Беларускія дактары правялі другую ў свеце аперацыю сублабарнай аўтатрансплантацыі лёгкага
Унікальную аперацыю па сублабарнай аўтатрансплантацыі лёгкага выканалі ў аддзяленні таракальнай хірургіі і трансплантацыі лёгкіх Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак.
Пра гэта паведаміў загадчык аддзялення Сяргей Яськоў.
«Аперацыя ўнікальная, яна другая ў свеце. Пра першае такое хірургічнае ўмяшанне ў сакавіку 2012 года паведамілі японскія хірургі», — сказаў Сяргей Яськоў.
Першую ў Беларусі сублабарную аўтатрансплантацыю лёгкага выканалі 58-гадоваму мужчыну 1 лютага. «Мы сутыкнуліся з нестандартнай сітуацыяй. У пацыента была пухліна левага верхнядолевага бронха з пераходам на пачатковыя аддзелы ніжнедолевага. У такіх выпадках выконваецца пнеўманэктамія — выдаленне ўсяго лёгкага. Але ў нашага пацыента было ўтварэнне яшчэ і ў правым лёгкім. Гэтая сітуацыя запатрабавала ад нас выканання органазахавальнай аперацыі на левым лёгкім. Лёгкае дасталі, яго хворая верхняя доля і шосты сегмент ніжняй долі былі выдаленыя, пасля чаго тое, што засталося ад ніжняй долі — базальныя сегменты, — было імплантавана ў плеўральную поласць», — расказаў Сяргей Яськоў.
Аперацыя доўжылася каля шасці гадзін. Яе праводзіла брыгада з дзевяці супрацоўнікаў цэнтра. Самаадчуванне праапераванага мужчыны здавальняючае. «Ён ужо гуляе па аддзяленні, мае зносіны з іншымі пацыентамі», — адзначыў спецыяліст.
Першае ў рэспубліцы аддзяленне таракальнай хірургіі і трансплантацыі лёгкіх адкрылася ў 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска ў лістападзе 2012 года. Яно разлічанае на 20 месцаў, і ў яго задачы ўваходзіць асваенне новых тэхналогій, падрыхтоўка да стварэння інсталяцыі ў краіне праграмы трансплантацыі лёгкага, выкананне аперацый па трансплантацыі гэтага органа. Плануецца, што першую перасадку лёгкага тут выканаюць у другім паўгоддзі 2013 года. Сёння ж у аддзяленне шпіталізуюць пацыентаў для пастаноўкі пасля спецыяльных абследаванняў у ліст чакання донарскага органа. Штогод у трансплантацыі лёгкіх у рэспубліцы маюць патрэбу каля 50 чалавек.
«Нягледзячы на тое, што аддзяленне існуе ўсяго тры месяцы, мы можам выконваць тут любыя органазахавальныя аперацыі, якія патрабуюць прымянення трансплантацыйных тэхналогій», — падкрэсліў Сяргей Яськоў.
Па колькасці трансплантацый органаў Беларусь займае першае месца сярод краін СНД.
У 2012 годзе тут выканана 274 аперацыі па перасадцы органаў. У цяперашні час у краіне робіцца 29 трансплантацый на 1 млн насельніцтва. Для параўнання: у Расіі — 9,1, ва Украіне — 2,2.
БелТА
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ