Вось так выглядае абед студэнта.

Вось так выглядае абед студэнта.

Чарга, каб заплаціць за абед.

Чарга, каб заплаціць за абед.

Гэта ў нас суп.

Гэта ў нас суп.

Гэта чарга.

Гэта чарга.

Гэта, увогуле, рыс такі.

Гэта, увогуле, рыс такі.

Гародніна на выбар.

Гародніна на выбар.

А па піва прыходзьце заўтра!

А па піва прыходзьце заўтра!

На тэрыторыі кампуса на мільён квадратных метраў у атачэнні натуральных саляных азёраў апроч мадэрнавых навучальных будынкаў знаходзяцца шматлікія спартовыя аб’екты, бібліятэка, пральня, пошта, банк і нават дзіцячы садок. Каб хапіла энергіі на даследаванне ўсіх цудаў “горада ў горадзе”, трэба шмат і часта падсілкоўвацца, што зусім не праблема: тут 20 кавярняў і 4 сталоўкі.

Кавярні звычайна адчыняюцца а дзявятай, калі пачынаецца першая пара. Звычайны сняданак складаецца з сандвічаў з вяндлінай/маслам/джэмам і кавы ці какавы з малаком. Вельмі распаўсюджаныя бутэрброды з рыбай, што лагічна: Партугалія – краіна на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна, рыба тут ужываецца ў любым выглядзе і ў вялізнай колькасці. За сняданак давядзецца заплаціць 1,5–2 еўра.

Я не вялікі аматар такіх несур’ёзных перакусаў, дый прачынаюся звычайна пазней, таму ў асноўным хаджу ў адну з чатырох сталовак. Адчыненая яна з 12 да 14 гадзін (дзве гадзіны ланчу ў Партугаліі – святое правіла) і з 19 да 21 падчас вячэры. У суворыя часы сесіі адміністрацыя ідзе насустрач студэнтам, і сталоўка адчыненая з ранку да вечара.

Галоўны і, бадай, адзіны недахоп у арганізацыі харчавання -- разлік перадусім праз аўтамат. Усё б нічога - аўтаматызацыя, тэхнічны прагрэс, адсутнасць вялізных чэргаў і штурхатні, непаразуменняў у выдачы рэшты... Але на момант напісання гэтага артыкула дзейны аўтамат быў усяго адзін, так што хуценька ўзяць квіток і пайсці есці не атрымаецца, будзь цярплівы і стой у чарзе. Ці ідзі на хітрыкі, што й робяць звычайна студэнты: прыходзяць загадзя да аўтамата, пакуль народ яшчэ спіць, і спакойна бяруць квіткі на ланч для сябе і сваіх сяброў. Варта адзначыць, што стаянне ў чарзе ўспрымаецца як належнае, аніхто не нервуецца, не глядзіць у роспачы на гадзіннік, народ шумна гамоніць і абменьваецца навінамі.

Стандартны абед для студэнтаў ва Універсітэце Авэйру каштуе 2,45 еўра. Калі хочаш экстра-страву, даплачвай еўра. Для выкладчыкаў і персаналу цана 4,25, а для “левых” наведнікаў – 5 еўра.
Варта падрыхтаваць неабходную суму ў 2,45, бо часам аўтамат не выдае рэшты. Увогуле шмат што залежыць ад яго настрою. Аднойчы я засунуў у лот 5 еўра, замовіўшы два квіткі, дык машына бессаромна зжэрла купюру і нічога не дала ўзамен. Бывае й такое.

Падымаемся па лесвіцы наверх, і вось мы ля звычайнай стужкі, дзе кожнаму па чарзе накладаюць ежу ці па асабістым жаданні, ці тое, што засталося (залежыць ад таго, у які час да закрыцця ты прыйшоў).

Самае нясмачнае з таго, што прапаноўваецца, – суп.
За паўгода знаходжання тут я каштаваў супы толькі двух тыпаў: альбо з цёртай бульбы разам з макаронамі, альбо з той самай цёртай бульбы і нейкімі водарасцямі. Суп нават не нясмачны, ён проста ніякі. Але дзеля адчування гарачага і вадкага ўнутры й на гэтым дзякуй.

У астатнім да меню нараканняў няма.

На “другую страву” гатуюцца вялікія порцыі бульбы/макароны/рысу з вялікай колькасцю мяса ці рыбы. Досыць часта можна натрапіць на экзатычныя ці нетыповыя стравы, напрыклад, на васьмінога ці на мясцовыя чабурэкі ў паніровачным цесце. Велізарны плюс -- натуральнасць прыгатаванай ежы. Аніякага фаст-фуду вы тут не ўбачыце.
Усё прыгатавана згодна з парадамі дактароў-гастраэнтэролагаў, але пры гэтым усё вельмі смачнае. Мяса без пражылак, з мінімальнай колькасцю тлушчу. Рыба пратушаная да мяккага стану, што праўда, не ачышчаная ад костак. Але гэта ўжо прыдзіркі.
Таксама ў цану 2,45 еўра ўваходзіць садавіна: на выбар грушы, яблыкі, апельсіны, слівы, бананы, часам бываюць кавуны й дыні – а таксама дэсерт, салодкі рысавы пудынг з карамеллю альбо ёгурт.

На жаль -- як спачатку здаецца, – запіць усе смачнасці можна толькі звычайнай вадой, якую наліваюць са спецыяльных машын тут жа, у зале. Але пасля ланчу ўсе звычайна ідуць у найбліжэйшую кавярню “на каву”. Усё вельмі няспешна, спакойна і нават крыху ўрачыста. Для партугальцаў ежа -- гэта не столькі неабходнасць, колькі традыцыя і адпачынак.

* * *

Беларусы-студэнты, апішыце і Вы ўніверсітэты і краіны, дзе вучыцеся. Апісвайце ўсё, што карысна пераняць, што разумна наладжана. Апісвайце і неразумныя ўстанаўленні, каб нам у Беларусі такога памылкова не ўводзіць. Гэта і цікава, і важна ведаць нам унутры Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?