Прэс-канферэнцыя Барыса Грабеншчыкова — гэта як радыёперадача Барыса Грабеншчыкова ці канцэрт яго ж: кажа лідар расійскага гурту «Акваріум» што хоча і не канечне ў адказ на зададзенае пытанне. А журналістаў, узброеных пытаннямі пра «чорныя спісы» і «як правільна жыць», на маленькай пляцоўцы на дванаццатым паверсе мінскага гатэля «Планета» сабралася аж трыццаць.

Аднак

Грабеншчыкоў сам пачаў прэс-канферэнцыю з пытання да «Камсамольскай праўды»: «У гонар чаго ваша газета мае такую назву?»

Журналістка пачала расказваць пра брэнд, маладосць і задор, на што

Грабеншчыкоў адзначыў, што камсамол вучыў у першую чаргу даносіць на сваіх бацькоў,
таму дзіўна бачыць газету з такой назвай у 2013 годзе. «Дзякуй Богу, што не «Расстрэльны спіс» — пажартаваў ён.

Далей Грабеншчыкоў пачаў разважаць пра тое, што ён рэальны і «БГ» — гэта дзве розныя асобы. І «маштаб БГ» вельмі палохае яго: «Калі я даведваюся, што БГ спыніўся ў нейкім гатэлі, я сялюся ў іншым».

Грабеншчыкоў падпісваў петыцыю ў падтрымку палітвязняў свету, у тым ліку Алеся Бяляцкага, аднак «палітычных поглядаў і грамадзянскай пазіцыі» не мае.

«Калі музыка пачынае займацца палітыкай, ён губляе сваю сутнасць творцы, бо перастае „быць для ўсіх“, ператвараецца ў грамадзяніна», — кажа Грабеншчыкоў.

Чорныя спісы музыкаў яго не дзівяць, Грабеншчыкоў кажа, што яны «існавалі паўсюль і заўжды», хоць, вядома, нічога добрага ў гэтым няма.

«Калі ў Pink Floyd выходзіў альбом Animals, іх менеджары адмовіліся плаціць італьянскай мафіі, якая трымала радыёстанцыі. Таму канцэрты тура праходзілі ў паўпустых залах. Вось вам прыклад „чорнага спісу“. Давялося плаціць».

Ягоны імідж гуру працягвае «працаваць», журналісты перадаюць яму пытанні ад знаёмых таксістаў, ад дзяўчыны, якая «жадае бухнуцца вам у калені, і спытаць як жыць». «Бухнуцца яна можа, а вось наконт таго, як жыць, нічым не дапамагу» — адказвае Грабеншчыкоў.

Яго думкі хаваюцца за іроніяй і ўсмешкай індыйскага бажка, ягоныя ўспаміны пра Мінск — «усе бліскучыя, але непаліткарэктныя», без удакладненняў. Цяпер ён ездзіць па Беларусі, вось быў канцэрт у Бабруйску — БГ у захапленні. «У Бабруйск, жывёліна» — гэта ж пра мяне».

Грабеншчыкоў па-сапраўднаму ажывіўся толькі раз: калі ў яго спыталі, ці ліцэнзійныя mp3 ён слухае.

«Не, бо ў мяне зараз няма торэнтаў, і мне даводзіцца пампаваць іх за грошы як апошняму ідыёту. Я купіў альбом Рычарда Томпсана на iTunes, і нават не магу ні з кім ім падзяліцца. Пры першай магчымасці перапампую бясплатна. iTunes Sucks».

Адказы музыкі на пытанні кшталту «Ці любіце вы есці?» мы прыводзіць не будзем — скажам толькі, што не любіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?