На працэсе над кіроўцам «Поршэ Каена», які 13 лістапада ля школы № 23 у Мінску збіў на смерць трэцякласніка Улада Грудзьева, пачаліся спрэчкі бакоў.

Выступіла пракурор Ірына Лапцэвіч. Падчас свайго выступу яна нагадала суду, што Андрэй Забабура сваю віну не прызнаў. Коратка апісала абставіны трагічнага здарэння, якія раней агучваліся на працэсе. Нагадала таксама пра некаторыя разыходжанні ў паказаннях абвінавачанага, дадзеных падчас следства і агучаных на паседжаннях суда.

Акцэнтавала ўвагу на тым, што абвінавачаны не дэманструе раскаяння.

На думку дзяржаўнага абвінаваўцы, усё гэта, а таксама матэрыялы следства, сведчаць аб вінаватасці Забабуры.

Пракурор просіць суд пакараць абвінавачанага пазбаўленнем волі на 4 гады калоніі-пасялення.

Калонія-пасяленне — гэта не «хімія», а самая мяккая форма «зоны». Хімія — гэта абмежаванне волі.

* * *

Пацярпелыя выступаць у судзе адмовіліся, перадаўшы права выказаць іх пазіцыю адвакату Ксеніі Кобасе.
Яна адзначыла, што разгляд справы насамрэч суправаджала шмат эмоцый. Адвакат таксама акцэнтавала ўвагу на відавочнасці віны абвінавачанага.

«Знак аб забароне руху там быў, абвінавачаны пагаджаўся з тым, што бачыў яго», — гаворыць адвакат. Яна просіць суд пры вынясенні выраку не прымаць да ўвагі экспертызу, праведзеную адвакатам абвінавачанага. Матывуе гэта зацікаўленасцю эксперта, прыцягнутага ім.

«Пасля гэтага выпадку большасць жанчын, якія выпраўляюць сваіх дзяцей у школы, не ўпэўненыя, што ўбачаць іх зноў», — гаворыць адвакат.

Яна просіць суд пры вынясенні рашэння кіравацца законам. Форму пакарання пацярпелыя пакінулі на выбар суда.

* * *

Адвакат Забабуры Ігар Папкоўскі пачаў прамову з таго, што абвінавачаны мае дваіх малых дзяцей, што ён шмат дапамагае дзецям па сваёй працы.

«Усе сведкі чулі страшны крык кіроўцы. Гэта сведчыць аб моцных перажываннях, ім перажытых…
Ён быў вымушаны звярнуцца да псіхолага пасля трагедыі. Не мог працаваць… Мой падабаронны пералічыў вялікія сродкі ў якасці кампенсацыі. Нехта можа сказаць, што паспрабаваў адкупіцца. Але гэта не так. Проста не існуе іншай формы капенсацыі…», — гаворыць адвакат Забабуры.

На думку адваката абвінавачанага, пасля трагедыі не былі зробленыя неабходныя высновы. Сітуацыя каля школ не палепшала. Ён таксама паведаміў пра ўскосную віну супрацоўнікаў школы № 23, якія, на думку адваката Забабуры, не сачылі належным чынам за бяспекай дзяцей у той вечар.

Абаронца нагадаў, што Забабура не перавысіў хуткасць (паводле афіцыйнай экспертызы, хуткасць аўтамабіля складала 18 кіламетраў у гадзіну пры дазволеных 20).

«Мы бачым выпадак, калі няма ні віны дзіцяці, бо гэта дзіця, ні віны кіроўцы…

Забабура лічыў, што дзеянне знака аб забароне на рух не датычыць яго. Ён прывёз свайго сына да школы», — кажа адвакат.

Ён таксама паўтарыў свае сумневы адносна дакладнасці экспертызы, праведзенай следствам. Крытычна выказаўся аб яе выніках. Нават назваў іх «галаслоўнымі».

Адвакат просіць апраўдаць Забабуру. Гаворыць, што калі суд палічыць вінаватым яго падабароннага, то тады варта ўлічыць асобу Забабуры.

Тое, што ў яго двое дзяцей. Нагадвае, што Андрэй Забабура добры сем’янін, даў працу 50 чалавекам. І яго нельга пакараць такім жа чынам, «як нейкага п’яніцу».

Адвакат таксама заявіў, што Забабуру трэба пакінуць правы кіроўцы, бо «ад гэтага залежыць яго праца».

Прысуд будзе абвешчаны 15 лютага а 15-й гадзіне.

* * *

Забабура выступіў з апошнім словам. Ён сказаў, што прызнае толькі сваю маральную віну ў тым, што здарылася. Папрасіў у маці хлопчыка, у яго родных, прабачэння. Ён заявіў, што будзе аказваць ім усю магчымую дапамогу, незалежна ад рашэння суда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?