Бэрнд Штанге

На выканкаме Беларускай фэдэрацыі футболу, якую ўзначальвае Генадзь Нявыглас, 30 ліпеня галоўным трэнерам зборнай Беларусі па футболе быў прызначаны нямецкі спэцыяліст Бэрнд Штанге.

У адрозьненьне ад мінулых паседжаньняў БФФ, якія праходзілі за зачыненымі дзьвярыма, на сёньняшняе пусьцілі ўсіх ахвочых журналістаў. І хоць да апошняга часу ў прэс‑службе фэдэрацыі адмаўляліся называць канкрэтнае прозьвішча наступніка Пунтуса, для ўсіх было ясна, што ім стане немец Бэрнд Штанге. Учора позна вечарам ён прыляцеў у Менск зь Нямеччыны.

Прэзыдыюм выканкаму быў у поўным складзе, толькі трошкі спазьніўся гендырэктар менскага «Дынама» Юры Чыж. У самым пачатку паседжаньня зь невялікім уступным словам выступіў кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта, старшыня БФФ Генадзь Нявыглас. Ён адзначыў, што адразу пасьля адстаўкі Пунтуса фэдэрацыя разглядала сьпіс кандыдатур на пасаду галоўнага трэнэра зь дзевяці чалавек, пазьней ён скараціўся да пяці, яшчэ пазьней — да трох. Называць нейкія прозьвішчы Нявыглас ня стаў, толькі адзначыў, што там былі, як замежныя, так і беларускія спэцыялісты.

Паводле словаў Нявыгласа, Штанге быў абраны паводле наступных крытэраў: кваліфікацыя трэнэра; досьвед кіраўніцтва нацыянальнымі зборнымі; гатоўнасьць узначаліць інстытут зборных; ясная праграма; веданьне славянскага мэнталітэту і расейскай мовы.

Разам з тым, расказваючы пра новага «коўча», Нявыглас пераблытаў Ірак, дзе раней працаваў Штанге, зь Іранам.

Пасьля слова ўзяў сам Штанге. Ён пачаў прамову на някепскай расейскай мове, паабяцаўшы праз два месяцы паслугоўвацца безь перакладніка, але потым усё ж перайшоў на нямецкую. Штанге адзначыў, што ўсе мы сёньня марым пра чэмпіянат сьвету. Менавіта трапляньне на чэмпіянат сьвету‑2010 і ёсьць асноўнай мэтай і задачай для зборнай.

Бэрнд Штанге будзе стала жыць у Менску, паводле кантракту на Радзіму ён зьедзе толькі падчас калядных вакацыяў. Ягоны кантракт разьлічаны на гэты год, а таксама на наступны адборачны цыкл. Сума кантракту не разгалошваецца.

Разам са Штанге ў Менск прыляцеў яшчэ адзін нямецкі трэнэр — Гаральд Іршмэр, які будзе асыстэнтам у зборнай.

Ужо праз тры тыдні наша зборная правядзе першы матч пад кіраўніцтвам новага трэнэра. Супернікам у таварыскай гульні будзе каманда Ізраілю, на наступным тыдні Штанге ўжо назаве склад на гэты матч.

Першая фраза, якую нямецкі трэнэр адрасуе да гульцоў зборнай, будзе: «Нельга падняць камень адным пальцам».

***

Гісторыя прызначэньня

Юры Пунтус падаў у адстаўку ў чэрвені пасьля дзьвюх паразаў нацыянальнай каманды ад баўгараў. Тады зборная страціла літаральна ўсе шанцы трапіць на Euro‑2008. Нават вожыку было зразумелым, што новым галоўным трэнэрам стане замежнік. Сярод прэтэндэнтаў называліся імёны чэмпіёна Эўропы‑1972 немца Хорста Кёпеля і чэха Ўласьціміла Петаржэлы, які трэніраваў піцерскі «Зэніт». Абодва былі зацікаўленыя ў прапановах БФФ, але абралі Штанге.

Бэрнд Штанге нарадзіўся ў 1948 г. на тэрыторыі Нямеччыны, акупаванай савецкімі войскамі (ад 1949 — ГДР). Гульнявая кар’ера ня склалася — ўжо ў 22 гадыён вымушаны павесіць буццы на цьвік празь цяжкую траўму. Ледзь не адразу пасьля гэтага Штанге заняўся трэнэрскай працай. Малады спэцыяліст узначаліць «Карл Цайс». З камандай ён двойчы выйграў першынства ГДР (1972, 1975). Пасьля ён пачаў працаваць з моладзевай і нацыянальнай зборнымі ГДР.

Пасьля развалу Бэрлінскага муру Бэрнд Штанге працаваў трэнэрам «Герты», але сышоў у адстаўку, бо сталі вядомыя ягоныя кантакты з «Штазі». Шмат гадоў Штанге пад псэўданімам «Курт Вэгнэр» зьяўляўся інфарматарам спэцслужбаў: ён «стукаў» на гульцоў, якіх трэніраваў.

У 1994 г. Штанге стаў першым замежным трэнэрам у абшарах былога СССР — ён узначаліў днепрапятроўскі «Дняпро», затым — кіеўскі ЦСКА. Штанге добра ведае расейскую мову, што таксама дапамагло яму стаць трэнэрам нацыянальнай зборнай Беларусі.

Таксама Штанге працаваў у аўстралійскім «Пэрт Глоры», кіпрскім «Апалёне» і ў зборнай Аману.

У 2002 г. Удай Хусэйн, сын Садама, угаварыў Бэрнда ўзначаліць ірацкую зборную. Гэты крок Штанге рэзка крытыкаваўся ў нямецкай і эўрапейскай прэсе. Напярэдадні пачатку бамбардаваньня Іраку ў 2003 г. Штанге пакінуў краіну. Створаная немца зборная Іраку сэнсацыйна заняла чацьвёртае месца на Алімпіядзе‑2004 у Атэнах. А ўчора іракцы, ужо бяз Штанге, упершыню ў гісторыі заваявалі Кубак Азіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?