18.02.2013 / 11:29

Чалавек у клетцы як знак беларускага правасуддзя 15

Клетак у судах няма больш нідзе ў Еўропе. Піша юрыст Міхаіл Пастухоў.

Мяне да сэрца зачапіла невялікая нататка Алены Давыдавай «Як сабака…», надрукаваная ў газеце «Народная воля» (№ 11 ад 8 лютага 2013 г.). У якой краіне мы жывем, калі ўлады ставяцца да людзей бы да жывёл?

Суд над вядомым мадэльерам Аляксандрам Варламавым, якога на мыліцах заштурхалі ў клетку нібы небяспечнага звера, ускалыхнуў грамадскасць і паставіў на парадак дня пытанне пра тое, колькі яшчэ часу беларуская Феміда будзе здзекавацца з людзей, якія заключаны пад варту і ўтрымліваюцца ў клетках?

Наколькі мне вядома, толькі ў Беларусі з усёй еўрапейскай прасторы захоўваецца такая беспрэцэдэнтная мера засцярогі ў судах.
Расія, якая далей за нас стаіць ад Еўропы, ужо даўно адмовілася і ад смяротнага пакарання, і ад клетак у зале суда (падсудныя адгароджаныя ад публікі пластыкавай перагародкай).
Праз «клетку» прайшлі кандыдат у прэзідэнты 2006 г. Аляксандр Казулін, кандыдаты ў прэзідэнты 2010 г. Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, палітычныя актывісты, якія бралі ўдзел у падзеях на Плошчы 19 снежня 2010 г., вядомы праваабаронца, будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі. Цяпер у клетцы апынуўся прадстаўнік багемы, культурны мэтр Саша Варламаў. У жанчыны-суддзі не знайшлося спагады, каб выпусціць гэтага чалавека (інваліда) з жалезнай клеткі…

Што адбываецца ў нашай краіне? Чаму ўлада такая жорсткая? Якое ў нас правасуддзе? Людзей як звяроў трымаюць у клетках. А іншыя людзі — у форме — глядзяць на гэты «звярынец» як на цалкам нармальную з’яву. Але ж «сядзельцы ў клетцы» могуць быць невінаватымі альбо іх віна можа быць недаказаная?!

На абароне правоў гэтых людзей стаіць Канстытуцыя, якая не дазваляе лічыць абвінавачаных (падсудных) вінаватымі ў здзяйсненні злачынства да таго часу, пакуль іх віна не даказаная судом і не пацверджаная прысудам суда, які ўступіў у законную сілу (арт.26).
Такі ж падыход замацоўваецца і ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе (арт.16).
Вядома, жалезная клетка ў судзе — гэта ганьба беларускага правасуддзя. Ад гэтага рудымента мінулага трэба пазбаўляцца і як хутчэй.
Аднак прэтэнзіі маюцца не толькі да «клетак». Прадстаўнікам Феміды, якія на 2/3 складаюцца з суддзяў-жанчын, трэба змяніць стаўленне да людзей, што паўстаюць перад судом.
Яны — не ахвяры, якім наканаванае асуджэнне. У адносінах да кожнага з іх трэба разабрацца, ці вінаваты ён на самай справе, паслухаць довады не толькі пракурора, але і адваката. І пры любым сумневе ў вінаватасці падсуднага выносіць апраўдальны прысуд,
а не прызначаць мінімальнае (умоўнае) пакаранне.
Між тым, лібералізму ў судовай практыцы нешта не заўважаецца.
Як судзілі, так і судзяць. Адзінкі апраўдальных прысудаў пры тым, што кажуць пра дзясяткі палітычных зняволеных. А колькі бязвінных ахвяр правасуддзя пішуць скаргі ва ўсе інстанцыі аб пераглядзе прысудаў?!
Лічу, што нам трэба пазбаўляцца не толькі ад клетак у судзе, але і ад абвінаваўчага следства і тэндэнцыйнага правасуддзя.
Ці па сілах гэта цяперашнім следчым, пракурорам і суддзям? Адказ на гэтае пытанне дасць прысуд па справе Сашы Варламава, якая развальваецца як картачны домік.

* * *

Міхаіл Пастухоў — доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь. Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь.

0
Напільнік / Адказаць
18.02.2013 / 11:36
Чалавек у клетцы як знак акупацыйнага рэжыму.
0
беларускі суд працуе ў звычайным рэжыме / Адказаць
18.02.2013 / 12:07
таксама хочацца крыху паправіць загаловак: «Чалавек у клетцы як знак а д с у т н а с ц і беларускага правасуддзя»
0
Юрась Беларус / Адказаць
18.02.2013 / 12:33
На мой погляд, аўтар занадта аптымістычны. Бо зараз не выносяць нават больш мяккія прыгаворы з улікам усіх абставінаў справы. Узяць хаця б справу аб смерці хлопчыка ва дварэ школы, па якой абвінавачваецца Андрэй Забабура. Змякчаючых абставінаў - больш не бывае, хапае і на ўмоўны тэрмін, аднак нашыя "праваахоўныя органы" іх не бачаць. І клеткі, і смяротнае пакаранне павінны быць адмененыя. Мяне асабіста каробіць не проста жорсткасць, а выбарачная жорсткасць. І па розных справах, і па адной справе. Нашы "праваахоўныя органы" у самым лепшым выпадку караюць з усёй магчымай жорсткасцю толькі непасрэдных злачынцаў, калі ж справа даходзіць да знішчэння умоў, прычынаў злачынства - баявы задор адразу знікае і яны хаваюцца ў бульбу. Як, напрыклад, па справе Андрэя Забабуры. Смерці хлопчыка спрыяла няправільнае, супрацьпраўнае рашэнне кіраўніцтва школы аб дазволе дзецям гуляць ва дварэ школы без нагляду. Нават у часы пік для аўто і ў вячэрні час. Ці ўбачыла гэта пракуратура альбо суд? Пракурор прагаварыла палымяную прамову аб абароне дзяцей у школе, не датыкнуўшыся аднак да яе супрацьпраўных дзеянняў, а суддзя зняла са школы ўсялякую адказнасць, бо вынесла "гераічнае" рашэнне аб абавязку даішнікаў прачытаць дзецям лекцыю ў школе. Маўляў, хадзіце дзеткі і далей у школу, там за бяспекай Вашага жыцця ніхто рэальна наглядаць не будзе.
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру