І стаялі людзі і глядзелі.А насміхаліся разам з імі
    і начальнікі, кажучы:
    іншых ратаваў, хай уратуе Сябе Самога,
    калі Ён Хрыстос,
    выбранец Божы.
    Лукі 23:35

31 студзеня 1863, праз тыдзень пасля абвяшчэння паўстання супраць Расейскай імперыі, атрад з двухсот узброеных паляўнічымі стрэльбамі і пісталетамі хлопцаў увайшоў у мястэчка Шарашова.

Паўстанцы пад кіраўніцтвам шляхціца Рамана Рагінскага ішлі з Пушчы: менавіта туды па сігнале сцякалася моладзь, падлеглая раптоўнаму рэкруцкаму набору ў заходніх губернях — так царскі ўрад разлічваў абяскровіць хваляванні, выкліканыя адменай прыгону. Ішлі як гаспадары: у адрозненне ад расейскай жандармерыі, жаўнераў і чыноўнікаў, яны былі на сваёй зямлі. І сустракалі іх як вызваліцеляў: «Нашы!..»

У Шарашове вітаць герояў каля касцёла сабралася ці не ўсё мястэчка. «Нашых» забяспечылі паўшубкамі, лекамі, бялізнай, ежай…

Потым былі Пружаны, таксама ўзятыя без бою (начальнік аховы ўцёк, пераапрануты селянінам), першыя сутычкі з вартавымі залогамі акупантаў, бітвы з рэгулярным войскам, далёкія рэйды ў глыбіню Беларусі (атрад Рагінскага прайшоў усё Палессе, самога шляхціца паланілі пад Туравам), дэвіз «межы Айчыны пазначым крывёю!» І паразы. І дзікае паляванне — аблавы па ваколіцах ды лясах. Арышты. Следства. Катаванні… Касцёлы, ператвораныя ў турмы.

І, нарэшце, укрыжаванні — шыбеніцы Мураўёва-вешальніка.

Наваколле Пушчы як логва паўстання Расея вырашыла выпаліць жахам. Замардаваных «інсургентаў», што некалькі месяцаў таму трыумфальна ўваходзілі ў Шарашова ды Пружаны, вешалі ўздоўж дарогі на Купічы — гасцінец на Вільню, 3 кіламетры шыбеніцаў.

Каб нават у астатніх сутаргах змучаныя беларусы не даставалі нагамі роднай зямлі. І забаранілі здымаць — пад страхам смерці.

Ужо потым, калі шлях ад смуроду зрабіўся нясцерпным, здранцвелыя трупы сцягвалі ў ямы пры дарозе — па дзесяць-пятнаццаць у кожную.

Праз 150 гадоў такім жа ціхім сінім вечарам па талым снезе, па якім паўстанцы калісьці ўваходзілі ў Шарашова, на гэтай дарозе сабраліся людзі з бліжэйшых Пружанаў, Малеча, Бярозы…
Сабраліся, каб нарэшце запаліць на знак памяці свечкі ад Шарашова да самых Купічаў. А пасля — на канцэрт Андрэя Мельнікава, які прыехаў у Пружаны спяваць свае найлепшыя балады.

Тыя, хто тады перамог, — чамусьці не святкуюць. Ані дату далучэння беларускіх земляў да Расеі, ані дзень народзінаў Мураўёва, ані дзень смерці Каліноўскага.

Але нашчадкі тых, каго вешалі, — памятаюць.

Дарога з Шарашова на Купічы цяпер асветленая агнямі — каб Богу згары быў бачны той шлях. Жыць жыццё сярод страху, дзеля некалькіх месяцаў волі у безнадзейнай вайне, выступіць — і памерці…

А можа, і праўда паўстанні 1830—1863 гг. насамрэч былі правакацыямі царскага шэфа жандараў, Бенкендорфа, ды ягоных наступнікаў, якім карцела адабраць маёнткі ў беларускіх магнатаў ды шляхты?

Няўжо дваццацігадовыя, узброеныя дубальтоўкамі ды косамі супраць рэгулярнага, шматкроць большага войска, ды з гарматамі, не разумелі, што паўстанне асудажна?

Тыя, хто возьмуць меч, ад мяча і загінуць.

Але — колькі святых, ды і сам апостал Пётр, за меч усё-ткі хапаліся, гатовыя аддаваць сваю душу за іншых!

Сумленны беларус, наро-джаны ў час Каліноўскага, мог выбраць шлях Дастаеўскага. Служыць імперыі, каб як мага глыбей ператвараць яе знутры праўдай і прыгажосцю. Мог выбраць шлях Міцкевіча — выгнанне і змаганне за волю на чужыне. Шлях Баброўскага, урэшце, спярша ўніята, а потым праваслаўнага — упакорыцца сіле, але ціха і настойліва ратаваць людзей вакол сябе…

Гарачыя маладыя сэрцы выбралі паўстанне. І вось пытаюся самога сябе: ці не ёсць дарога на Купічы, устаўленая шыбеніцамі, шляхам да самагубства?

Ключавая падзея эпохі беларускага адчаю, паўстанне насамрэч было вялікай ахвярай. Да гэтага вузкая, шляхецкая патрыятычная свядомасць раптам пашырылася да ўсенароднай, незалежніцкай. Польскасць пачала пераплаўляцца ў беларускасць. А разгром паўстання абудзіў у тых, хто застаўся ў жывых, пякучае жаданне знайсці выйсце. Пераможнае. І вось Багушэвіч (сам колішні паўстанец, паранены, доўга хаваўся ва Украіне) бярэцца абараняць сялянаў у судах, выдае хрысціянскія вершы і распачынае Адраджэнне. Хвалю падхопліваюць Дунін-Марцінкевіч, Эпі-мах-Шыпіла, народнікі-грамадоўцы і ксяндзы з БХД…

І былі і БНР, і Рэспубліка Беларусь, і вуліцы Кастуся Каліноўскага.

Сённяшняя і будучая наша незалежнасць аплочаная ў тым ліку і крывёй каліноўцаў. Тых, хто ў апошнім шыхце паўз дарогу на Купічы выцягваўся, курчыўся і не даставаў нагамі да сваёй зямлі, чые вочы вылазілі з арбітаў, каб у апошні міг убачыць неба, са сцятымі ззаду намёртва, да крыві, крыж-накрыж рукамі, са здушаным горлам, адкуль так і не выбухне крык волі, — юных, моцных, скалечаных, гатовых ірвануць з астатніх сілаў…

За Ім.

За Асуджаным, Катаваным і гэтак жа Распятым на дрэве з перакладзінай, у спазмах паміж небам і зямлёй — каб збавіць кожнага з нас Сабою.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?