Папа Бенедыкт XVI абвясціў пра свой хуткі сыход у адстаўку. Адпаведную заяву Папа зрабіў лацінай падчас сустрэчы з кардыналамі ў Ватыкане.

Прадстаўнік Ватыкана пазней пацвердзіў гэтую інфармацыю.

Як паведамляе італьянскае навінавае агенцтва ANSA са спасылкай на прэс-сакратара Ватыкана, пантыфік пакіне сваю пасаду 28 лютага.

У канцы мінулага года Бенедыкт XVI пачаў карыстацца Twitter і з тых часоў адпраўляў свае пасланні на васьмі мовах. Там гэтай інфармацыі пакуль няма. Апошні раз Папа абвяшчаў аб сваёй добраахвотнай адстаўцы амаль 600 гадоў таму: у 1415 годзе ад сану адрокся Грыгорый XII.

Бенедыкт XVI (Ёзэф Ратцынгер) заняў Святы Пасад увесну 2005 года. Яму 85 гадоў, на Пасадзе ён правёў 7 гадоў.

Сам ён немец, з Баварыі. У гады вайны служыў у Вермахце, у зенітным батальёне.

З 1946 па 1951 Ратцынгер навучаўся тэалогіі і філасофіі ў Мюнхенскім універсітэце. 29 чэрвеня 1951 г. ён быў пасвячаны ў святары. У 1953 годзе абараніў дысертацыю па спадчыне блаславёнага Аўгустына.

У 1970 годзе Ратцынгер стаў адным з аўтараў мемарандуму дзевяці нямецкіх тэолагаў з патрабаваннем рэформаў у каталіцкай царквы, у якім, у прыватнасці, утрымлівалася прапанова аб адмене цэлібату — зароку бясшлюбнасці, аднак пазней ён змяніў свае погляды.

Пантыфікат Бенедыкта XVI адзначыўся масавымі акцыямі пратэсту мусульман супраць яго пасля яго прамовы ва ўніверсітэце Рэгенсбурга
ў верасні 2006 года, у якой папа працытаваў словы візантыйскага імператара Мануіла II: «Пакажыце мне, што новага прынёс Мухамед, і вы знойдзеце злое і бесчалавечнае, напрыклад, загады мячом несці веру, якую ён прапаведаваў».
«Гэта гром сярод яснага неба».
Так зрэагаваў на навіну пра адстаўку дэкан калегіі кардыналаў Анджэла Садана.
Выбары новага папы пройдуць пры зачыненых дзвярах у сакавіку.
У выбарах бяруць удзел усе маладзейшыя кардыналы. За будучага папу павінны прагаласаваць дзве траціны канклава плюс адзін кардынал. Калі новы пантыфік абраны, пра гэта апавяшчаюць белым дымам з коміна Сікстынскай капэлы. Калі ніводзін з прэтэндэнтаў на Пасад не набярэ патрэбнага мінімуму галасоў, з коміна ідзе чорны дым. Гэты дым атрымліваецца ў выніку спальвання бюлетэняў галасавання, да якіх дадаюць фарбавальнік патрэбнага колеру.

Папа патлумачыў сваё рашэнне адмовіцца ад Пасаду тым, што яму неставала сілаў для пасады. Пішуць, што папа сказаў кардыналам, што «пасля доўгага роздуму ён зразумеў, што павінен пакінуць Пасад, бо ў яго больш няма сілы трымаць яго на плячах».

«Дарагія браты, я паклікаў вас на гэтую кансысторыю не толькі для таго, каб абвясціць аб трох кананізацыях, але таксама для таго, каб паведаміць вам аб рашэнні вялікай важнасці для Касцёла.

Пасля таго як я шмат разоў думаў аб адказнасці перад Богам, я напоўніўся упэўненасцю, што мае сілы, улічваючы мае гады, больш не могуць дазволіць мне верна несці сваё служэнне», — цытуе італьянская прэса выступ Папы перад кардыналамі.

«Добра вядома, што гэтая пасада, фундаментам якой з'яўляецца духоўнасць, вымагае не толькі словаў і справаў, але і пакут, і малітваў», — сказаў пантыфік.

«Дарагія браты, я дзякую вам ад усяго сэрца за тую любоў і шчырую працу, з якімі вы неслі разам са мной наша служэнне, я прашу прабачэння за ўсе свае недасканаласці», — сказаў на заканчэнне Бенедыкт XVI «спакойным, але стомленым голасам», адзначае выданне.

* * *

Пётра Рудкоўскі: Папа Бенедыкт — мысляр, улада яго абцяжарвала. Шантаж выключаны

Пра сыход Папы са Святога пасады мы гутарым з тэолагам Пётрам Рудкоўскім.

— Пакуль невядома, што стала прычынай такога рашэння.

Што ён разглядаў такую магчымасць, стала ясна, калі ён наведаў для малітвы магілу папы Цэлестына V
[сялянскі сын, ХІІІ ст., абраны папам, калі яму было 80 гадоў — НН] — аднаго з нешматлікіх папаў, якія абдыкавалі [г.зн. адракліся пасады — НН].
Ёзаф Ратцынгер у значнай ступені навуковец, настаўнік, які служыў Касцёлу і чалавецтву сваёй інтэлектуальнай рэфлексіяй. Функцыя пантыфіка — кіраўнічая, функцыя кіраўніка супольнасці — цяжка яму давалася.

— Як вы думаеце, ці паўплывалі на гэтае рашэнне тыя скандалы, якія адбываліся ў Касцёле за апошні час, ці можа быць нешта схаванае за гэтай адстаўкай?

— Выключана, што ён дзейнічаў пад уплывам ціску, шантажу. Тыя скандалы і медыйны розгалас вакол іх — як наконт ксяндзоў-педафілаў, так і фінансавыя справы, продаж папскіх дакументаў ягоным дварэцкім — маглі мець псіхалагічны ўплыў на папу, выклікаць дыскамфорт. Па складзе характару Бенедыкт XVI цяжка пераносіў такое.

— Ён не прагнуў улады…

— Так, ён добра рэалізаваўся ў якасці інтэлектуала, багаслова, а функцыя пантыфіка ў цяжкі перыяд…

— Перыяды не бываюць лёгкімі. Вазьміце перыяд Яна Паўла ІІ — замах на жыццё, пагрозы атамнай вайны, камунізм, халодная вайна, айчына пад акупацыяй…

— Так, Ян Павал ІІ добра ўпісаўся ў свой час.

Гэта пытанне асабістых якасцяў. Мусіць быць пакліканне як дзяржаўнага чалавека.

— Ян Павал ІІ заставаўся на пасадзе да скону, і ягоная нямогласць выклікала спачуванне. Ён сабою нагадваў нам пра патрэбу шанавання, дапамогі старым, нямоглым, пра абмежаванні людскія. Большасць папаў заставаліся на пасадзе да скону, мала хто сыходзіў раней пад уплывам хваробы ці абставінаў? Папа Бенедыкт выбраў іншую дарогу. Як вы думаеце, такі ягоны выбар паўплывае на наступнікаў? Яны будуць схільны не заставацца на пасадзе пажыццёва? Раней манархі таксама звычайна трымаліся на пасадзе да скону, цяпер кіраўнікі дзяржаваў звычайна сканчаюць свае дзяржаўныя абавязкі, калі адчуваюць нямогласць.

— Такая сугестыя мае немалое зерне рацыянальнасці.

На працягу стагоддзяў не было традыцыі, каб папы абдыкавалі. Сёлетні прэцэдэнт можа паўплываць на наступных пантыфікаў.
Зрэшты, у такім падыходзе няма нічога звышнатуральнага. Біскупам касцёл нават рэкамендуе сыходзіць на спакой у 75 гадоў.
Папу Бенедыкта ўвогуле характарызавалі такія якасці як пакора і хрысціянскі рэалізм.
Бенедыкт стаў папам пасля вельмі папулярнага і медыйнага Яна Паўла ІІ і ён рэалістычна ацэньваў сваю сітуацыю. Гэта выявілася ў першай жа ягонай прамове. Ён стараўся зрабіць што мог у душпастырстве.

— Хто можа стаць новым папам?

— Павялічваецца імавернасць, што ім можа стаць нееўрапеец. Можа быць, лацінаамерыканец ці нават біскуп з Афрыкі ці Азіі.

— Папа Бенедыкт сустракаўся з кіраўніком Беларусі. У той жа час дагэтуль не падпісаны такі чаканы канкардат. Вы прадбачыце нейкія змены ў адносінах Ватыкана і Беларусі зараз?

— Думаецца, сутнасных зменаў не будзе. Ролю ў адносінах іграюць мясцовая касцельная іерархія і апостальскі нунцый. Ад іх чэрпае сваю інфармацыю Ватыкан.

— Вы думаеце, Ёзэф Ратцынгер пасля адстаўкі сыдзе ў кляштар? Ці можа так стацца, што менавіта пасля адстаўкі папа Бенедыкт будзе адыгрываць большую ролю як дыпламат і, скажам, міратворца? Прыгадваецца, што папа Бенедыкт апекаваўся ў тым ліку беларускімі палітвязнямі, ягоны нунцый наведаў іх у турмах — раней такога не бывала.

— Дыпламатыя не была моцным бокам гэтага папы. Думаю, хутчэй, ён яшчэ праявіць сябе ў якасці мысляра.

— У памяці беларусаў ён застанецца як папа, які сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і паціснуў руку Колю.

— Мы, хрысціяне, адрозніваем асобу чалавека і ягоныя ўчынкі. Асоба заслугоўвае павагі незалежна ад учынкаў. Папа Ян Павал ІІ таксама ціснуў руку ў тым ліку Фідэлю —

ён ціснуў руку асобе, а не дыктатару.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?