— Тата, гэта шрубалёт ці гелікоптэр? — пытаецца маё меншае, пяцігадовае хлапчанё. Вось і думай, як патлумачыць, што гэта сынонімы, а ў школе ўвогуле давядзецца казаць "верталёт", бо іначай настаўніца (нават белмовы) можа не зразумець:) Такія лінгвістычныя дылемы ў нас зь ім узьнікаюць раз-пораз, а ня толькі сёньня, калі чарговы раз выбраліся на спартовы аэрадром пад Менскам.

Цімох зь пялёнак "запаў" на авіяцыю. Самалёты ды гелікоптэры — улюбёныя цацкі. Засынае, паклаўшы галаву на энцыкляпэдыю "Авіяцыя" з файнымі фота лятальных апаратаў — ад этажэркі братоў Райт да "боінгаў". У выходныя іншым разам выбіраемся на аэрадром у Баравой, дзе малому можна нават папоўзаць па крыле сапраўднага зьнішчальніка — канешне, ужо музэйнага.

Пэўна, усе бацькі, якія размаўляюць з малымі па-беларуску, вось так, практычна, на кожным кроку сутыкаюцца з праблемай унармаваньня мовы. Канешне ж, яна існуе і дае пра сябе ведаць.

У прыватнасьці, лаўлю сябе на тым, што раз-пораз пераключаю фанэтычную "раскладку". Калі ў этэры "Свабоды" на аўтамаце кажу, напрыклад, кляса, то ў размове зь сястрой, вясковай настаўніцай, пытаюся пра ейны клас. Бо так мы зь ёй вымаўлялі з маленства, і іншы варыянт гучыць манэрна:)

Прыклады можна доўжыць, але ня будзем ператвараць постынг у дысэртацыю:) Адно што ня трэба вешаць сабак на нацдэмаў, якія, маўляў, усё заблыталі сваёй "нэаклясыкай". Праблема варыянтнасьці ўласьцівая любой мове, нават зь ліку найбольш адшліфаваных адмыслоўцамі. Так што адміністрацыйны сьверб уладаў тут абсалютна недарэчы. Меркаваная псэўдарэформа артаграфіі можа канчаткова заблытаць паспаліты люд, пагоршыць і так незайздросную моўную сытуацыю. Сёньня ж яна такая, што ламаньне дзідаў вакол праблемы напісаньня імя Пітэр/Пітар:) нагадвае бойку за пусты мех. Цалкам мае рацыю Пётра Садоўскі: "У нас у грамадзтве існуе нашмат больш вастрэйшых праблемаў, чым правапіс. Скажам, агульны стан беларускай мовы павінен нас трывожыць больш".

Дарэчы, хто ня чуў у этэры, раю прачытаць гутарку зь ім на "Свабодзе". Грунтоўныя развагі дасьведчанага адмыслоўца, зусім іншы ўзровень асэнсаваньня праблематыкі, чым у каго-кольвек з прамоўтэраў артаграфічнага закону.

P.S. Меркаваны часавы лаг да ўступленьня тога закону ў сілу тэарэтыкам "нэаклясыкі" варта было б скарыстаць для напрацоўкі нарматыўнай базы ды выданьня адпаведнай літаратуры. Спадзявацца на тое, што энтузіясты ўсё адолеюць самавукам, ня варта. Сам без даведнікаў як бяз рук. Аднае танюсенькай брашуркі "Беларускі клясычны правапіс", выдадзенай некалі ўкладкаю ў "НН", катастрафічна мала.

P.P.S. Хто зь менчукоў яшчэ не вазіў малых у Баравую — раю. Там неўпрыкмет сабралі сапраўдны музэй авіяцыі пад адкрытым небам. Уражаньне нашмат мацнейшае, чым ад аднаго аблупленага "Лі-2" за музэем Айчыннай вайны:)

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?