Надзвычайныя захады бясьпекі, параўнальныя хіба з справай аб тэракце ў мэтро, прынятыя ў менскім Доме правасудзьдзя, дзе трэці тыдзень у закрытым рэжыме праходзіць працэс над гэтак званай бандай «Пасялковых».

Фармальна працэс праходзіць у Менскім гарадзкім судзе, але для яго выкарыстоўваюць залю ў Доме правасудзьдзя, бо «ў гарадзкім судзе няма адпаведных умоваў», патлумачыў 19 лютага на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Валер Калінковіч.

Усяго судзяць 10 чалавек, якіх абвінавачваюць у разбойных нападах, а таксама ў гвалтоўных дзеяньнях, чым і тлумачыцца закрытасьць працэсу.
Больш ніякіх падрабязнасьцяў Калінковіч не паведаміў.

Маскі, аўтаматы, дадатковыя боепрыпасы

У пачатку лютага карэспандэнт «Свабоды» цягам некалькіх дзён бачыў на першым паверсе Дома правасудзьдзя, які лічыцца тэрыторыяй Ленінскага суду, спэцназаўцаў у чорных масках. Вайскоўцы былі ўзброены незвычайнымі аўтаматамі з даўгімі стваламі, мелі ў адмысловых кішэнях дадатковыя боепрыпасы і зброю. Гэтыя людзі дзяжурылі ў калідоры, калі побач ішоў закрыты працэс. У той жа час у двары Дома правасудзьдзя стаялі два аўтазакі, якія прывозілі падсудных на працэс. Адметна, што цягам усяго паседжаньня міліцыянты асобна ахоўвалі і гэтыя аўтазакі. Інфармацыю пра працэс у судзе атрымаць не ўдавалася. Адвакаты, якія ўдзельнічалі ў працэсе, адмаўляліся назваць свае прозьвішчы і прозьвішчы абвінавачаных. Сьведкі, якія праходзілі на працэс, не кантактавалі з журналістамі. На мінулым тыдні ў калідоры Ленінскага суду спэцназаўцаў не стала.

«Працэс працягваецца. Магчыма, там кароткатэрміновы перапынак, паведаміць не магу. Але працэс яшчэ не завершаны», — паведаміла 19 лютага супрацоўніца Менскага гарадзкога суду карэспандэнту Свабоды.

Хто такія «Пасялковыя?»

«Відаць, за іх ізноў узяліся. Гэта была вядомая банда, зь якой зьвязаныя браты Логінавы, вядомы крымінальны аўтарытэт Барада, які трымаў менскую злодзейскую касу й зьнік, як зьніклі злодзеі ў законе Шчаўлік ды іншыя.
«Пасялковых» усіх пералавілі і пасадзілі ў сярэдзіне 2000-х гадоў, але некаторыя іх справы пачалі зноў усплываць. Вялося новае расьсьледаваньне і, відаць, справа дайшла да суду», — пракамэнтаваў «Свабодзе» Сяргей Сацук, які як журналіст спрабаваў дасьледаваць дзейнасьць крымінальных груповак Беларусі.
Паводле МУС, групоўка «Пасялковыя» асабліва актыўна дзейнічала ў 2001 годзе, але браты Логінавы сталі вядомыя на некалькі гадоў раней.
Гэта Аляксандар Логінаў у 1998 годзе ў начным клюбе «Макс-шоў» параніў зь пісталета хакейнага трэнэра Міхаіла Захарава і ахоўніка клюбу. Вядома, што сьведкам інцыдэнту стаў старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар, які быў госьцем клюбу.

Што да Генадзя Логінава, то спачатку ён займаўся легальным бізнэсам, але потым, паводле дадзеных МУС, стаў зарабляць крымінальным порнабізнэсам ды заняўся адмываньнем грошай. Дзеля гэтага пры ўдзеле былога курсанта Акадэміі МУС Барыса Рубацкага ў Бараўлянах пад Менскам быў зьняты катэдж, дзе працавала група праграмістаў. Паводле сьледчых, на гэтым бізнэсе Логінаў і ягоная групоўка зарабілі каля 5 мільёнаў даляраў. Але ня грэбавалі яны й звычайнымі выкраданьнямі людзей з далейшым «выбіваньнем» зь іх грошай у лесе. У 2004 годзе Генадзь Логінаў быў прызнаны судом вінаватым у выкраданьні людзей, рабаўніцтве, махлярстве і стварэньні злачыннай групоўкі. Да нядаўняга часу ён адбываў пакараньне ў калёніі ў Наваполацку. Чаму ім зноў зацікавіліся праваахоўнікі?

Свой у свайго грошы скраў

Як пісала у 2011 годзе інтэрнэт-выданьне «Ежедневник», надоечы ўсплыло неардынарнае злачынства — выкраданьне ў пачатку 2000-х гадоў вядомага ў крымінальным сьвеце махляра з мэтай вымагальніцтва грошай.
Паводле сьледзтва, да гэтага злачынства меў дачыненьне Генадзь Логінаў. Хутка апэратыўнікі затрымалі чатырох чальцоў групоўкі, якім раней удавалася пазьбегнуць адказнасьці. Гэта былі два беспрацоўныя, а таксама інструктар па спорце «Габрэйскага культурнага таварыства «Эмуна» і бармэн кавярні «У Пунтуса», якая належала вядомаму спартоваму трэнэру. Назіральнікі не выключаюць, што менавіта гэты эпізод стаў складнікам новай крымінальнай справы супроць Генадзя Логінава і рэшткаў ягонай злачыннай групоўкі. «Закрытасьць» працэсу адмыслоўцы тлумачаць тым, што ў справе фігуруюць эпізоды, зьвязаныя зь дзіцячымі парнасайтамі.

Варта нагадаць, што ў мінулым годзе праваахоўнікі заяўлялі, што «прыхлопнулі» адразу некалькі падпольных парнастудый. Магчыма, яны неяк зьвязаныя зь людзьмі з групоўкі «Пасялковых», — мяркуе журналіст Сяргей Сацук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?