У 2013 годзе санаторыі Беларусі плануюць прыняць на 15% іншаземцаў больш, чым летась. Аб гэтым паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Мікалай Мазур 18 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, у апошнія гады колькасць іншаземцаў у беларускіх санаторыях расце. У асноўным адпачынку ў здраўніцах Беларусі аддаюць перавагу расіяне. У 2012 годзе ў беларускіх санаторыях адпачылі 227,3 тыс. іншаземцаў — на 17,5% больш, чым у 2011 годзе. Для параўнання: у 2012 годзе пуцёўкі ў санаторыі купілі 317 тыс. беларусаў.

Больш за ўсё іншаземцаў — 34,7% — адпачывала ў Мінскай вобласці. Найбольш запатрабаваным быў адпачынак на Нарачанскіх азёрах і Мінскім моры. Таксама расіяне часта выбіралі санаторыі Гомельскай і Брэсцкай абласцей. На думку Мазура, перспектыву для прыцягнення турыстаў мае Віцебская вобласць, якая славіцца прыгажосцю прыроды.

Як паведаміў Мазур, па выніках 2012 года замежным грамадзянам было рэалізавана паслуг на 1 трлн. 33,3 млрд. рублёў, у 2,3 разу больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года.

Значную выручку санаторыі атрымліваюць ад укаранення дадатковых паслуг — медыцынскіх працэдур, СПА-догляду і г.д., якія ў іншых краінах значна даражэйшыя, чым у Беларусі, адзначыў Мазур. У 2012 годзе баларускія санаторыі прапаноўвалі каля 200 дадатковых паслуг.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?