Актывіст БНФ, былы дэпутат Юрась Зяньковіч эміграваў у ЗША і працуе развозчыкам піцы. На сваім блогу ён апавядае пра амэрыканскае жыцьцё.

– Ведаю, у вас тут прынята выкарыстоўваць на самай нявартай працы толькі арыстакратаў.

– Правільна, усе яны арыстакраты, таму што ведаюць: няма нявартай працы, а ёсьць нявартыя людзі, якіх не задаволіць ніякая праца.

Айн Рэнд «Атлянт расправіў плечы», частка 3, глава 1

Кніга, цытату зь якой я вынес у эпіграф, гэта біблія амэрыканскага капіталізму. Яна тут выдадзеная другім па агульнай колькасьці паасобнікаў накладам пасьля Бібліі. Раю ўсім яе пачытаць, бо яна сапраўды здольная перавярнуць сьветапогляд чалавека.

Напісаць гэтую главу майго дзёньніка мяне справакавалі зьедлівыя камэнтары ў ЖЖ і Фідо: ну вось, здаецца дарослы і адукаваны чалавек, быў пры пасадах, шмат усяго дасягнуў у Беларусі, а цяпер працуе звычайным кіроўцам па развозу піццы.

Сябры, пра тое, што я тут сябе адчуваю кіроўцам значна лепш, чым у Беларусі дэпутатам, я яшчэ напішу. Але зараз я хацеў бы пагаварыць пра стаўленьне да працы ў Амэрыцы і Эўропе, у прыватнасьці ў Беларусі.

Тут няма паняцьця «бруднай» і «чыстай» працы. Ёсьць праца, якая аплочваецца добра, і ёсьць такая, што аплочваецца горш. Якасьць працы ацэньваецца толькі ўзроўнем яе аплаты. Менавіта таму ў Амэрыцы ёсьць прымаўка: «Калі ты такі разумны, чаму ты такі бедны?» Разумны і варты павагі той чалавек, які здольны атрымаць добра аплочваемую працу. З гэтага пункту гледжаньня ў вачах амэрыканцаў мае сёньняшнія дасягненьні ўжо лепшыя, чым мая сытуацыя ў Беларусі, калі я зарабляў у 1,5‑2 разы меней як журналіст, чым зараз я зарабляю ў якасьці кіроўцы бусіка.

Але гэта толькі адзін аспект. Другі момант у тым, што тут, у Амэрыцы сорамне не працаваць. Для амэрыканца характарыстыкамі чалавека зьяўляюцца «ён цяжка працуе» (добры чалавек) і «ён кепска працуе» (кепскі чалавек). Лепш самая нізкааплочваемая праца, чым ніякай працы. Мяне заўсёды раздражнялі тыя чырвоныя крыкуны, якія кажуць, што Амэрыка эксплуатуе рэшту сьвету, і гэта ёсьць крыніца яе багацьця. Гэта кажуць людзі, якія ня ўяўляюць сабе, як цяжка працуюць амэрыканцы. Дзьве‑тры працы тут ‑‑ гэта норма. Менавіта ў працавітасьці амэрыканцаў крыецца сакрэт іх багацьця. А ў тых, каго Амэрыка нібы эксплюатуе, узяць усё адно няма чаго, бо яны ніколі не працавалі і працаваць не жадаюць.

У тэорыі міжкультурных адносінаў ёсьць паняцьце «дыстанцыя ўлады». Гэтае паняцьце вельмі ёмкае. Напрыклад, тое, што нашыя чыноўнікі сядзяць за трыма дзьвярыма (адныя дзьверы ‑‑ у прыёмную, і яшчэ двайныя ў кабінет) і абараняюцца ад «простых» людзей дадаткова сакратаркамі, яскрава дэманструе вялізную дыстанцыю ўлады. Тое, што багаты чалавек у Расеі ніколі ня зойдзе ў мэтро або ў танны рэстаран «для просталюдынаў», гэта таксама праява вялізнай дыстанцыі ўлады, бо ўлада ‑‑ гэта ня толькі палітычная ўлада, але яшчэ і ўлада грошаў, улада сацыяльнага становішча.

Дык вось, тут дыстанцыя ўлады вельмі кароткая. Прыход мільянера ў пацёртых джынсах у просты рэстаранчык на абед за 20 даляраў ‑‑ гэта норма. Мільярдэр, які раз’яжджае па горадзе на дабітай 30‑гадовай машыне ‑‑ гэта таксама норма.

Але норма яшчэ і іншае ‑‑ калі багаты чалавек, маёнтак якога складае больш за 10 мільёнаў даляраў, цягае скрыні разам са сваім нізкааплочваемым рабочым. Менавіта так паступае мой гаспадар Барыс ‑‑ ён сам сабе знаходзіць працу і робіць яе, не баючыся пабрудзіць ручкі. Ён ходзіць у пацёртых джынсах і абедае ў танным кітайскім рэстаранчыку, куды мяне сёньня запрасіў, аплаціўшы за нас дваіх абед у 20 даляраў. Яму ня важна, якую працу рабіць, бо любая праца тут вартая чалавека. Яму сорамна не працаваць. Таму ён ходзіць па нашай піццэрыі і шукае сам сабе занятак ‑‑ там скрыню прынесьці, тут прыняць ад кліента тару (як я казаў, мы робім загатоўкі для піццы і развозім іх, або кліенты самі іх забіраюць; нашыя кліенты ‑‑ гэта піццэрыі). Ён ня грэбуе ніякім заняткам.

І менавіта ў сьвятле гэтага мая сёньняшняя праца ў вачах амэрыканцаў (і маіх уласных) абсалютна вартая, асабліва калі ўлічыць, што я толькі тыдзень як у краіне. З цягам часу я зараблю сабе пазыцыю ў гэтым грамадзтве, і буду рабіць іншую працу, якая аплочваецца лепей. Мне бы таксама хацелася гэтага ўжо зараз, але ня ўсё прыходзіць адразу. Пакуль што я маю 9 даляраў за гадзіну. Ці шмат хто з вас мае больш? А тут менавіта гэтая лічбачка зьяўляецца крытэрам важнасьці чалавека і ягонай працы.

P.S. А пасьля абеду Барыс запрасіў мяне на экскурсію ў свой дом, куды яму трэба было заехаць, каб аформіць некаторыя паперы. Вы бачылі калі‑небудзь дом агульнай плошчай 720 кв.м? Бо я такое бачыў толькі ў кіно. У гэтым доме 4 спальні, 8 санвузлоў, спартовая заля, кіназаля, парылка, джакузі... Чаго там толькі няма. Барысу падабаецца пахваліцца дасягненьнямі сваёй цяжкай 15‑гадовай працы тут, і таму ён ахвотна мяне правёў па ўсіх закутках дому. Тут такі дом каштуе амаль 2 мільёны даляраў. Гэта ‑‑ тое, чаго рэальна можа дасягнуць у Амэрыцы чалавек, які ня грэбуе ніякай працай. Нагадаю, што Барыс ‑‑ народны артыст Расеі, які цягае скрыні ў піццэрыі, але дзякуючы свайму стаўленьню да працы здолеў зарабіць сумленнай працай значна больш, чым гэта магчыма на яго роднай Украіне. Канцэрты для яго ўжо прыпрацоўка, а не асноўны занятак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?