02.03.2013 / 10:11

Беларусь, якой яна была: выйшаў дарагі фотаальбом з 442 здымкамі пач. ХХ ст 5

Даследчыца Вольга Лабачэўcкая выдала кнігу «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911–1912».
«Гэтая калекцыя захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Віленскага ўніверсітэта, — расказвае аўтарка. — Пра яе ведалі навукоўцы-этнографы, якія працавалі ў 1960-я. Але толькі ў канцы 1980-х дзякуючы Івану Цішчанку стала вядома, што гэтыя здымкі зрабіў беларускі этнограф Ісак Сербаў».
Усяго ў калекцыі 442 фота, але, паводле спадарыні Лабачэўскай, спачатку іх было болей за паўтары тысячы.

«Дакладна была яшчэ вандроўка Сербава ў 1913 годзе, — расказвае спадарыня Вольга. — Ён быў сябрам Паўночна-Заходняга расійскага імператарскага геа-графічнага таварыства, яны дапамагалі Сербаву фінансава падчас вандровак. Тады ж у таварыстве з’явілася ўстаноўка — падчас паездак рабіць фота, бо акурат тады з’явілася тэхніка, якая дазваляла рабіць гэта. Планаваўся і выпуск альбома паводле ягоных справаздач, аднак гэтаму перашкодзіла Першая сусветная вайна».

Здымкі, сабраныя Сербавым, захоўваюць вялікую колькасць унікальнай інфармацыі, бо да кожнага з іх прыкладалася дакладнае апісанне таго, хто выяўлены на здымку і дзе гэты здымак зроблены.

«Стварыць такі фотаальбом было неабходна, — кажа спадарыня Вольга. — Мне вельмі прыемна, што некаторыя людзі ўжо знайшлі фота сваіх продкаў дзякуючы гэтай кнізе. Усяго ў яе ўключаныя 74 населеныя пункты».

Калекцыя Сербава трапіла ў кнігу цалкам — усе здымкі, усе каментары аўтара плюс каментары ўкладальнікаў.

Юрась Ускоў

0
Фотааматар / Адказаць
02.03.2013 / 13:03
I дзе яе можна набыць?
0
Таццяна / Адказаць
02.03.2013 / 15:27
Усё цудоўна. Толькі не зразумела навошта было пісаць, што спачатку было больш за 1,5 здымкаў, калі далей тэма не была развіта. Так і не даведаўся, куды падзявалася яшчэ 1000... Можа ўсё ж было 442, а спадарыні Лабачэўскай астатнія прысніліся?
0
вольга / Адказаць
02.03.2013 / 17:24
Набывайце кнігу і чытайце. Там напісана, колькі было і прыведзены дакументы. А вось куды паделіся? Пакуль на гэтае пытанне няма адказу. Треба спадзявацца, што не згубіліся і шукаць. Кнігу можна набыць у магазіне "Прэзентацыя" (пр. Пераможцаў, 51) па выдавецкім кошце.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру