Эдуард Загарульскі з першакурснікамі гістфака БДУ. На заднім плане - тая самая «стайня». 1958 г. Фота з архіву Э. Загарульскага.

Эдуард Загарульскі з першакурснікамі гістфака БДУ. На заднім плане - тая самая «стайня». 1958 г. Фота з архіву Э. Загарульскага.

1958 г. Мінск. ХІ ст. Фота з архіву Э. Загарульскага.

1958 г. Мінск. ХІ ст. Фота з архіву Э. Загарульскага.

Макет аднаўлення Мінскага замчышча.

Макет аднаўлення Мінскага замчышча.

Музей «Бярэсце», bielarus.by.

Музей «Бярэсце», bielarus.by.

Рэканструкцыя старажытнага лужыцкага гарадзішча ў Нямеччыне.

Рэканструкцыя старажытнага лужыцкага гарадзішча ў Нямеччыне.

Упершыню я ўбачыў гэта месца на малюнку, што выменяў у палоннага немца за кавалак хлеба і дзве цыбуліны.
Добра памятаю, як ён сам паклікаў мяне пальцам, выцягнуў з-пад зашмальцаванага шынялю той малюнак і паклацаў счарнелымі зубамі, паказваючы, што хоча есці…

На фанерцы, мо ад нейкай скрыні, былі намаляваны працяглы ўзгорак, пад ім рака, схаваная пад ільдом, драўляны мост, дрэвы, што нахіліліся над ракой, жаночая фігурка з карамыслам і двума вядзерцамі… І многа, вельмі многа снегу…

Я пазнаў гэта месца ў верасні 1958, калі са здзіўленнем і хваляваннем углядаўся ў ХI стагоддзе — на драўляныя мінскія маставыя, падмурак царквы, рэшткі жылля…

У тое стагоддзе нас, студэнтаў першага курса гістфака, прывёў Эдуард Міхайлавіч Загарульскі, які толькі распачаў раскопкі старажытнага Мінска. Малады, натхнёны… Мы з зайздрасцю глядзелі на яго, ўладальніка нейкіх спрадвечных таямніц Часу, яшчэ не разумеючы, што археалогія — гэта не толькі раскрыццё хвалюючых таямніц, але і спалучэнне дакладных ведаў з цяжкай, вельмі цяжкай фізічнай працай…

Першай маёй знаходкай быў жалезны шруб, што раптам бліснуў з-пад гною ўперамешку з глебай і нейкім зернем. Загарульскі пакруціў яго ў руках, сунуў у карман і незадаволена прабурчэў: «Забаўляюцца хлопцы, рабіць нечага. Унь, бачыце?» Я ўзняў вочы. На рыштаваннях будоўлі, што навісла на самым раскопам, парасселіся, бы нейкія пеўні на седалы, будаўнікі і, рагочучы, час ад часу кідалі ў ХI стагоддзе здабыткі ХХ-га: цвікі, шрубы, гузікі…

Днямі я патэлефанаваў Загарульскаму і спытаў, што ён чуў пра існуючы праект аднаўлення Мінскага замчышча. Адказ здзівіў мяне: амаль нічога.
«Як нічога?! — усклікнуў я. — Што, да вас, самага грунтоўнага даследчыка Замчышча, ніхто не звяртаўся?!" Прыйшлося падрабязна расказаць пра тое, як са слоў аўтара праекта архітэктара Сяргея Багласава будзе выглядаць так званы «нацыянальны гісторыка-археалагічны цэнтр «Замчышча». Праект існуе ўжо трэці год, вакол яго вядуцца нейкія няўцямныя спрэчкі. Але ўжо ў 2014, калі верыць Багласаву, на месцы таго самага, падобнага на стайню, збудавання і навокал пачнецца вяртанне сучаснаму Мінску яго старажытнага пачатку…
Загарульскі ўважліва выслухаў, а потым сказаў: «Забаўляюцца хлопцы… Ніякага замчышча там ужо няма…»
— «Адбудуюць…» — «Як гэта — адбудуюць?» — «Ну, там многа чаго прадугледжана: галерэі, амфітэатр, нават вуліцы, дамы, уязная брама, абарончыя валы, лазеры-шмазеры для нейкага гістарычнага шоу… Нават частку таго, што вы калісьці раскапалі, зноў адрыюць — і падмурак першай царквы, і драўляныя вуліцы…» — «Падмурак, магчыма, і захаваўся…» — з нейкай скрухай вымавіў Загарульскі.

Я разумею яго. Старажытны Мінск — ягоны пажыццёвы боль, які ўвабраў у сябе і лепшыя гады жыцця, і адчайныя навуковыя спрэчкі, і кнігу «Возникновение Минска», і шкадаванне аб тым, як са згоды акадэмічных калег руйнавалася — ажно да сучаснага магазіна «Алеся» — пад лязом бульдозераў, каўшамі экскаватараў тое, што пакінулі гораду бязлітасныя стагоддзі.

Але людзі яшчэ больш бязлітасныя — і тыя, што руйнавалі, і тыя, што наважыліся эксгумаваць сцішаны боль.

Чаму ж тых, хто выказвае супраціў усялякаму навабуду ў гістарычным цэнтры Мінска, называюць «плакальшчыкамі», лічаць нейкімі дурнымі істотамі, якія толькі перашкаджаюць гораду стацца, так бы мовіць, еўрапейскім, цікавым для замежнікаў і турыстаў? Адна журналістка так і абазвала падобны супраціў «дурасцю страху».

Але сапраўдная дурасць, калі не дзікунства, узнаўляць гістарычную спадчыну дзеля замежнікаў і турыстаў.
Замежнікам і турыстам насамрэч цікава тое, як захоўваецца ці рэстаўруецца гістарычная спадчына для гараджан. Рэстаўруецца, а не будуецца нанова пад выглядам так званай «рэканструкцыі». І ўводзіць у зман фальшывым рэнесансам ці то Нямігі, ці то Траецкага прадмесця, ці то Верхняга горада… Ці то Замчышча, калі тое адбудзецца насамрэч.
Сапраўдная дурасць, калі не дзікунства, адрываць гістарычную памяць ад гістарычнай праўды.

А дзе яна, тая праўда? На дошцы, што вісіць на сцяне таго спартовага збудавання, з рыштаванняў каторага кідалася смецце ў ХІ стагоддзе: «На гэтым месцы… размяшчалася Мінскае замчышча — помнік археалогіі ХІ-ХVI ст. Знаходзіцца пад аховай дзяржавы».

Такі вось помнік месцу, які знаходзіцца «пад аховай». Дык калі месца пад аховай, чаму дзяржава мусіць даваць згоду на праекты, якія да «помніка археалогіі» не маюць аніякага дачынення?

У свой час, пра што дбалі і Загарульскі, і іншыя гісторыкі, увогуле мінская інтэлігенцыя, яшчэ магчыма было стварыць на Замчышчы так званы «музей пад адкрытым небам» накшталт таго, што трохі пазней быў створаны на месце старажытнага Бярэсця.
Пад кіраўніцтвам тагачаснага рэктара Мінскага тэхналагічнага інстытута У. Віхрова ўжо распрацоўвалася тэхналогія доўгатэрміновай кансервацыі дрэва. Але ж — во дзіва! — нават грошы на археалагічныя даследванні Загарульскага з’явіліся ў межах праекта, які прадугледжваў на тэрыторыі Замчышча збудаванне не толькі згаданага Дома спорту «Працоўных рэзэрваў», але і суцэльнага спартовага гарадка з адпаведнымі пляцоўкамі і памяшканнямі. І тое доўжыцца дасюль: грошы на археалагічныя даследванні выдаткоўваюцца ў асноўным ў сувязі з новым будаўніцтвам — ці то метро, ці то паркінг, ці то былая Паркавая магістраль… Па сутнасці, астаткавы прынцып, у выніку каторага на доўгую, так бы мовіць, памяць застаюцца збудаванні кшталту стайняў, а гістарычная спадчына назаўсёды знікае пад зямлёй…
Загарульскі лічыць, што на былым мінскім Замчышчы магчыма правесці сапраўдную рэканструкцыю хаця б часткі таго драўлянага горада, які тут быў, але строга па навуковых планах і з выкарыстаннем вопыта па кансервацыі «Бярэсця».
І стварыць, хай сабе з новага дрэва, але рэальны музей старажытнага Мінска. «Усе планы захаваліся, нават надрукаваны — гаворыць ён. І сцвярджае, — пад зямлёй нічога няма, дрэва, глытнуўшы падчас раскопак паветра, спарахнела…»

Што ж, каму шалёныя грошы, а каму сціплая, але ж праўда.

Праўда, якая без гісторыі пра тое, як знішчалася Замчышча, будзе няпоўнай.

Яно вельмі балюча — губляць гістарычную памяць.

Але, калі ўжо так здарылася, я за тое, каб памяццю стаўся і сам боль.

* * *

Малюнак таго палоннага немца, дарэчы, таксама згубіўся. Але гэта ўжо мая прыватная памяць, мой прыватны боль…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?