З увядзеннем 1 лютага ў Беларусі дыферэнцыраванай аплаты за электраэнергію большасць мінчан (70–80%) будуць па-ранейшаум плаціць за яе па льготных тарыфах, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па збыце энергіі РУП «Мінскэнерга» Юрый Мішук на прэс-канферэнцыі ў Мінску 13 лютага. Паводле яго слоў, такую выснову можна знабіць на аснове аналізу, праведзенага спецыялістамі «Мінскэнерга».

«Льготная цана на электраэнергію лімітавана па аб’ёмах, а большасць насельніцтва не перавышае мінімальных аб’ёмаў яе спажывання», — адзначыў спецыяліст.

Так, згодна з пастановай урада, для грамадзян, якія жывуць у дамах, абсталяваных электрычнымі плітамі, ільготныя тарыфы захоўваюцца пры штомесячным спажыванні да 250 кВт•гадз і складуць 324,9 руб. за кВт•гадз. Пры спажыванні ад 250 да 400 кВт•гадз — 422,4 за кВт•гадз. Калі спажыванне электраэнергіі перавышае 400 кВт•гадз у месяц, аплата будзе ажыццяўляцца па тарыфах, якія забяспечваюць поўнае кампенсаванне эканамічна абгрунтаваных затрат — 841,7 руб. за кВт•гадз.

Для тых, чые дамы не абсталяваныя электрычнымі плітамі, прадугледжана аналагічная сістэма аплаты электраэнергіі. Так, пры штомесячным спажыванні да 150 кВт•гадз — 382,4 за кВт•гадз, ад 150 да 300 кВт•гадз уключна — 497,1 руб. за кВт•гадз, звыш 300 кВт•гадз — 841,7 руб. за кВт•гадз.

Для грамадзян, дамы якіх не абсталяваныя электраплітамі і сістэмамі цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння і забеспячэння прыродным газам, пры спажыванні да 300 кВт•гадз уключна прадугледжана аплата па ўстаноўленых тарыфах (382,4 руб. за кВт•гадз), звыш 300 кВт•гадз — 497,1 руб. за кВт•гадз.

Такім чынам, «для гэтай катэгорыі грамадзян наогул не прадугледжаны тарыф, які поўнасцю кампенсуе затраты на электраэнергію». Мішук адзначыў, што пастанова не распаўсюджваецца на некаторыя катэгорыі грамадзян.

Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара па збыце энергіі РУП «Мінскэнерга», увядзенне дыферэнцыраванай сістэмы было выклікана эканамічнай мэтазгоднасцю.

«У Беларусі, — сказаў ён, — электраэнергія для насельніцтва таннейшая, чым ва ўсіх суседніх краінах. Скрыжаванае субсідзіраванне, пры якім прадпрыемствы кампенсуюць затраты, якія недаплаціла насельніцтва, толькі з першага погляду здаецца камфортным для насельніцтва. Аднак у выніку ўсё-такі насельніцтва аплачвае электраэнергію іншымі спосабамі — напрыклад, у магазінах пры аплаце па больш высокай цане тавараў».
Разам з тым з ростам тарыфаў і ўвядзеннем дыферэнцыраванай аплаты для насельніцтва тарыфы для прадпрыемстваў не змяняюцца, хоць «Мінскэнерга» да гэтага імкнецца».
Згодна з праграмай урада, сказаў Мішук, да 2016 года насельніцтва будзе плаціць за электраэнергію па сабекошце, што разам «з увядзеннем у эксплуатацыю атамнай станцыі і іншымі мерапрыемствамі дазволіць, прынамсі, не павышаць тарыфы для прамысловасці, а ў канчатковым выніку і знізіць».

Спецыяліст адзначыў, што на працягу многіх гадоў энергазабеспячальныя арганізацыі працуюць са стратамі. Нават павышэнне тарыфаў з 1 лютага для насельніцтва не кампенсуе затрат. З улікам павышэння тарыфаў і ўвядзення дыферэнцыраванай аплаты кошт электраэнергіі для насельніцтва складзе каля 4 цэнтаў, а сабекошт — каля 10. Між тым «аднамомантна павысіць памер аплаты да сабекошце будзе няправільна», заявіў Мішук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?