Літаратура22

«Я кнігу маю»: беларуская літаратура ў покет-фармаце

Выдавецтва «Логвінаў» прэзентавала новую серыю.

«Гэта найважнейшая серыя за 13 год існавання выдавецтва. — кажа Ігар Логвінаў. — Яе ідэя нарадзілася пасля з’яўлення кнігарні: пакупнікі ўвесь час пытаюцца „Што пачытаць?“. Такім чынам мы вырашылі, што варта выдаць у зручным фармаце класіку літаратуры за апошнія 500 год».

Выдавецтва «Логвінаў» запускае серыю кніг «Я кнігу маю» — класіка беларускай літаратуры ў фармаце покетбукаў — недарагіх кішэнных кніг у мяккай вокладцы для масавага чытача. Серыя мае быць, спадзяюцца заснавальнікі, камерцыйна ўдалая. У ёй ужо выйшаў дыскусійны зборнік вершаў Максіма Танка «Абвяржэнне», раман «не для ўсіх» «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» Ігара Бабкова, «Ордэн белай мышы» Уладзіміра Арлова, зборнік інтымнай прозы Адама Глобуса «Толькі не гавары маёй маме» і абраныя вершы Андрэя Хадановіча пад назвай «Дэжа вю».

У «Я кнігу маю» не выйдзе ніводная кніга, якая не выдавалася б да таго.

«Мы будзем перавыдаваць кнігі, зрабіўшы серыю адначасова бізнэс-праектам. — кажа ўкладальнік серыі Валянцін Акудовіч. — Я даўно лічу, што калі наш бізнэс не будзе зарабляць на нас, тады ў беларускай літаратуры няма перспектыў. Серыя прэзентуе беларускую літаратуру ад Міколы Гусоўскага да сучасных аўтараў. Цяпер мусіць выйсці „Шляхціц Завальня“ Баршчэўскага ў новым перакладзе, будуць кнігі пісьменнікаў-эмігрантаў, будуць спрэчныя і палемічныя кнігі, але ўсе яны будуць выдадзены без халтуры».

Адна з першых кніг серыі ўжо выклікала палеміку: зборнік Максіма Танка «Абвяржэнне», складзены Андрэем Хадановічам. У яе не трапіла частка найлепшых вершаў, якія ўкладальнік палічыў палітызаванымі. Але розгалас — не апошняе, чаго дабіваліся складальнікі, атрымаўся: «Абвяржэнне» — самая прадаваная кніга серыі.

«Мне падаецца, што ў гэтай серыі ў першую чаргу трэба выдаць беларускія бестселеры, — кажа Адам Глобус. — „Тутэйшыя“ Купалы, „Дзікае паляванне караля Стаха“ — бясспрэчныя бестселеры. Ці „Вянок“ Багдановіча». Што тычыцца маёй кнігі, мне не падаецца, што гэта найлепшае, што я напісаў, але я вельмі ўдзячны, што стваральнікі серыі так ацанілі маю працу».

«Важна стварыць новы, вясёлы канон беларускай літаратуры. — мяркуе Ігар Бабкоў. — Першы раз мая кніга выйшла ў паўпадпольным выглядзе. Цяперашняе выданне выглядае выдатна». Уладзімір Арлоў жартам акцэнтаваў увагу на адсутнасці цэнзуры ў выдавецтве:

«Прынамсі, ніхто не пытаўся тым разам, чаму мядзведзі ў кнізе з’ядаюць менавіта рускую Машу».

Адна з задач серыі паводле Валянціна Акудовіча — «ураўненне» пісьменнікаў. Купала, Колас, Глобус, Някляеў, Бабкоў і іншыя аўтары выходзяць у кнігах аднолькавага памеру, каштуюць аднолькава. Такім чынам складаецца поўная карціна беларускай літаратуры. Варта адзначыць, што і сваю кнігу Акудовіч уключыў у гэту серыю.

Глобус мяркуе, што чытач сам разбярэцца, хто варты: «Калі выдаць за адну цану і ў аднолькавым фармаце Платона і Дар’ю Данцову, то Платон па продажах яе «зробіць».

Абмежаванняў у серыі няма — адзін і той самы аўтар можа быць прадстаўлены некалькімі кнігамі, цяпер галоўнае для выдаўцоў наладзіць серыі належную рэкламу.

«Спадзяемся ў выніку выйсці на цэны 2–3 даляры за кнігу. — кажа Ігар Логвінаў. — Гэтая серыя будзе ўвесь час узнаўляцца, будуць дадрукоўвацца распрададзеныя кнігі, каб кожная з іх увесь час была ў наяўнасці».

Набываць кніжкі серыі можна ў кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а). Таксама выдаўцы плануюць сёлета адчыніць інтэрнэт-краму, дзе кожны ахвотны зможа спампаваць упадабанае выданне.

Каментары2

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Усе навіны →
Усе навіны

Навальнічны фронт дабраўся да Мінска

Змерайце сваю талію і рост — гэтыя дзве лічбы шмат скажуць пра ваша здароўе

Урад вызначыўся з пераносам працоўных дзён у наступным годзе

Учора ў Мінску прапаў хлопчык, які не размаўляў

«Чаму ты адключыў рухавікі?» Папярэдні даклад аб катастрофе самалёта Air India выклікаў яшчэ больш спрэчак4

«Разам адкрывалі кантынент беларушчыны». Вінцук Вячорка згадаў пра Эдварда Зайкоўскага3

На Валыні разбіўся французскі знішчальнік Mirage4

Прэм'еру і спікеру Сейма Літвы прыпомнілі, што яны 17 гадоў таму ездзілі ў Беларусь6

Падчас урагану ў Магілёве вецер знёс сабачую будку разам з сабакам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць