12 лютага 2013 прэзідэнт Расіі Пуцін зацвердзіў абноўленую Канцэпцыю знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі.
Напярэдадні публікацыі дакумента неаднаразова падкрэслівалася, што гэта не новая канцэпцыя, а адаптацыя старой, якая была прынятая ўлетку 2008 года. Ці сапраўды знешнепалітычныя падыходы і прынцыпы Расіі засталіся ранейшымі?

Новыя паняцці

У новай версіі канцэпцыі знікае некалькі паняццяў і з’яўляецца шэраг новых. Напрыклад,

больш не выкарыстоўваецца тэрмін «Рускі свет», замест яго з’яўляецца «кансалідацыя рускай дыяспары» і «развіццё сувязяў славянскіх народаў».
Цікавымі навацыямі аўтараў сталі таксама паняцці «гнуткіх пазаблокавых сецевых альянсаў» (нечым нагадвае амерыканскія coalition of willing), «сецевай дыпламатыі» і «рэідэалагізацыі міжнародных адносінаў». З’яўляецца таксама папулярны ў сучаснай тэорыі міжнародных адносінах канцэпт «мяккай сілы».

Акрамя гэтага апошняга, вызначэнняў паняццяў не даецца, таму цяжка зразумець, які менавіта сэнс аўтары канцэпцыі ў іх укладаюць.

Падыходы да міжнародных адносін

Што да «мяккай сілы», то адаптацыя гэтага канцэпта, уведзенага ў навуковы зварот Джозэфам Наем, да расійскай знешняй палітыкі пачалася яшчэ ў мінулым годзе з прызначэннем новым кіраўніком агенцыі «Россупрацоўніцтва» Канстанціна Касачова.

Сэнс «мяккай сілы» — у здольнасці дзяржавы дамагацца сваіх мэтаў не праз прымус («цвёрдая сіла»), а на падставе добраахвотнага ўдзелу, прывабнасці інстытутаў, каштоўнасцяў і спажывецкіх стандартаў. І гэтае паняцце ўжо заняло трывалае месца ў знешнепалітычных падыходах ЗША і Кітая. Расія вырашыла не адставаць.

У новай Канцэпцыі «мяккая сіла» згадваецца ў кантэксце супраціўлення выкарыстанню «мяккай сілы» іншымі дзяржавамі з дэструктыўнымі мэтамі (у тым ліку ў межах праектаў па абароне правоў чалавека), і ў кантэксце развіцця ўласна расійскай «мяккай сілы» (з добрымі мэтамі, натуральна) (с. 7 і с. 21).

Раздзел «Сучасны свет і знешняя палітыка РФ» стаў, з аднаго боку, больш антызаходні (імкненне Захаду захаваць дамінуючыя пазіцыі вядзе да нарастання нестабільнасці; нявырашаныя праблемы Захаду негатыўна ўплываюць на глабальнае развіццё і г.д.), а з іншага — больш сціплы ў параўнанні з папярэдняй версіяй. Раней Расія падавалася як найбуйнейшая еўразійская дзяржава і адна з вядучых дзяржаў свету, а зараз краіна бачыцца ў якасці ўраўнаважваючага фактару ў міжнародных справах і развіцці сусветнай цывілізацыі (с. 8).

Што датычыць іншых прыярытэтаў знешняй палітыкі, то тут дадаліся «правы рускіх дзяцей» (пасля Акту Магніцкага і антымагніцкага закона), ў раздзеле «Міжнароднае гуманітарнае супрацоўніцтва і правы чалавека» знікла спасылка на Ўсеагульную дэкларацыю правоў чалавека як на аснову для міжнароднага дыялога па праблеме абароны правоў чалавека і падкрэсліваецца «адстойванне (…) расійскіх падыходаў па тэме абароны правоў чалавека». Што гэта за падыходы — дадаткова не тлумачыцца.

Рэгіянальнае супрацоўніцтва

Гэты раздзел істотна пышырыўся, ў асноўным, за кошт Еўрасаюза і асобных падпунктаў, прысвечаных кожнаму канкрэтнаму рэгіёну свету і некаторым асобным краінам (напрыклад, Манголіі).
У раздзеле пра ЕС вядзецца пра адмену шэнгенскіх віз, Партнёрства аб мадэрнізацыі, агульным рынку і каардынацыі знешняй палітыкі.
Пры гэтым аўтары заяўляюць, што Расія — гэта «неад’емная частка еўрапейскай цывілізацыі» і ставіцца мэта стварэння адзінай эканамічнай і гуманітарнай прасторы ад Атлантыкі да Ціхага акіяна.
Побач таксама прысутнічае дзіўная фраза пра Еўра-Атлантычны рэгіён (у які, нагадаю, ўключаюцца ЕС і ЗША), «з якім Расію звязваюць глыбокія агульнацывілізацыйныя карані», чаго не было ў ранейшай версіі Канцэпцыі. Такім чынам, паводле сваёй танальнасці гэты раздзел Канцэпцыі выразна дысануе з ацэнкай сучасных сусветных тэндэнцыяў.

Далей.

«Расія захоўвае сваё адмоўнае стаўленне да пашырэння АПАД (NATO)», але пры гэтым дэкларуецца стратэгічная агульнасць мэтаў па падтрыманні міра і стабільнасці (с. 27). Ставіцца таксама мэта супрацьдзейнічаць санкцыям ЗША.

Дадаўся пункт пра Еўразійскі эканамічны саюз як «эфектыўнае звязуючае звяно паміж Еўропай і Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёнам». Што цікава, пра ЕЭС гаворыцца не ў тэрмінах новага сусветнага гульца і полюса геапалітычнага прыцягнення, а толькі як пра звязуючае звяно. Крыху нагадвае беларускую канцэпцыю маста.

Пра Беларусь, як і раней, гаворыцца ў кантэксце Саюзнай дзяржавы. Але раней фармулёўка была наступнай: «Працягваць узгодненую лінію на стварэнне ўмоў для эфектыўнай пабудовы Саюзнай дзяржавы праз паэтапны перавод адносінаў паміж Расіяй і Беларусіяй на рынкавыя прынцыпы ў працэсе фармавання адзінай эканамічнай прасторы». Зараз жа вядзецца пра «ўзаемадзеянне з Беларусіяй у межах СД з мэтай паглыблення інтэграцыйных праектаў». То бок, атрымліваецца, што Саюзную дзяржаву ўжо «эфектыўна пабудавалі» і зараз можна проста ўзаемадзейнічаць. Або не пабудавалі, і такой мэты болей не ставіцца. З тэксту гэта незразумела.

У Канцэпцыю асобным пунктам дадалася Ўкраіна, якой у 2008 годзе не назіралася. Плануецца «выбудоўваць адносіны з Украінай як прыярытэтным партнёрам у СНД (параўнайце з фармулёўкай пра Беларусь) і спрыяць ейнаму падключэнню да паглыбленых інтэграцыйных працэсаў» (відавочна маецца на ўвазе Еўразійскі саюз).

З новай рэдакцыі Канцэпцыі зніклі краіны Балтыі і праблемы абароны там правоў рускамоўных. Калінінград і яго праблемы таксама зніклі. Гэта, відаць, рэверанс у бок ЕС, якому, як ужо адзначалася, адведзена нашмат больш месца і значэння.

Разам з тым, дадалася прэтэнзія адыгрываць ролю ва ўрэгуляванні канфліктаў на прасторы СНД. І ў раздзеле пра рэалізацыю знешняй палітыкі РФ дадалася дзейнасць агенцыі па справах СНД, суайчыннікаў і міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве.

Калі вельмі каротка падсумаваць, то

праект новай Канцэпцыі знешняй палітыкі Расіі пакідае дваістае ўражанне: з аднога боку Расія імкнецца пашырыць свой уплыў на бліжэйшых суседзяў, а з іншага — дэманструе гатовасць да канструктыўнай кааперацыі з Захадам. Пры гэтым Беларусь губляе свой эксклюзіўны статус саюзніка № 1.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?