Прэмія грамадскага руху імя Юрыя Захаранкі «Абаронцы Айчыны» «Рыцар года» за 2012 год уручана праваабаронцы Раісе Міхайлоўскай. Цырымонія ўзнагароджання адбылася 22 лютага ў Мінску.
Прэмія ўручаецца дзявяты раз. Паводле слоў лідара руху Алега Волчака, прэмія Міхайлоўскай прысуджана за «актыўны ўдзел у пераадоленні наступстваў 19 снежня 2010 года, арганізацыю грамадскай абароны фігурантаў спраў аб масавых беспарадках, а таксама за вялікі ўклад у захаванне гістарычнай і юрыдычнай спадчыны беларускага народа».
«Сёння прэмія „Рыцар года“ ўпершыню ўручаецца жанчыне. Мяркуем, яны ахвяруюць сабой не менш, чым мужчыны. Раіса Міхайлоўская — праваабаронца ад Бога. Яна 15 гадоў у праваабарончым руху, што ў нашай краіне з’яўляецца сапраўдным грамадзянскім подзвігам», — сказаў Волчак.
Дыплом Міхайлоўскай уручыла жонка зняволенага
Сама Міхайлоўскоя адзначыла, што імя Захаранкі з’яўляецца для яе «сцягам у праваабарончай дзейнасці». «Наша дзейнасць накіравана на тое, каб тыя, хто ўдзельнічаў у выкраданні, былі пакараныя па законе», — сказала яна.