Каб дзецям тваім быў і хлеб і да хлеба,
Яна мне сказала, што гэта ўсё трэба.
Ты чуеш, нас кліча Айчына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0