Вырашыў зрабіць працяг тэмы. Прызнаюся: уразіла, якія жарсьці выклікала інтэрвію з адстаўным Сухарэнкам у "Народнай волі". Дакладней, вось гэтая прэтэнзія часткі аўдыторыі: нашто, маўляў, "пашкадавалі Сьцёпку"?

Прэтэнзія цалкам беспадстаўная, бо шкадаваньня там ні на грам. А мае месца выдатная журналісцкая праца (за якую ніхто і "дзякуй" не сказаў!). Пакуль усе абсмоктвалі чуткі пра арышт, карэспандэнты адкапалі героя-антыгероя, здолелі разгаварыць (што зусім ня проста з улікам ягонай прафэсіі ды сёньняшняга пікантнага становішча) і выклалі ўсё гэта на сподачку з блакітнай аблямовачкай.

Для незашораных спажыўцоў інфармацыі — царскі падарунак. А вось хтосьці становіцца ў позу і пачынае абвінавачваць выданьне ў нейкай нібыта здрадзе ідэалам. Няўжо баяцца заразіцца спачуваньнем да былога прамоўтара вэрсіі пра дохлых пацукоў? А калі за сябе спакойныя, дык чаго іншых лічаць дурнямі? :)

І ўжо зусім цяжка зразумець, чым правінілася "НН", даўшы свой аналіз тога інтэрвію. Шкада, што мала хто зьвярнуў увагу на ключавую думку, вынесеную ў загаловак: "Сёньня Сухарэнка альтэрнатывы ня бачыць. А заўтра?". Між тым тут схопленая сымптаматычная агаворка па Фройду. Вэртыкаль служыць цяперашняму патрону не таму, што надта яго любіць, а таму, што няма варыянтаў. Вось вам імпульс для развагаў пра тое, на чым трымаецца сёньняшняя сыстэма і як можна зьмяніць сытуацыю ў краіне!

Любая ўлада — гэта найперш ня збройная моц, а мэнтальная, псыхалягічная сіла. Зброю трымаюць у руках людзі, яе можна павярнуць і ў той, і ў іншы бок. Ці проста адкласьці ў крытычны момант. Так адбываюцца рэвалюцыі. Структуры, закліканыя стаяць на варце рэжыму, раптам разьбівае паралюш. Канкрэтныя жывыя людзі, якіх доўга трэніравалі душыць супраціў, у адзін цудоўны момант асэнсоўваюць, што гэтая ўлада згніла, павісла ў паветры без падпорак — і трэба быць апошнім дурнем, каб падстаўляць за яе галаву.

Варта разважаць над заканамернасьцямі мэнтальных працэсаў у грамадзтве. Ці была фатальнай параза нацдэмаў у 90-х? Чаму рэсурс псыхалягічнай жывучасьці Сыстэмы (ну не на адным жа амоне яна трымаецца, далібог!) аказаўся шмат большы, чым думалі многія яе крытыкі? Чаму, любячы цяперашні кіроўны стыль як сабака кій, намэнклятура тым ня меней старанна забясьпечвае "элегантныя перамогі"? Калі надыходзіць момант адчуваньня, што правадыр "сьпёкся"?

Між тым апанэнтам улады бракуе гнуткасці мысьленьня. Хтосьці сядзіць і марыць: вось, маўляў, каб выйшла сто тысячаў… Ну і што? Хай сабе і дзьвесьце. Гэта ўмова недастатковая (пры тым што застаецца і зусім банальнае пытаньне, як вывесьці столькі люду на Плошчу). Вось, пачытайце, дарэчы, абмеркаваньне гэтай тэмы ў чарговым "Праскім акцэнце".

Але так ня хочацца вылазіць з ракавіны стэрэатыпаў! Так зручна трымацца за звыклыя лёзунгі! Год таму ваш пакорны слуга прагназаваў, што хутка за незалежнасьць найгучней будзе агітаваць БРСМ. Але хто-кольвек і па сёньня не асэнсаваў, што ўлада спакойна прыватызавала ягоную рытарычную пясочніцу і не зьбіраецца нават браць у гульню.

Беларуская гісторыя не застыла на месцы. Працэс ідзе, хай сабе і не па тых прыгожых схемах, якія мроіліся на пачатку 90-х. І сёньняшнія выклікі — энэргетычны ды іншыя — тычацца ня толькі кіроўных вярхоў (хай пакруцяцца як гады на патэльні, а мы будзем паціраць рукі!). Гэта — выклікі ўсім элітам, усёй нацыі.

На тле сапраўды сур'ёзных пытаньняў сьмешна біцца за пусты мех, шукаючы праявы несьвядомасьці, адступленьня ад канонаў сярод сваіх. Гэта тое, што Карнэгі некалі называў "пілаваць пілавіньне". І катэгарычна раіў кідаць гэную дурную справу:)

Ня будзем закісаць, спадарства! Болей драйву! :)

P.S. Дзеля канструктыву прапаную не вяртацца да "дохлых пацукоў", а пісаць камэнты на грунце пытаньняў, сфармуляваных у абзацы №6.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?