93+

Скарыстацца аграмадным гульнявой, тэрытарыяльнай і колькаснай перавагай так і не атрымалася. Вельмі крыўдная нічыя - 0:0. Тым не менш, шанцы на выхад у наступны раўнд застаюцца. Да пабачэння!

90-ая

Валадзько далучыўся да групы футбалістаў БАТЭ, што не скарысталі сваім шанцам. Суддзя дадае тры хвіліны.

87-ая

Фанаты раздзеліся па торсу. Нават глядзець на іх халодна.

81-ая

Такога шансу можа ўжо і не быць. Радзівонаў не змог з некалькіх метраў пракінуць мяч міма варатара. Валкан Дэмерэль на вышыні.

79-ая

Глеба змяніў Курловіч. Мінулае і будучыня беларускага футбола.

73-ая

Другі паверх туркам прайграем ушчэнт. А мяч упарта накіроўваюць у штрафную плошчу паветрам.

70-ая

«Наперад, Барысаў», — чуваць з трыбунаў. Не, няма гола. Туркі не здаюцца. А мяняюцца марудна—марудна. Памянялі сімулянта Вебо.

67-ая

Радзькоў дагуляўся да папярэджання.

62-ая

Нечаканы пас у штрафную. Паўлаў мог ударыць больш хітра. Хлопцы, заўзятарам халодна. Яны чакаюць гола. Небяспечны штрафны на лініі штрафной «Фенербахчэ». На жаль, нічога з яго не выціснулі. Гарбуноў спрабуе не змерзнуць. Замест Багі выйшаў Дзмітрый Мазалеўскі. Другі форвард.

55-ая

Сумнавата на полі. БАТЭ атакуе, але без асаблівай вастрыні. Хоць бы абрэзку якую не прапусціць, у абароне варта быць вельмі пільным.

49-ая

Крыўдна будзе, калі адгуляем увесь матч у большасці і так не скарыстаемся гэтым.

46-ая

У перапынку гледачам прапанавалі турэцкія спевы. Цікавы выбар. Пачынаецца другая палова гульні. Трэба перамагаць.

Адбылася замена: Рудзіка памянялі на Паўлава. Не буду арыгінальным: руды на ўдачу?

46+

Ужо ў кампенсаваны арбітрам час. Рудзік упускае рэальную магчымасць сысці на перапынак у добрым настроі. Адпачынак 15 хвілін. Пасля працягнем — 0:0.

43-ая

Гарбуноў ва ўласнай штрафной дэманструе гераізм. З кіперам усё нармальна — працягваем.

39-ая

Вебо валіцца і валіцца, а суддзя не вядзецца. Падымайся, хлопча, нічога не было. Можна расшыфраваць яго жэст. Не сказаць, што гульня надта вясёлая, хутчэй, наадварот.

35-ая

Здаецца, што БАТЭ прыбраў ініцыятыву да сваіх ног. Праўда, у забітыя галы гэта пакуль не матэрыялізавалася — 0:0.

32-ая

Па мячу, што ляцеў біў Рудзік. Калі б трапіў у дзявятку было б вельмі прыгожа, а так Валкан Дэмерэль забірае мяч на стужцы варот. Гуляем далей. Халадае.

29-ая

На полі ўсё спакойна, тым часам першыя здымкі ад Сяргея Гудзіліна вашай увазе.

24-ая

«Віталік, забівай, хопіць мучаць нас», — чуецца з трыбун зварот да Радзівонава.

20-ая

Крыстыян упершыню прымусіў узяцца заўзятараў за галаву. Было небяспечна, але міма. Турэцкі футбаліст зноў сімулюе, трыбуны не адабраюць: «Вынасі». Той самы Вебо, які ўжо атрымаў картку за карціннае падзенне.

17-ая

Ужо траціну тайма згулялі, а небяспечных момантаў няма ні ля чыіх варот. Глеб біў за межаў штрафной, але проста ў рукі брамніку. У Глеба проста свята нейкае, столькі ўдараў:)

13-ая

Звяртае ўвагу адсутнасць у цэнтры барысаўскай абароны Сіміча, які пераехаў якраз у турэцкі чэмпіянат. Дзіркі час ад часу ўзнікаюць.

Фанаты зацягнулі «Кацюшу».

11-ая

Ірландскі рэферы працягвае здзіўляць. П’ер Вебо атрымаў папярэджанне за сімуляцыю. Нездарма так час любяць параўноўваць беларусаў з ірландцамі:)

9-ая

Дарэчы, сфаліў зорны партугалец Мейрэлеш на Глебу. Вось так адной зоркай на газоне стала меней. Тым не менш, «канарэйкі» атакуюць часцей.

7-ая

Цяпер галоўнае пытанне — ці зможа БАТЭ рэалізаваць колькасную перавагу. Футбол — гэта не хакей (Капітан Відавочнасць ©) Тут перавага ў складзе не так істотна. Але туркам давядзецца перастройвацца — гэта адназначна.

Першы штрафны ля варот БАТЭ скончыўся вынасам мяча.

5-ая

Афігець! Іншых словаў няма. Ужо на 5-ай хвіліне ірландскі арбітр умешваецца ў хаду гульні. З поля выдалены Рауль Мейрэлеш. Нішто сабе пачатак.

3-ая

Першы момант у гульні стварылі футбалісты БАТЭ. Радзівонаў на мяжы штрафной пазмагаўся за мяч. Скінуў яго Глебу. Той — міма.

1-ая хвіліна

Пачынаем! Разводзяць туркі.

21:01

Людзі ўстаюць пад гімн Лігі Еўропы. У Мінску нават пад гімн Лігі чэмпіёнаў не ўсе ўстаюць.

Вось і турэцкі сектар стаў чуваць. Іх чалавек 200, калі не болей. Цікавая будзе пераклічка.

Фоткі на памяць, і можна пачынаць.

20:59

Фанацкі сектар БАТЭ вельмі актыўны. Танцуюць, спяваюць. «Вялікі, магутны». А вось туркаў пакуль не чуваць. Затое ў прэс-цэнтры турэцкія журналісты паводзяць сябе вельмі актыўна.

Футбалісты выходзяць на поле. А месцы занятыя яшчэ не ўсе. Прапускная сістэма вельмі строгая, нават журналісты змаглі ў гэтым пераканацца.

20:57

У Стамбуле ёсць вялікая тройка каманд — «Галатасарай», «Бешыкташ» і наш супернік «Фенербахчэ». Каманду яшчэ часам называюць «жоўтыя канарэйкі». Афіцыйныя колеры каманды — жоўты і марскі.

Клуб заснаваны больш за сто гадоў таму — у 1907. Хаця каранямі сыходзіць яшчэ раней, у канец XIX стагоддзя, але легалізавацца тады было складана, бо султан Турцыі выступаў супраць усялякіх зборам людзей па інтарэсах, бо лічыў гэта пагрозай манархіі.

А вось заснавальнік Турэцкай рэспублікі Мустафа Кемаль Атацюрк быў прыхільнікам якраз «Фенербахчэ».

У 1928 годзе ён падчас гульні «Галатасарая» і «Фенербахчэ» ён сядзеў побач з трыма прыхільнікамі першага клуба, і двума — «Фенербахчэ». «Нас роўная колькасць. Тры на тры, — сказаў лідар. — Бо я таксама за «Фенербахчэ». Потым Атацюрк дапамагаў клубу, калі згарэў іх офіс.

20:54

У Гродна сёння футбольны дзень. Аднойчы горад святога Губерта прымаў матч зборнай, а сёння гульня еўракубкаў. Стадыён будзе бітком. Прычым ёсць заўзятары, як з самой Горадні, так і вялікі дэсант прызямліўся з Барысава. Горад жоўта-сіні ад колераў БАТЭ.

Адзіная праблема фанатаў у барах і крамах не прадаюць алкагольныя напоі. Падпсавалі гарадзенцам Дзень святога Валянціна.

***

Склады каманд. БАТЭ: Гарбуноў, Юрэвіч, Валадзько, Радзькоў, Аляксандр Глеб (абвяшчаючы яго дыктар зрабіў асаблівую паўзу), Бардачоў, Радзівонаў, Філіпенка, Аляхновіч, Бага, Рудзік.
«Фенербахчэ»: Валкан Дэмерэль, Коркзман, Іртэгюн, Топал, Соў, Кюйт, Мэрэлес, Крыстыян, Цыглер, Гёнюль, Вебо.

Судзіць гульню ірландзец Алан Келі.

***

Сёння ў Гродне (пачатак у 21:00) пройдзе першы матч 1/16 фіналу футбольнай Лігі Еўропы паміж барысаўскім БАТЭ і стамбульскім «Фенербахчэ».

БАТЭ пяць разоў запар гуляў у групавых турнірах еўракубкаў, але толькі адзін раз выходзіў у плэй-оф. Было гэта два гады таму, беларусы з 2-га месца групавога раўнда Лігі Еўропы. Тады ў 1/16 фіналу ЛЕ ім супрацьстаяў ПСЖ, яшчэ без Ібрагімавіча. У двух матчах была зафіксаваная нічыя (2:2, 0:0), але за кошт забітых у марозным Мінску (было мінус 14) у наступную стадыю прайшоў французскі клуб.

Як будзе гэтым разам?

Пераможца пары ў наступнай стадыі згуляе з пераможцам пары «Вікторыя» (Пльзень, Чэхія) — «Напалі» (Неапаль, Італія).

Матч у адказ пройдзе праз тыдзень у Стамбуле, прычым УЕФА абавязаў «Фенербахчэ» правесці яго пры пустых трыбунах. Клуб пакараны за дзеянні заўзятатаў падчас гульні з «Барусіяй» з Мёнхенгладбаха.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?