Прадстаўнікі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі не будуць удзельнічаць у выбарах новага пантыфіка пасля маючай адбыцца 28 лютага адстаўкі цяперашняга Папы Бенедыкта XVI.
Аб гэтым паведаміў дырэктар інтэрнэт-партала беларускага касцёла catholic.by ксёндз Юрый Марціновіч.
Паводле яго слоў, Беларусь не можа ўдзельнічаць у канклаве — сходзе кардыналаў, які склікаецца пасля смерці або сыходу ў адстаўку пантыфіка для абрання новага кіраўніка святога прастола, паколькі ў краіне цяпер няма адказнага кардынала.
Ксёндз Юрый адзначыў, што адзіным беларускім кардыналам сучаснасці быў першы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Казімір Свёнтак, якога не стала ў ліпені 2011 года.

«Верагодна, што біскупская дэлегацыя з Беларусі будзе ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях з нагоды ўваходжання на пасаду новага Папы», — паведаміў дырэктар партала.

Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі, атрымаўшы звесткі аб сыходзе Бенедыкта XVI з пасады пантыфіка, накіравала 12 лютага ў Ватыкан ліст удзячнасці. Так, старшыня канферэнцыі гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч ад імя гэтай біскупскай рады выказаў глыбокую падзяку папе за прысвячэнне жыцця «Хрыстоваму касцёлу і за пастаянны бацькоўскі клопат пра каталіцкі касцёл у Беларусі».

Беларускія каталіцкія біскупы ад імя духавенства і народа выказалі пантыфіку сваё разуменне і салідарнасць, а таксама пажадалі яму моцнага здароўя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?