21.02.2013 / 08:55

У Дзень роднай мовы каля гімназіі №4 прайшоў пікет супраць русіфікацыі беларускамоўных школ дадаўся поўны рэпартаж 69

Яго правёў бацька аднаго з навучэнцаў Гэнік Лойка.

21 лютага ў свеце адзначаюць Дзень роднай мовы. У беларускамоўнай гімназіі №4 ён пачаўся своеасабліва.

Бацька аднаго ў вучняў устаў на ганку гімназіі з плакатам: «Віншую з Днём роднай мовы. Гімназія № 4 была апошняй з беларускай мовай навучання».

50-гадовы Лойка даўно і беспаспяхова дабіваецца, каб у статут гімназіі быў занесены запіс, што навучанне ў ёй вядзецца на беларускай мове.

Гэнік Лойка — адзін з пачынальнікаў барацьбы за незалежнасць Беларусі ў 1980-я.

Акцыю фільмавалі дужыя хлопцы ў цывільным.

Пасля сканчэння акцыі дужыя хлопцы ў цывільным селі ў міліцэйскі мікрааўтобус і з'ехалі.

Адміністрацыя паставілася да пікета негатыўна, але не перашкаджала дзеянню.

Гэнік Лойка пайшоў у будынак гімназіі, каб забраць скульптуру Караткевіча, якую падараваў навучальнай установе летась.

Далей за фае гімназіі Гэніка Лойку прайсці не далі.

Лойка лічыць сваю акцыю паспяховай: яна зверне ўвагу на праблему.

Адразу пасля сыходу журналістаў і Лойкі супрацоўніца школы прыбрала транспарант.

21 лютага ў свеце адзначаюць Дзень роднай мовы. У мінскай беларускамоўнай гімназіі № 4 ён пачаўся своеасабліва. Скульптар Лойка устаў на ганку гімназіі з плакатам: «Віншую з Днём роднай мовы. Гімназія № 4 была апошняй з беларускай мовай навучання».

50-гадовы Лойка даўно і беспаспяхова дабіваецца, каб у статут гімназіі быў занесены запіс, што навучанне ў ёй вядзецца на беларускай мове.
Таксама ён дабіваецца, каб настаўнікі гімназіі шырэй карысталіся беларускай мовай і каб яе вывучылі тыя з педагогаў, якія не валодаюць ёй.

Падчас акцыі Лойка заявіў журналістам, што не лічыць гімназію № 4 беларускамоўнай школай.

«Адзіная сапраўды беларускамоўная навучальная ўстанова — гэта Коласаўскі ліцэй, але ён не належыць да Міністэрства адукацыі», — сказаў Лойка.

Таксама Лойка паведаміў, што «хацеў бы ціхенька, без прэсы, беларусізаваць гэтую школу, але настаўнікі не ідуць на супрацоўніцтва. Ні кроку не было зроблена», — сказаў Лойка.

Лойка скардзіўся, што шмат хто з настаўнікаў размаўляе па-расійску. «Я прыходжу вось з такой стужкай, — Лойка зняў шапку, валасы ў яго сцягнутыя бел-чырвона-белай стужкай, мяне заўважаюць і адразу пачынаюць размаўляць па-беларуску».

Асноўнай праблемай, па меркаванні Лойкі, з’яўляецца адсутнасць заканадаўча зафіксаванага вызначэння беларускамоўнай установы адукацыі.

Ён выявіў, што летась у статут гімназіі былі ўнесеныя змены, якія дазваляюць выкладаць на расейскай мове.

«Я быў у Міністэрстве адукацыі, меў доўгую размову з чыноўнікамі. Мне сказалі, што няма прадмета размовы, маўляў, чытайце Кодэкс [аб адукацыі]. Я прачытаў — насамрэч, там няма паняцця «беларускамоўная школа», а ёсць толькі «беларускамоўны клас».

Беларускамоўныя школы былі пры Кубэ, пры партызанах, пры бальшавіках, пры Машэраве — гэта ён знішчыў апошнюю гарадскую беларускамоўную школу. А цяпер ва ўсёй краіне няма беларускамоўнай школы, толькі класы».

Намесніца дырэктара гімназіі Алена Мікалайчык запатрабавала ад Лойкі, каб ён спыніў акцыю, назвала яе несанкцыянаванай.

Пасля размовы з журналістамі Лойка накіраваўся ў будынак гімназіі, для ажыццяўлення другой часткі свайго перформансу. Мастак жадаў вынесці са школы метровую скульптуру Уладзіміра Караткевіча, якую «амаль падараваў» школе. Здзейсніць свой план Лойку не ўдалося — яму не далі ключ ад пакоя, у якім захоўваецца скульптура. Затым вахцёрка школы папрасіла Лойку і журналістаў пакінуць памяшканне школы, бо пачаліся заняткі.

На ганку школы Лойка заявіў, што лічыць сваю акцыю паспяховай. «Такім чынам, я нагадаў аб праблеме, аб русіфікацыі».

Спецслужбы, відаць, ведалі пра ягоны намер, бо каля гімназіі дзяжурыла міліцэйская «Газель», а ў ёй — некалькі асобаў у цывільным.
Яны здымалі пікет на камеру, але ў прысутнасці журналістаў не рашыліся Лойку затрымаць.
Дахаты Лойку пайшлі правесці дзве жанчыны з ліку бацькоў вучняў.
Асобы ў цывільным пагрузіліся ў сваю «Газель» і паехалі ў кірунку вуліцы Кунцаўшўчына.
Праз нейкі час Лойка паведаміў, што яго затрымліваюць.

З гімназіяй № 4 Лойку звязвае не толькі тое, што яна з’яўляецца месцам навучання яго дзяцей, але і доўгая перапіска з кіраўніцтвам.

Лойка лічыць, што беларуская мова ў гімназіі № 4 ператварылася ў фармальнасць: стэнды, дакументацыя, святы — па-беларуску, а крок у бок — і пачынаецца расейская мова.

У сваіх шматлікіх лістах Лойка прыводзіць дзясяткі прыкладаў з уласных назіранняў, калі настаўнікі ў неафіцыйных сітуацыях пераходзяць на рускую мову, не валодаюць беларускай мовай ці нават, па меркаванні Лойкі, робяць дзецям заўвагі за ўжыванне беларускай мовы.

«Дырэктар школы дасылае мне „адпіску“, што 100% настаўнікаў валодаюць беларускай мовай, але я тут жа прыводжу да яго чалавека, які можа звязаць па-беларуску толькі два словы», — кажа гэты бацька навучэнкі.

Сітуацыя, калі ў беларускамоўнай навучальнай установе размаўляюць па-руску, падаецца Гэніку Лойку недапушчальнай. Больш за тое, Лойка называе такое становішча «знішчэннем» беларускай мовы і ўсялякімі захадамі (як лістамі ў адміністрацыю, так і ў прыватных размовах) заахвочвае настаўнікаў гімназіі не ўжываць рускую мову ў сценах школы.

«Калі беларус размаўляе па-расейску, то гэта азначае толькі адно — ён размаўляе па-расейску, а не па-беларуску. Калі ён сказаў не па-беларуску, то гэта азначае толькі адно — па-беларуску не сказаў, беларускай мовы не адбылося. Калі беларускай мовы няма, то беларускай мовы няма, у дадзены момант часу, у дадзеным пункце планеты. І калі беларускай мовы няма, то немагчыма сцвярджаць, што яна ёсць. А тым больш, квітнее. Гэта і ёсць працэс знішчэння роднай мовы.

Вось чаму я заяўляю, што нашы настаўнікі знішчаюць нашу мову, бо яны менавіта знішчаюць», — піша Лойка ў лісце да дырэктара гімназіі Юрыя Бандарэнкі.

Патрабаванняў Лойка за ўвесь час шматгадовай перапіскі высоўваў шмат. Так, ён хоча даведацца «колькі педагогаў гімназіі № 4 карыстаюцца беларускаю моваю» і «колькі педагогаў не карыстаюцца беларускаю моваю ў сценах гімназіі», ад імя ўсіх бацькоў заахвочвае «выканаць нашу элементарную просьбу: каб беларуская мова была».

«Нашай Ніве» Гэнік Лойка рассказаў, што перш-наперш «хоча вярнуць фармулёўку „гімназія з беларускай мовай навучання“ ў назву школы і даведацца, якім чынам гэтую фармулёўку прыбралі».
Рабіць гэта Лойка гатовы «праз суд, пракуратуру і іншымі падобнымі метадамі».
«Я хачу ўсю беларускую мову для ўсёй гімназіі», — кажа Гэнік Лойка пра пажаданы вынік сваёй барацьбы.

Лойка — адзін з пачынальнікаў барацьбы за незалежнасць Беларусі ў 1980-я, удзельнік суполак «Майстроўня», «Талака».

Жонка Гэніка Лойкі кажа, што яе муж знаходзіцца ў Фрунзенскім РУУС. «На яго склалі пратакол. Па якім артыкуле, не сказалі, маўляў, не маленькая, павінна сама разумець, — кажа Алена Каравай-Лойка. — Сказалі, што ў суд яго павязуць адразу з аддзялення. Суд павінен адбыцца сёння».

Кірыла Хілько

0
войт / Адказаць
21.02.2013 / 09:10
герой! застаўся адзін у полі ваяр за мову? не беларуская краіна зусім, трэба стаяць у пікеце за мову родную, а потым яшчэ і ў пастарунак! дажыліся! трэба падрымаць дзядзьку!!! давайце інфармацыю.
0
Zhe / Адказаць
21.02.2013 / 09:18
Малайчына! Мова будзе з намi!
0
вася / Адказаць
21.02.2013 / 10:03
последний из магикан; казалось бы государство должно поддерживать государственный белорусский язык и развивать, где как ни здесь?
Паказаць усе каментары/ 69 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру