Да 1 сакавіка беларускія прадпрыемствы павінны распрацаваць праграмы комплекснай мадэрнізацыі на 2013–2015 гады. Гэта вынікае з пастановы Савета міністраў № 102 ад 12 лютага, паведамляе прэс-служба ўрада.

Праграмы комплекснай мадэрнізацыі павінны распрацаваць: рэспубліканскія і камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы; гаспадарчыя таварыствы, акцыі ў статутных фондах якіх належаць Рэспубліцы Беларусь і (ці) адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам; камерцыйныя арганізацыі — удзельнікі холдынгаў, у статутных фондах кіруючых кампаній, акцыі якіх знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы.

Патрабаванне не распаўсюджваецца на арганізацыі, створаныя ў 2012 годзе ці якія ствараюцца ў 2013 годзе, а таксама якія знаходзяцца ў стадыі рэструктурызацыі або ў дачыненні да якіх адкрыта конкурсная вытворчасць.

Да 15 сакавіка праграмы комплекснай мадэрнізацыі павінны быць зацверджаны кіраўнікамі прадпрыемстваў пасля ўзгаднення з рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам.

Прэс-служба Саўміна нагадвае, што меры па стымуляванні мадэрнізацыі эканомікі ўключаны ў план сумесных дзеянняў урада і Нацбанка па дасягненні параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, выкананні бюджэту і рэалізацыі Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2013 год.

На праекты мадэрнізацыі прадпрыемстваў з рэспубліканскага бюджэту сёлета вылучаецца 11 трлн. рублёў.

БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?