19.02.2013 / 01:42

Фінансавы падмурак Расіі захістаўся 15

Масква больш не зможа шантажаваць Еўропу газам, мяркуе польскі аналітык.

Для Польшчы гэта выдатная навіна, а ў доўгатэрміновай перспектыве — нават больш аптымістычная, чым адваяваныя на саміце ЕС сродкі на палітыку аб’яднання. Чым слабейшы будзе Газпрам, тым менш ён будзе экспартаваць газу і тым менш паступленняў атрымае расійскі бюджэт і тым большыя будуць шанцы, напрыклад, на прыпыненне амбіцыйнай расійскай праграмы мадэрнізацыі арміі. З 1960-х гадоў Расія, тады яшчэ як СССР, трымаецца на гандлі вуглевадародамі. Сезонныя або часовыя ваганні цэн і аб’ёму экспарту былі для яе бяспечныя, але зараз усё будзе інакш. Змяняецца сусветная мадэль забяспечання энергарэсурсамі, а гэта ўдар па самай адчувальнай кропцы Масквы.

1.

Паводле дадзеных Федэральнай мытнай службы Расіі, у 2012 годзе аб’ём экспарту газу знізіўся на 4%, а здабычы — на шэсць. Страты, магчыма, яшчэ не такія вялікія, аднак тэндэнцыі да паніжэння пачаліся яшчэ ў 90-х, а новыя дадзеныя аказаліся самымі негатыўнымі за дзесяць гадоў. У найбліжэйшыя гады лепш не стане. Газпрам не інвестуе ў здабычу. У мінулым годзе ён вырашыў не пачынаць распрацоўку Штокманаўскага радовішча ў Арктыцы і не падпісаў дамовы на пастаўку блакітнага паліва з Кітаем, таму што Пекін не пагадзіўся з прапанаванай цаной. Канцэрн спрабуе ўтрымаць цяперашнюю пазіцыю, аднак перспектывы яго флагманскіх праектаў — газаправода «Паўночны паток» і будаванага «Паўднёвага патоку» — былі пераацэненыя. Іх прапускная здольнасць пераўзыходзіць патрэбы спажыўцоў. Сусветныя рынкі заваёўвае звадкаваны газ, які пастаўляецца па кароткатэрміновых (спотавых) кантрактах, а рынак ЗША — газ сланцавы. Таму Газпрам быў вымушаны знізіць цэны для еўрапейскіх спажыўцоў па доўгатэрміновых кантрактах. У найбліжэйшай перспектыве расійскаму канцэрну наогул давядзецца адмовіцца ад доўгатэрміновых дамоваў і ўвязкі цэнаў газу і нафты, а калі ён гэтага не зробіць — знізіць стаўкі. Так ці інакш, дзяржаўны бюджэт пацерпіць.

Еўропе трэба ўсё менш газу з Сібіры.
Не толькі таму, што яна можа купіць яго танней у іншым месцы. Прычын некалькі: па-першае, крызіс, па-другое, арыентаваная на эканомію энергетычная палітыка, па-трэцяе, кліматычны пакет, нацэлены на развіццё зялёнай энергіі, і па-чацвёртае, адраджэнне вугальных электрастанцый. Часопіс The Economist пісаў, што ў 2012 годзе імпарт вугалю з ЗША на Стары кантынент вырас на цэлых 30%. Чаму? У якасці крыніцы энергіі ён таннейшы за расійскі газ. З тых самых прычынаў, напрыклад, у Германіі, якая зрабіла стаўку на энергію з аднаўляльных крыніц, энергетычныя кампаніі ў першую чаргу адмаўляюцца ад газу, але працягваюць, пакуль гэта яшчэ магчыма, трымацца за вугаль.

2.

Перад маштабным энергетычным крызісам 70-х Расія прадавала нафту за 50% яе рынкавай цаны. Менавіта тады яна ператварыла сыравіну ў палітычны інструмент, які меў не меншую вагу, чым ядзерныя боегалоўкі і экспарт рэвалюцыі.

Яна дзейнічала як наркадылер: давала тавар за паўцаны, каб на яго падсадзіць.
Потым тавар даражэў, але залежнасць, напрыклад, у выглядзе трубаправодаў, засталася. Аналагічны фінт праз два дзесяцігоддзі быў праведзены з газам. На нашых вачах такая сістэма сыходзіць у мінулае. І гэта не ваганні кан’юнктуры, а свет новай энергетыкі. Польшча зноў атрымала падарунак лёсу. Як тады, калі пасля падзення камунізму НАТО і ЕС прынеслі ёй пры дапамозе інтэграцыйных працэдур такія цывілізацыйныя стандарты, да якіх яна магла б ніколі не прыйсці самастойна. Ізноў дастаткова разгарнуць ветразі і плыць наперад: будаваць газавы тэрмінал, газаправоды-перамычкі, свідраваць скалы ў пошуках сланцавага газу і ні ў якім разе не дазволіць навязаць сабе абсурдныя кліматычныя мэты ЕС. Вугаль павінен застацца каралём польскай энергетыкі.

3.

Акрамя таго ў перыяд пуцінскага вуглевадароднага росквіту Расія не запусціла механізмаў пераарыентацыі эканомікі з сыравіннай на прамысловую або постіндустрыяльную мадэль. У яе было на гэта дастаткова сродкаў і часу. Адплатай за зробленую памылку ўжо праз адзін-два дзясяткі гадоў стане аслабленне краіны.

0
Serg / Адказаць
19.02.2013 / 12:29
Калі Дзярждэп здолее стварыць канкурэнцыю паміж Блізкім Усходам і Расеяй, тады і пачнецца самае цікавае. Хістанне коштаў гэта толькі пачатак.
0
га? / Адказаць
19.02.2013 / 12:30
Дык а беларусу што з таго? Нам лепей стане?
0
$ / Адказаць
19.02.2013 / 12:36
Іржавую трубу назад бясплатна забяром.
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру