У Беларусі адкрыўся першы сайт, які прапануе спампаваць беларускую музыку за грошы. Праект Webmusic.by ствараўся цягам года, аднак перад запускам сайта ў сацыяльных сетках разгарэўся лакальны скандал:

на сайце з’явіўся адкрыты каталог беларускай музыкі, але большасць музыкаў нават не ведала, што іх творы цяпер можна спампаваць за грошы.

Адразу ж узніклі прэтэнзіі, што тычацца парушэння аўтарскіх і сумежных правоў. Музычны крытык Зміцер Безкаравайны, які першым узняў пытанні да сайта, так каментуе сітуацыю:

«Пазіцыя сайта такая, што яны ўсім плацяць праз Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці, але па-першае яны без узгаднення выклалі нават музыку тых, хто не падпісаны на НЦІУ, ці, прынамсі, творы не падпісаныя на НЦІУ. Па-другое, НЦІУ займаецца аўтарскімі правамі, а кожны запіс мае яшчэ і сумежныя: гэта правы не на музыку і словы, а на саму фанаграму, запіс. Дык вось гэтую частку правоў, якой за адсутнасцю лэйблаў валодаюць артысты, яны наогул праігнаравалі. Бо абсалютная большасць музыкаў у маім Фэйсбуку піша, што з імі ніхто не звязваўся і ім гэта вельмі не падабаецца.».

На допіс пра з’яўленне сайта адгукнулі Аляксандр Памідораў, Юры Паўлоўскі (з этна-трыа «Тройца»), Атмараві і шэраг іншых музыкаў, з якімі дамовы, прынамсі, на момант з’яўлення допісаў, заключаны не былі.

Наракаюць музыкі і на памылкі ў трэк-лістах альбомаў: песні часам даюцца ў выпадковым парадку, ёсць памылкі ў назвах.

Стваральнік Webmusic.by Вячаслаў Гулевіч кажа, што ніякага скандала насамрэч няма:

«Я займаюся аўтарскімі правамі вось ужо 15 гадоў, — кажа спадар Вячаслаў. — Рынак носьбітаў цяпер амаль знік, таму мы вырашылі стварыць першы беларускі сайт, дзе беларускую музыку можна спампаваць за грошы.
Гэта цяжкі праект, распрацоўваўся ён болей за два гады. Цяпер правы на музыку, якія раней належылі фірмам-выдаўцам, „разбегліся“ па музыках. Цяпер мы падпісваем з імі кантракты, падпісалі болей за сотню. Магчыма засталося 5–10 выканаўцаў, з якімі мы не паспелі звязацца».

Заўважым, што, напрыклад, альбом Памідорава, які быў выкладзены з памылкамі і без папярэдняй дамовы з сайта пакуль выдалены.

Па словах спадара Гулякевіча, прэтэнзіі да афіцыйнага запуску сайта гучаць як нонсэнс.

«Мы працягваем збіраць кантракты, штодня падпісваем некалькі новых. — кажа ён. — Мы працуем праз НЦІУ, але з тымі, хто там не зарэгістраваны, працуем асабіста. Палова прыбытку ідзе на аплату правоў — 25 працэнтаў аўтарскіх, 25 — сумежных».

Што тычыцца «перавернутых» трэк-лістоў, то гэта памылка праграмы, якая зараз актыўна выпраўляецца.

«Рэч у тым, што хоць сайт і працуе, мы яго яшчэ ніяк не рэкламавалі, і не збіраліся яго раскручваць, пакуль у нас не будзе ўсіх правоў. — кажа Гулевіч. — Штодня на сайт заходзіць толькі сто чалавек, але гэта без рэкламы. Мы зусім не збіраемся крыўдзіць музыкаў, наадварот, просім звяртацца да нас».

Пры гэтым Зміцер Безкаравайны кажа, што даведаўся пра адкрыццё сайта з прэс-рэлізу, які ён атрымаў з нагоды прэзентацыі на сайце Webmusic альбома гурту «Палац» «Кола грукатала». Гэта і стала нагодай для публікацыі ў блогу.

З’яўленне такога сайта для беларускай інтэрнэт-прасторы — крок наперад: але застаецца пытанне, ці будзе карыстацца попытам электронны продаж песняў, якія можна знайсці і ў вольным доступе. І ўсё ж такі аформленыя загаддзя кантракты дазволілі б пазбегнуць непрыемнай сітуацыі, якая склалася яшчэ да афіцыйнага адкрыцця.

ТОП-10 спампаваных песняў на сайце выглядае на сёння так:

• 1. Когда Мы Не Рядом — Timbigfamily & Лючана

• 2. Не переделаю- Rossohin

• 3. Дыхание — Дзмітрый Калдун

• 4. Просто Так — Анжаліка Агурбаш

• 5 Не Опоздай — Вольга Барабаншчыкава

• 6 Д…я советчиков — «Нейра Дзюбель»

• 7 Дажджамі — BN

• 8 Белтелеком — «Нейра Дзюбель»

• 9 1._nashe_letooriginal — «Цвет Алоэ»

•10 ЗвукСердца — Паліна Смолава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?