Таццяна Барысік - пісьменніца. Жыве ў Магілёве. Працуе настаўніцай.

Таццяна Барысік - пісьменніца. Жыве ў Магілёве. Працуе настаўніцай.

“У з’яўленні палтэргейсту могуць быць вінаваты язычніцкія пахаванні» — артыкул раёнкі пад такою назваю трапіў мне на вочы ціхаю летняй ранічкай, каб змяніць жыццё назаўжды.

Тады я ні пра што такое і блізка не магла здагадацца. Проста позірк зачапіўся за чарнічны россып літараў і ўжо не здолеў адпусціць той газетны радок. «У з’яўленні палтэргейсту вінаваты язычніцкія пахаванні — да такой высновы прыйшлі супрацоўнікі абласной газеты «Дняпроўскія хвалі». Нагадаем, у ноч на дзясятае ліпеня ў доме па завулку Кастрычніцкім рабіліся дзіўныя рэчы: са столі то лілася вада, то сыпаўся пясок, самастойна перамяшчалася мэбля, загараліся фіранкі. Як паведаміла дырэктар краязнаўчага музея Анціпенка С., некалькі год таму непадалёк ад завулка, на беразе ракі Вільчанкі былі знойдзены старажытныя пахаванні ІІ—ІІІ стст. н. э. , што ўтваралі сабою кола, у цэнтры якога, магчыма, знаходзіўся ідал і праводзіліся рытуальныя ахвярапрынашэнні», — чытала я, і абурэнне скаланала мяне. Канечне, нават па гэткім пытанні ўласных думак няма, абавязкова з вышэйстаячай інстанцыяй параіцца трэба! Усё яны ў вобласці лепей за нас ведаюць — і хто вінаваты, і дзе ідал у ІІ ст. нашай эры стаяў. Які б бязмен з вобласці ці сталіцы ні прыехаў — ён тутака і найвышэйшы суд, і першы разумнік, і ледзь не намеснік Бога на зямлі.

«Не выключана, што палтэргейст звязаны са старажытнымі могілкамі. Ніякіх рацыянальных тлумачэнняў няма», — запэўнівала раёнка.

«Ёсць! Ёсць! Ёсць!» — затахкала раптам у скронях. Мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна — нечаканае прызнанне ўсплыло словамі калектыўнай споведзі ў касцёле. А ў памяці паўстаў той спякотны травеньскі дзень, за які да сёння сорамна.

Высокае блакітнае, яснае аж да рэзі ў вачах неба. Сонца паліць, асфальт, як патэльня. Гарадскі парк адпачынку. Рэзкі гарлавы вокліч, паўсотні ног, нібы адбіваючы нейкі вар’яцкі рытм, крочаць па зачараваным коле. Грукочуць, грукочуць нешта забытае, нетутэйшае барабаны. Змярцвелая сцішанасць. Напаказ, буйным квеценем, быццам у апошні раз, красуе старая яблыня. Пісягі чужое крыві на дзіцячых шыях. Вялізная шыльда з надпісам. «Дзень піянерскага сяброўства. Агляд сцягавых груп». Дзяўчынка гадоў дзесяці — ёй бы лялькам косы заплятаць — страявым крокам з каменным выразам твару шыбуе да стала ў цэнтры. Смірна! Рука да пілоткі. Рапарт. Вольна!

Ля стала стаяць бы старажытныя ёлупні чальцы камісіі.
Кіраўнік усіх піянераў раёна Ніна Раманаўна, мажная цётка з чырвоным тварам, мужна перамагаючы цяжкасці міжзапойнага перыяду, паблажліва ўсміхаецца: «Малайчына, і я з гэтага пачынала. Да сканчэння школы яшчэ лепш маршыраваць навучышся!» Старшыня ветэранскай арганізацыі, бадзёры дзядок гадоў сямідзесяці (цікава, у якой вайне ўдзельнічаў), паціскае дзяўчынцы руку і ўручае дыплом пераможцы: «Расце змена!»

А я, педагог-арганізатар прыгараднай школы, хаваюся ля яблыні. Мае вусны шапочуць як мантру: «Тая ж выхаваўчая работа, тая ж выхаваўчая работа». Мае глузды ўпершыню адмаўляюцца гэта слухаць і ніяк не могуць дапяць, дзе ж мае вочы ўжо бачылі ўсё гэта. Ага, спапяляючая гарачыня. Ахвярная кроў на руках і шыях хударлявых падлеткаў. Іх ногі зладжана рухаюцца па коле. Гэткія ж гарлавыя воклічы са змярцвелым маўчаннем мяжуюцца. Вялізныя тамтамы ва ўсю моц б’юць. Нават дрэва збоку ёсць. Не яблынька ў квецені, а нешта на акацыю падобнае ці на баабаб…Тэлеперадача «Клуб кінападарожнікаў» прысвечаная традыцыям дзікіх афрыканскіх плямёнаў.

Абрад нетутэйшай ініцыяцыі ў Беларусі. І я, саўдзельніца чужынскага дзікунства, у белую блузачку ўстроілася. Хоць ільвіная грыва або футра якой гіены былі б больш дарэчы.

Адразу прыгадалася піянерскае дзяцінства сярэдзіны васьмідзясятых. Хлусня і страх — тая ж выхаваўчая работа.
Нейкі ідыёцкі парад у трэцім класе. Я крочу ў форме, якая нагадвае марацкую, на галаве — дзіўны ўбор накшталт бесказыркі. Ён вось-вось зваліцца долу, я ж баюся гэтага больш за ўсё на свеце: тады нам здымуць нейкія балы і мяне ўзненавідзяць праз тую клятую шапку, як узненавідзелі дзяўчынку з 4 «Б», што плача ля сценкі... Усё-такі добра, што тая піянерыя ляснулася! Ужо праз якія два-тры гады пераканаць мяне збіраць макулатуру, то бок бясплатна валтузіцца з бруднай паперай, або насіць піянерскі гальштук не здатныя былі ані ўхвала, ані пагрозы.

І вось на табе — мінула дзесяць-дванаццаць год і я сама рыхтую вучняў да ўдзелу ў дзікунстве раённага маштабу! Чаму абрала такую работу? Ды гэта работа абрала мяне!

Хаця я і не была актывісткаю ў школьныя гады, але вучылася амаль на выдатна. Вось і паслалі мяне ад раёна па мэтавым накіраванні ў Інстытут культуры.
Адвучылася. Вярнулася. А тут за пяць год усё перайначылася. У ДК людзей хапае, гурткоў больш як гурткоўцаў, у аддзеле культуры спрэс працоўныя дынастыі... Тады ў райвыканкаме прапанавалі ў школу, педагогам-арганізатарам: маўляў, будзеш дыскатэкі ды ранішнікі ладзіць. Я пагадзілася — куды дзявацца. А пра піянераў ужо на месцы дазналася.

«Тая ж выхаваўчая работа», — запэўніла завуч, пабачыўшы мой спалоханы позірк. Я ж верыла, што ўся тая лажа даўно ў мінулым... Аж не! На сценах піянерскага пакоя — тыя ж міфалагічныя істоты, запомніць якіх праз адсутнасць індывідуальных рысаў у іх абліччах я так і не здолела. І чаму на розных партрэтах Паўлік Марозаў ды Марат Казей па-рознаму выглядаюць? Мо таму, што насамрэч такіх людзей не было ніколі?

Пачала працаваць. Спачатку нават падавалася, што праца карысная. Ладзіла бясконцыя Дні: ведаў, касманаўтыкі, непалення, барацьбы са СНІДам, канстытуцыі, вываду войскаў з Афганістана, здаровага ладу жыцця, савецкай арміі, дарожнага руху, маці, 8 сакавіка, святога Валянціна і халера ведае чаго яшчэ.
Павязвала разумнейшым вучням гальштукі і везла на раённыя конкурсы ды канцэрты. І, ведаеце, неяк удавалася ў плынь трапіць, ніводнага разу без прызавога месца не вярталіся.

Аднаго разу загадалі выпусціць насценгазету на ваенную тэматыку. «І калі ўжо тая вайна скончыцца», — стагналі настаўнікі. Я не стала маляваць сонечнага зайчыка і ляпіць яму на лоб фота мясцовага ветэрана, не перапісвала самастойна перадавіцу з раёнкі як арганізатар суседняе школы, а пайшла іншым шляхам. Памяняла ў той перадавіцы месцамі сказы, а перапісаць прымусіла вучаніцу — не дужа кемлівую, але старанную дзяўчынку, каб кідаўся ў вочы дзіцячы почырк. Апроч таго, унізе пазначыла выходныя дадзеныя органа друку. У выніку стала пераможцай, атрымаўшы саламяную ляльку ў падарунак!

Піянерскімі справамі ў раёне кіравала дваццацівасьмігадовая Ірачка. Караценькая спаднічка ў гармонік, заўсёдны піянерскі значак на камізэльцы, як гулліва сцвярджала яна сама — цудоўная нагода для знаёмства.
Гэтая супрацоўніца аддзела адукацыі хутчэй нагадвала пераспелую васьмікласніцу і ніколі не забывалася нават на адказных мерапрыемствах у гонар Вялікай Айчыннай страляць вочкамі ў бок баяніста Лёнечкі. Але крыві асабліва не псавала. Крыху раззлавала толькі аднойчы, калі ў 25-градусны мароз запрасіла настаўнікаў з далёкіх вёсак на семінар, каб павучыць іх рабіць паштовачкі ў форме сэрца да Дня святога Валянціна.

Пасля Ірачка зацугляла Лёньку і сышла ў дэкрэт. Вось тут і пачалося самае цікавае! На Іраччыну пасаду прызначылі метадыста Ніну Раманаўну, адзіную жанчыну-ваенрука ў раёне. Здольнага арганізатара, фанатку піянерскай справы, што, апроч мужчынскае прафесіі, мела нязломны характар, суровую знешнасць, гучны нізкі голас і незвычнае для старой дзеўкі захапленне — чарку, часам некалькі дзён запар.

З яе прыходам вайна нібы разгарэлася з новай сілай. Сваю кар’еру ў далёкія васьмідзясятыя Ніна Раманаўна пачала пія-нерважатай вясковай школы, а вайсковую падрыхтоўку ўзялася выкладаць потым, скончыўшы тры курсы нечага завочнага і празмерна захапіўшыся маршыроўкай ды ганаровымі каравуламі.

Яна пачала дзейнасць на новай пасадзе з сустрэчы важацкіх пакаленняў. Звалакла аднекуль сяброў баявога юнацтва, з якімі разам у барабан лупіла, каб тыя павучылі нас працаваць. Сталы ламаліся ад закускі і выпіўкі, фуршэт зладзілі ў Доме дзіцячай творчасці. Забаўляльнай частцы мог нават сталічны цырк пазайздросціць! Падпітыя дзядзькі і цёткі шыхтамі хадзілі ў пілотках пад піянерскім сцягам і спрабавалі спяваць дзіцячыя песні часоў пачатку перабудовы.

А пасля былі бясконцыя навучанні сцяганосцаў, барабаншчыкаў, агляды песні і строю. Складалася ўражанне, што перад Днём Перамогі ўладу ў асобна ўзятым раёне захапіла ваенная хунта.

«Дзецям маршыраваць карысна, ля кожнага помніка героям вайны неабходна паставіць піянерскую варту». Чарговая дырэктыва Ніны Раманаўны выклікала нечуваную радасць у вясковых школьнікаў. Юныя вартавыя вызваляліся ад заняткаў і маглі гуляць у хованкі паміж магільных камянёў цёплымі вясновымі дзянькамі.

Але росквіт мілітарызму прыпаў на той дзень піянерскага сяброўства ў гарадскім парку.

Я не магла ачомацца яшчэ доўга. Самым брыдкім было ўсведамленне таго, што я і такія, як я, дапамаглі яму адбыцца.

Празмерна паслухмяныя хлопчыкі і дзяўчынкі ссівелі, а дарослымі так і не зрабіліся.
Ласыя на пахвальбу старэйшых па пасадзе, па званні, па веку — неістотна. Не разумелі? Не бачылі? Шчыра верылі ў сваю правільнасць? Былі і такія. Большасць жа проста сапла ў дзве дзіркі, прыняўшы правілы гульні: жыццё ў стане перманентнае ганьбы ўзамен на больш-менш забяспечаную старасць. Прыкінуліся ягадкамі-дурнічкамі! Тая ж выхаваўчая работа… Усё перамелецца — неяк будзе…
Не перамалолася! Чужынскія нячысцікі, гукамі тамтамаў пакліканыя, спачатку ў нашыя вантробы ўсяліліся, а потым пачалі і звонку бушаваць. Роўна праз сорак дзён пасля таго сатанінскага параду ў горадзе аб’явіўся палтэргейст. Мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна.

Скачуць, скачуць афрыканскія чэрці па нашай зямельцы, а мо гэта духі старога капішча з імі сілаю мераюцца? Мусіць абрыдла стагоддзямі глядзець, як кожнае заезджае быдла на іхняй бацькаўшчыне мала што прыжываецца, дык яшчэ і парадкі свае пачынае заводзіць.

З палтэргейстам трэба змагацца — але як? Наўрад ці на нетутэйшую субстанцыю падзейнічае царкоўны ладан. Дыхлафос таксама тут не памочнік. Нічога ж іншага я прыдумаць не змагла і таму звярнулася па параду да аднаго з самых дасведчаных людзей нашага горада ў справах цудадзейных рэчываў і анамальных з’яў.

Юра Хвост захапляўся ўсім, ад сатанізму да магіі, паліў усякую дрэнь, марыў з’ехаць у Тыбет, забіваў на вучобу і працу. Карацей, нефармал круцей няма куды — іракез на галаве, нагавіцы ў дзірках. Юрка адразу прапанаваў рашэнне — мясцовыя каноплі з гарода бабы Адэлі. Каноплі, гонкія як сосны, раслі ля ганка і пад вокнамі ў нашай сваячкі, якая жыла непадалёк ад райцэнтра ў спусцелай вёсцы. Лічылася, што яны добра адганяюць мух, каб не ляцелі ў сенцы. Я зрэзала адно каліва, наведаўшыся ў госці.

У азначаны дзень, напхаўшы сушаных канопляў у нейкія папяросы, Юркам прынесеныя, мы абкурылі ўвесь гарадскі парк, абышоўшы яго тройчы па гадзіннікавай стрэлцы і на ўсялякі выпадак супраць яе, са словамі: «Прэч, духі, прэч, тут людзі жывуць». Словы я чула ў нейкім фільме пра цёплыя краіны, з імі на вуснах вузкавокая, маршчатая як печаны яблык старая абыходзіла мазанкі.

Можа, мы і выглядалі вар’ятамі, але не больш чым тады, на сатанінскім парадзе. Ну, а каб канчаткова пазбавіцца ад палтэргейсту не толькі звонку, а і ў душы, я падала заяву на звальненне.
У РАА , канечне, упіраліся: «Вы падумайце, Ніну Раманаўну ў вобласць збіраюцца пераводзіць, магчыма, на яе месца станеце. Маладая, перспектыўная…»

Ад перспектыў галава не закруцілася. Я была непахіснай. Прызвання да хлусні і вы-хаваўчай работы болей не адчувала. Палтэргейст — апошняя кропля. Вось і ўсё. Цяперака няхай вырабляюць што хочуць. Хоць сабе ў тамтамы ў парку лупяць, хоць пудзіла Паўліка Марозава на цэнтральнай плошчы паляць, маёй віны ў гэтым ужо не будзе.

Самае цікавае, што неадэкватныя захады супраць анамальнае з’явы далі плён. Вось ужо дзесяць, дванаццаць, нават пятнаццаць гадоў пра палтэргейст ніхто не чуў. Можа на бацькаўшчыну паляцеў, можа ў Юрыка Хваста ўсяліўся... Але цалкам верагодна, што ён калі-небудзь вернецца. Бо за гэтыя дзесяць-дванаццаць — не варта лічыць колькі — гадоў жыццё застыла. Нічога не змянілася за выключэннем дробных дэталяў у біяграфіях жыхароў нашага райцэнтра. Акалічнасцяў, амаль не заўважных старонняму воку.

Ніна Раманаўна з’ехала ў вобласць, і надалей яе сляды губляюцца. Пагаворвалі, што спілася дашчэнту, цягаючыся па піянерскіх святах ды камсамольскіх злётах. Метадыстка Ірачка пасля дэкрэту выйшла на працу, але Ірынаю так і не зрабілася, адразу пачала ператварацца ў Васільеўну. Яна ладна раз’елася і недзе збаёдала піянерскі значок. Вочкамі Васільеўна больш не страляе, наадварот, глядзіць пільна, каб Лёнечка не падгульнуў і не напіўся, таму лётае па доме творчасці як шалёная. Пагаворваюць, можа яшчэ ў другі дэкрэтны збярэцца.

Каноплі на падворку бабы Адэлі звяліся: старая сама іх зрэзала, бо наркоты ўвесь гарод стапталі. Як што якое — ратавацца ад палтэргейсту няма чым.

І, канечне, даўно сышоў у нябыт іракез Юрыка Хваста. Ужо іншыя прыбіраюцца ў майкі са шкілетамі. А Юрык павыдурваўся яшчэ гадоў колькі і на радасць бацькам аднавіўся ў педінстытуце. Атрымаўшы дыплом, у міліцыю меціў. (Ну чаму самыя крутыя нефармалы ў юнацтве пасля ў мянты ці вайскоўцы ідуць?) Але для органаў біяграфіяй не выйшаў: ці то ягоны дзед з фронту ўцёк, ці то маці ў краме пратаргавалася. Цяпер Юрка, перапрашаю Юрый Ігнатавіч, працуе ў ПТВ, выбачаюся, прафесійным ліцэі тэкстыльшчыкаў. Спачатку вёў гурток выразнага чытання, пасля прыбраў да рук усю выхаваўчую работу. Ладзіць конкурсы плакатаў «СТОП СНІД», шукае нелегальныя кіпяцільнікі ў пакоях інтэрната. Пыхкае як паравоз, выцірае насоўкаю залысіну на лбе, скардзіцца на паводзіны навучэнак. Гэта ж трэба! Замест таго каб слухаць у актавай зале яго лекцыю аб інавацыях у галіне маладзёжнай палітыкі, забаўляюць камандзіровачных з будтрэста!

Я па страчаным не тужу, яно было толькі мрояю.
Толькі людзі з мінулага, найчасцей тыя, што вечна чакаюць сваёй долі на чужым карку, наманікюраныя лапкі склаўшы, дасталі спачуваннямі. Маўляў, разумніца, выдатніца, адукацыя вышэйшая, а рыбай у ларку гандлюеш. А па мне — праца як праца, усё як ва ўсіх. Сям’я шчаслівая. Праўда, шчаслівы ў ёй кожны паасобку. Сын — калі да камп’ютара дарвецца, муж — не ведаю, дзе знайшоў сваё шчасце, але каля крамы не відаць даўно. Я ж наймацней адчуваю задавальненне жыццём увечары, калі пасляпрацоўная цемра мікрараёна заглынае мяне ў сваю пашчу і я, дабраўшыся дадому, ахінаюся коўдраю і падаю на канапу.
Нягледзячы на сумесь шкадавання і дакору ў бацькоўскіх вачах, я не зайздрошчу перспектыўнай моладзі.
Часам лаўрэаты, стыпендыяты, дыпламанты і іншыя маладыя ўзыходзячыя зоркі, якія так і не ўзыдуць, ні аб чым не здагадваючыся, усміхаюцца ў кароткіх рэпартажах праграмы «Навіны». Нават тады я не зайздрошчу. Бо ў іх усё яшчэ наперадзе. А я — сярод селядцовага смуроду, у адзежы з тлустымі плямамі — бруднымі справамі не займаюся.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?