Інтэрнэт — гэта месца, дзе можна жыць, і жыць не менш абмежавана, чым у змрочнай рэчаіснасці. Тут можна нараджацца, марыць, заводзіць стасункі, кахаць, ненавідзець, адпачываць, зарабляць, выказваць меркаванні й паміраць. І ўсё гэта сюды прыцягваецца не ў звычайным прымусова-добраахвотным парадку, але з надзеяй у сэрцы, верай у пальцах і любоўю ў вачах.

Так і атрымліваецца, што ўсе (не вельмі ці зусім не) важныя трэнды пераносяцца ў віртуальны сусвет і паўстаюць абрыўкамі ў свядомасці юзэра. Немагчымая некалі функцыі камэнтавання ўсяго, што адбываецца навокал, прыцягваюць усё больш гаварлівых грамадзянаў, якія раней баяліся (ці то начальства, ці то па твары атрымаць) выносіць свае «справядлівыя» прысуды індывідам і падзеям. Больш за тое, калі такія суддзі аб’ядноўваюцца ў кааліцыі, паўстае магутная ментальная сіла, здольная не проста пераканаць чалавека, што ён не мае рацыі, але й пакінуць сур’ёзныя псіхічныя траўмы.

І гэта далёка не ўсе прывілеі кіберасобы. Жывучы тут, можна лепей зразумець, што адбываецца там: па-за сеткамі, вокнамі, межамі. Праблема галоснасці хаця яшчэ й пужае нашых лакальных лідараў, але не моцна, бо й дакапацца да якаснай інфармацыі не так проста. Затое мы можам назіраць, даследаваць, аналізаваць не выходзячы з дому. І гэта, безумоўна, плюс. І мінус.

Нядаўна, папіваючы каву й гартаючы электронныя старонкі бясплатных газет, я сутыкнуўся з неўласцівай для Беларусі навіной. «Тры падлеткі збілі інваліда ў метро», — прыблізна так казалі шматлікія загалоўкі. Канечне, шоку ўжо ніякія навіны не выклікаюць, але для супакаення давялося вычытваць кожнае звязанае з гэтай падзеяй слова. Вось толькі супакоіцца не атрымалася. Уварваліся ў прасторы газет папулярныя каментары: «сукі» (якія ў геаметрычнай прагрэсіі ператвараліся ў больш нецэнзурныя выразы), «куды мы коцімся?» (якія з высокім накалам тлумачылі сувязь паводзінаў моладзі з палітычным кліматам краіны), «так і трэба гэтым нахабным інвалідам» (троляў абсурднасць іх словаў звычайна толькі радуе) і самыя, на маю думку, значныя: «www.vk.com/…" (гэта нашыя Шэрлакі ўжо знайшлі тых, хто быў на здымках, прычэпленых да навінаў). Пасля апошніх фокус пераносіцца з пошуку супакаення на высвятленне праўды.

Цікавага на асабістых старонках заўжды шмат. Але як толькі чалавек трапіць пад суд грамадскасці, яго летапіс паўстае яшчэ адным месцам для выказванняў. Вось толькі (сама)цэнзура тут знікае цалкам. Абвінавачаная без суда й следства дзяўчына адразу страчвае права на абарону. Адзінае, што пакідае: «Паганые крысы! незнаете правду молчите тварюги.я нечего подобного не делала!» І абмяркоўвацца пачынаюць не толькі стыль вопраткі, узровень цытатаў, але й фізічныя асаблівасці. «Карова», «пачвара» і г.д. Каб прачытаць шчырыя словы ў яе адрас, трэба вельмі доўга скроліць уніз, дзе пісалі яе сябры ды знаёмыя. Такая вось культура камунікацыі. Прэзумпцыя невінаватасці? Не, не чулі.

Гэтакая беларуская версія грамадскага суда, дзе судзіць той, хто баіцца трапіць пад суд. У краіне, дзе дзяржаўнае судаводства выклікае пытанні не толькі ў сусветных арганізацыяў, такіх як ААН, але і ў саміх грамадзянаў.

Адной з самых гучных і супярэчлівых судовых справаў за ўсю гісторыю незалежнай дзяржавы была тая, дзе за некалькі месяцаў дзяржаўнае абвінавачанне здолела дабіцца найвышэйшай меры пакарання для падсудных. 11 красавіка 2011 года ў мінскім метро была здзейсненая тэрарыстычная акцыя — выбух, ахвярамі якога сталі 219 чалавек, 15 з іх загінулі. З неймавернай хуткасцю як следства й судовага разбіральніцтва, так і выканання прысуду (то бок забойства двух чалавек) справа была закрытая. Пры гэтым у грамадскасці пытанні не проста не зніклі, але толькі памножыліся. Найбольшае неразуменне выклікала менавіта аператыўнасць беларускіх сілавікоў, якія здолелі праявіць свае прафесійныя здольнасці болей чым на 100 адсоткаў. Далей былі незразумелыя метады й практыкі, якія яны выкарыстоўвалі. За пару дзён па запісах камераў назірання былі апазнаныя і знойдзеныя два тэрарысты (так сцвярджае следства). Гэта само па сабе дзіўна, бо на вышук людзей, якія збілі інваліда, спатрэбілася крыху болей часу, і тое некаторыя з іх мелі алібі. Таксама варта ўлічваць, што ў выпадку з апошнімі вопратка была больш выразнай і лёгкай для апазнання. Пасля гэтага невядомымі простым грамадзянам спосабамі ад абвінавачаных былі атрыманыя прызнанні ў тым, за што іх, відавочна, чакала легітымная смерць.

Пра тое, што пастанова суду выкананая, стала вядома з ліста, які атрымала маці аднаго з абвінавачаных. Але ў паветры так і засталіся вісець шматлікія пытанні да гэтае дзікае справы. У СМІ нелегальны суд прысяжных працягваў выносіць апраўдальныя вердыкты, але абвінавачаных ужо не было. А ў дзяржаўных органаў улады з’явіліся легітымныя падставы як на дактыласкапію, так і на праверку ўзбраення розных пластоў грамадства.

Гэта тлумачыць недавер да беларускага суда. І нават тыя, хто не ведаў пра назначэнне суддзяў «зверху», пачалі клапаціцца пра сваё жыццё/маёмасць/права на меркаванне. Але далей за віртуальныя прысуды справа не прасунулася.

І нам вельмі пашанцавала, што не атрымалася як раней. Так, як было ў царскай Расіі, дзе сялянская супольнасць жорстка распраўлялася са злодзеямі й забойцамі, не баючыся моцнае рукі ўлады, бо даказаць штосьці было немагчыма праз адсутнасць сведкаў, інфармацыі ці матываў. Так, як было ў пачатку існавання савецкае імперыі, калі паліцыя была «распушчаная», а міліцыя не ўмела й не мела дастаткова сродкаў для супрацьстаяння самасуду на вуліцах гарадоў і вёсак, тым больш што прадстаўнікі новае ўлады самі баяліся стаць ахвярамі народнага волевыяўлення народу. Так, як было ў такой цывілізаванай і далёкай Амерыцы, асабліва пасля грамадзянскай вайны, калі ахвярамі рабіліся не тыя, чыя віна была даказаная, а тыя, на каго, выпадкова альбо наўмысна, трапляў цень падазрэння.

Але ўсе задаткі для пачынання такое дзейнасці ёсць. Ёсць недавер і страх да ўладаў, ёсць стомленасць ад немагчымасці выказваць свае думкі, ёсць жаданне паказаць сваю значнасць і карыснасць. Урэшце, ёсць жаданне ўлады, якой пазбаўленыя нават тыя, хто сапраўды здолеў бы ёю разумна скарыстацца. Ёсць нават прыклады маленькіх самаўпраўстваў, невядома як распаўсюджаных, але падтрыманых значанай часткай каментатараў, якія ўсур’ёз ставяць выразныя маральныя нормы вышэй за законы. Гэта й бойка з кантралёрам у аўтобусе, і збіццё ахоўнікамі крамы спажыўцоў. Гэта шматлікія словы падтрымкі тым грамадзянам, якія на свой лад і ў меру сваіх магчымасцяў бяруць на сябе абавязкі, з якімі дзяржава не спраўляецца. Гэта самастойнае змаганне з хаосам на карысць хуткім высновам. Гэта (пакуль) пераважна віртуальны фармат эскалацыі гвалту.

Гэта беларуская версія Дзікага Захаду — Дзікі Усход.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?