Анастасія Пахомава водзіць трамвай пяць гадоў. Да гэтага яна працавала бармэнам.
Анастасія Пахомава водзіць трамвай пяць гадоў.
«Маршрут» пасля змены: загнаць трамвай ў дэпо, адзначыцца ў журнале, падправіць макіяж, сабраць рэчы і ...
... дадому.
Пасля змены трамваямі займаюцца прыбіральшчыцы.
Дзяжурны трамвай.
Першыя пасажыры.
Амаль усе кіроўцы мінскіх трамваяў — жанчыны. Рэальныя лічбы назіранняў толькі пацвярджаюць. Прадстаўніцы гэтай прафесіі, прыадчыніўшы для «Салiдарнасцi» дзверы сваіх кабін, адкрыта падзяліліся не толькі сакрэтамі сваёй працы, але і тым, чаму абралі гэты шлях па жыцці.
Мінск, як і большасць еўрапейскіх сталіц, стаў трамвайных горадам у 1929 годзе. З тых часоў маршруты неаднаразова мяняліся, абнаўляўся рухомы састаў.
Штодня мінскія трамваі развозяць 180-190 тысяч чалавек па дзевяці гарадскіх маршрутах, у год — больш за 72 мільёны пасажыраў.Па назіраннях, ільвіная доля тых, хто кіруе трамваямі, — гэта прадстаўніцы прыгожага полу. І сапраўды, 293 з 315 кіроўцаў — жанчыны.
— Больш за 96 працэнтаў. У нас працуюць кіроўцы самага рознага ўзросту, — распавядае «Салiдарнасцi» намеснік дырэктара па перавозках Ала Пянюшкіна. — Ёсць сталы прыток моладзі. Ды вы і самі, напэўна, заўважылі, колькі маладых прыгажунь кіруе нашымі трамваямі.
Мы знаёмімся з Анастасіяй Пахомавай, якая кіруе трамваем пяць гадоў.
— Гэта не шмат, і не мала, — лічыць Насця. — Ёсць жанчыны, якія па дваццаць гадоў працуюць, ёсць і зусім пачаткоўцы. Так што я сярод іх дзесьці на першай трэці.
На пытанне, што прывяло яе ў кіроўцы трамвая, 27-гадовая Анастасія адказвае: «Напэўна, лёс».
— Мне заўсёды падабалася дарога. Раней я была бармэнам, а потым вырашыла: хачу памяняць нешта ў сваім жыцці. З сяброўкай вырашылі падаць дакументы ў трамвайны парк. Прайшлі навучанне ... і вось я ўжо пяць гадоў ваджу пасажыраў.
Для кіравання трамваем правы кіроўцы не патрэбныя (хоць субяседніца водзіць і аўтамабіль). Па словах нашай гераіні, у гэтай працы няма нічога аднастайнага ці сумнага. Усміхаючыся, яна працягвае:
— Некаторым здаецца, што раз ездзіш па адных і тых жа маршрутах з дня ў дзень, то ўсё вакол хутка надакучае. Але гэта не так. Увесь час нешта адбываецца. Да прыкладу, аўтааматары часта «здзіўляюць» (хоць я да іх стаўлюся спакойна). Ну заедзе кіроўца на рэйкі, так я яго прапушчу. Ці трэба выходзіць, перакладаць стрэлкі. Здараецца, што ламаецца трамвай і трэба з ім спраўляцца самой.
Анастасія часцяком выходзіць на працу па выхадных:
— Нават муж зрэдку не вытрымлівае, злуецца. Хоць разумее маю прафесію, паколькі сам у мінулым працаваў кіроўцам тралейбуса. Я вельмі ўседлівы чалавек. Тое, што іншаму можа здацца аднастайным, мяне наадварот супакойвае, дапамагае засяродзіцца. Працую з задавальненнем.
У залежнасці ад графіка ў дзень даводзіцца ездзіць ад шасці да дзевяці гадзін. Галоўнае, «каб у месяц набралася 174 гадзіны».
У дзень, калі «Салідарнасці» давялося пракаціцца па маршруце № 6, Анастасія Пахомава выехала на маршрут у другую змену. Вярнулася ў парк параўнальна рана, каля 23.00.
Далейшы «маршрут»: загнаць трамвай ў дэпо, адзначыцца ў журнале, падправіць макіяж, сабраць рэчы і ... дадому. Трамваем, які вярнуўся ў свой «дом», займаюцца прыбіральшчыцы.
Але ў тых кіроўцаў, якія выходзяць у першую змену, працоўны дзень пачынаецца ранняй раніцай.
У 4.20 дзяжурны трамвай забірае мяне, рэпарцёра, на «Партызанскай». У вагоне ўжо пяць чалавек.
Хтосьці глядзіць у акно, разважаючы пра сваё, хтосьці размаўляе з калегамі. Звычайны з выгляду трамвай, толькі з надпісам «дзяжурны».
Дзесяць хвілін «палёту» па рэйках скрозь Мінск, які прачынаецца — і вось мы ў трамвайным парку на Батанічнай. На выездзе з парку ўжо чакаюць сваіх машын некалькі жанчын-кандуктараў.
Кіроўцы кажуць, што любяць сваю працу і пасажыраў. Апошніх — нават нядбайных, шумных або нападпітку. «Толькі б усё было ў парадку, і змена скончылася без здарэнняў», — тлумачаць яны. Мабыць, ва «ўладарак трамваяў», якія штодня вязуць за сабой маленькае войска мінчукоў, спрацоўвае мацярынскі інстынкт:)