Слоўнік беларускай мовы / Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Я.Коласа і Я.Купалы; уклад. Н. П. Еўсіевіч [і інш.] ; навук. рэд. А. А. Лукашанец, В. П. Русак. Каля 150 тыс. слоў. Мінск: Беларуская навука, 2012, 916 с.

Піскуноў Ф. А. Вялікі слоўнік беларускай мовы. Кансультацыйная рада: Г. М. Бураўкін, А.І.Вярцінскі, Р. Г. Гарэцкі, Н. С. Гілевіч, А. А. Каўрус, Г. А. Цыхун і інш. Каля 223 тыс. слоў. Мінск: выдавец Зміцер Колас, 2012, 1196+16 с.

Калі б мне задалі пытанне: «Што самае важнае адбылося ў беларускай культуры ў 2012 годзе?», я, не вагаючыся, адказаў бы: для мяне падзеяй нумар адзін стаў выхад з друку «Вялікага слоўніка беларускай мовы».

Гэты слоўнік роднай мовы — сапраўды «вялікі», найаб’ёмнейшы з тых, што калі-небудзь былі выдадзеныя на паперы. Дагэтуль слоўнікам з найбольшай колькасцю беларускіх загалоўных слоў быў апублікаваны «Беларускай Савецкай Энцыклапедыяй» у 1987 годзе «Слоўнік беларускай мовы» пад рэдакцыяй акадэміка Мікалая Бірылы.

Прозвішча аўтара-ўкладальніка новага капітальнага слоўніка вы (пакуль што) не знойдзеце ні ў адным айчынным мовазнаўчым даведніку. Таму варта сказаць пра яго некалькі слоў: Фёдар Антонавіч Піскуноў у 1971 годзе закончыў хімфак БДУ, далей працаваў у тэхнічнай сферы: быў навуковым супрацоўнікам Інстытута электронікі НАН Беларусі, у 2008–2010 гадах — навуковым супрацоўнікам Фізічна-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі.

Як бачыце аўтар самага поўнага на сёння слоўніка беларускай мовы — зусім не спецыяліст-філолаг. На добры лад, «Вялікі слоўнік беларускай мовы» мусіў бы быць створаны рупнасцю акадэмічнага інстытута і, магчыма, змяшчаць не 223 тысячы слоў, як слоўнік Фёдара Піскунова, а яшчэ і болей. І акадэмічны інстытут — маю на ўвазе Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы — сапраўды нешта стварыў: сёлета ў выдавецтве «Беларуская навука» з друку выйшаў «Слоўнік беларускай мовы» пад рэдакцыяй аднаго з аўтараў апошняй арфаграфічнай рэформы, прафесара і доктара філалагічных навук Аляксандра Лукашанца. У гэтага даведніка, як гэта і належыць выданням падобнага кшталту, больш за дзясятак аўтараў-укладальнікаў, на яго выданне быў зроблены дзяржзаказ, атрыманая, відаць што, немалая датацыя з дзяржаўнага бюджэту.

Калі ў мяне пад рукою апынуліся абедзве згаданыя навінкі айчыннай лексікаграфіі, мне, натуральна, захацелася іх параўнаць. Слоўнік Фёдара Піскунова ўразіў не толькі сваім аб’ёмам, які быў дасягнуты ў выніку электроннай апрацоўкі больш як сямідзесяці мільёнаў (!) словаўжыванняў, зафіксаваных у прыкладна 2300 беларускамоўных пісьмовых крыніцах. Выклікае павагу грунтоўны падыход аўтара да той часткі слоўніка, якая ў падзагалоўку акрэсленая як «парадыгматыка». Для абсалютнай большасці загалоўных слоў, уключаных у «Вялікі слоўнік беларускай мовы», Фёдар Піскуноў распрацаваў арыгінальную сістэму адсылак да мадэльных узораў словазмянення. Інакш кажучы, той, хто будзе карыстацца гэтым слоўнікам, лёгка здолее праскланяць нават вельмі рэдкаўжывальны назоўнік ці праспрагаць нават той дзеяслоў, які не зафіксаваны ў грунтоўным «Граматычным слоўніку дзеяслова», выпушчаным Нацыянальнай Акадэміяй навук пяць гадоў таму.

Слоўнік Фёдара Піскунова — годны адказ тым асобам, якія займаюць нават найвышэйшыя дзяржаўныя пасады і сцвярджаюць, нібыта на свеце ёсць толькі дзве паўнавартасныя мовы — руская і англійская, — а няшчасная беларуская ўсё пакутуе ад недахопу сродкаў самавыяўлення. Гэта таксама адказ тым, у чыіх галовах неўміручай гідраю ажывае сіндром «малодшага брата». Хачу пры выпадку нагадаць, што самыя вялікія на сённяшні дзень выдадзеныя арфаграфічныя слоўнікі рускай мовы ўключаюць 180 тысяч (акадэмічны слоўнік маскоўскага Інстытута рускай мовы) і 130 тысяч (слоўнік расійскага лінгвіста Мікалая Салаўёва) загалоўных слоў. У той самы час 17-томны «Словарь русского языка», які выдаваўся Акадэміяй навук СССР на працягу шаснаццаці гадоў (1950–1965) меў 150 тысяч слоўнікавых артыкулаў, а «Словарь современной лексики русского языка», выпушчаны ў першай палове 90-х гадоў, уключаў каля 170 тыс. загалоўных слоў.

Вядома, праца такога ахопу матэрыялу і проста «фізічнага» аб’ёму не магла абысціся без паасобных недахопаў або спрэчных момантаў. Частка іх слушна згаданая ў рэцэнзіі лінгвіста з той жа Акадэміі навук, кандыдата філалагічных навук Мікалая Крыўко, апублікаванай колькі месяцаў таму на старонках штотыднёвіка «Наша слова». Я кажу менавіта пра частку гэтых заўваг, бо ў згаданай рэцэнзіі, як мне здаецца, не-не ды прарываецца прыхаваная крыўда: як жа так, нейкі неспецыяліст у галіне мовазнаўства за некалькі гадоў зрабіў працу, якую акадэмічны інстытут, дзе сам Мікалай Крыўко працуе не адзін дзясятак гадоў, так і не здолеў «пацягнуць». Тут самы час перайсці да кароткага агляду таго самага акадэмічнага «Слоўніка беларускай мовы», які, напэўна, усё-такі меў няшчасце выйсці адначасова са слоўнікам Фёдара Піскунова.

Чаму «няшчасце»? Здаецца, дзяржаўнае выдавецтва «Беларуская навука» выдрукавала працу акадэмічных мовазнаўцаў на якаснай паперы, «апранула» кнігу ў дыхтоўную вокладку і цану яго вызначыла зусім не завоблачную паводле цяперашніх маштабаў — ад 59 да 70 тысяч беларускіх рублёў. Але ж кожны разумее, што галоўнае — тое, што ў кнізе ўнутры. Ужо ў прадмове да слоўніка акадэмічныя лінгвісты прызнаюцца, што ў яго аснову пакладзены ўсё той жа згаданы намі вышэй «Слоўнік беларускай мовы» пад рэдакцыяй Мікалая Бірылы, які, напамінаю, выйшаў чвэрць стагоддзя таму.

Свайго часу гэта сапраўды быў найлепшы даведнік роднай мовы, але ж час ідзе, мяняюцца людзі, мяняецца мова…

Аўтары акадэмічнага слоўніка з гонарам абвяшчаюць, што да рэестру ранейшага, бірылаўскага, слоўніка было дададзена больш за трыццаць тысяч новых лексічных адзінак — таму, маўляў, на тытульным лісце пазначана «каля 150 тысяч слоў». Стоп! Не спяшаймася верыць на слова паважаным вучоным. У сваім водгуку на старонках «Нашага слова» філолагі Юрась Пацюпа і Крысціна Пучынская прыводзяць свае падлікі: згодна з імі, у слоўніку пад рэдакцыяй Лукашанца нават недзе на тысячу менш загалоўных слоў, чым у слоўніку пад рэдакцыяй Бірылы! На сайце slounik.org колькасць слоў у акадэмічным слоўніку падаецца ледзьве большай за 114 тысяч, а «самы аптымістычны» падлік належыць рэцэнзенту слоўніка, прафесару з Гродна Івану Лепешаву, які ацэньвае гэтую колькасць прыблізна ў 129 тысяч.

Няўжо цяга да ўсялякага кшталту прыпісак, што пышным цветам буяла ў дзяржаўных установах савецкага часу, так і не пераадоленая нават акадэмічнымі лінгвістамі за больш як дваццаць гадоў існавання незалежнай Беларусі?

Нехта скажа: вядома, кепска, што акадэмічны слоўнік так значна прайграе ў колькасці артыкулаў у параўнанні з аўтарскім слоўнікам Фёдара Піскунова, але характарыстыкай, больш важнай за агульны аб’ём, напэўна, усё-такі ёсць рэпрэзентатыўнасць слоўніка — г.зн. разумны, навукова абгрунтаваны (паводле частотнасці ўжывання) адбор слоў, што меліся быць абавязкова ўключаныя ў яго склад.

Ну што ж, спынімся крыху і на рэпрэзентатыўнасці слоўніка пад рэдакцыяй Аляксандра Лукашанца. Пабежны яго прагляд прымушае западозрыць аўтарскі калектыў у пэўнай тэндэнцыйнасці, якая сяды-тады, як у тыя сумна вядомыя трыццатыя гады, мае палітычную «падкладку». Найбольш яскравы прыклад — адсутнасць у акадэмічным слоўніку цэлага гнязда слоў з коранем спадар- («спадар», «спадарства», «спадарыня»). Чыноўнікі, якія ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў працавалі на розных пасадах пад кіраўніцтвам народжанага ў Туле палкоўніка Замяталіна, расказвалі мне, як гэты высокапастаўлены з ласкі прэзідэнта чыноўнік зацята змагаўся з ужываннем вышэйзгаданых слоў у сваіх і падначаленых сваім установах. Па-мойму, страх у некаторых акадэмічных мовазнаўцаў так дагэтуль і не прайшоў…

Ніяк не магу зразумець, чаму ў слоўніку 1987 года выдання, які выходзіў у свет пад пільным вокам самай атэістычнай у савецкай імперыі камуністычнай партыі Беларусі, слова «Вялікдзень» (якое тады пісалася з малой літары) было, а ў выданні 2012 года, калі высокія чыноўнікі ў вялікія святы нават заходзяць у царкву, гэтага слова папросту няма!

Цяперашні слоўнік апрацоўвала цэлая група навукоўцаў, большасць з якіх мае навуковыя ступені, але хоць забіце мяне, я не знаходжу тлумачэнняў той акалічнасці, што ў слоўніку пад рэдакцыяй Аляксандра Лукашанца адсутнічае слова «тамсама»! Такое ўражанне, што акадэмічныя мовазнаўцы ніколі ў сваім жыцці не публікавалі навуковых артыкулаў з адсылкамі да іншых цытаваных раней крыніц (кшталту: гл. тамсама, с. 59).

У 1985 годзе малады тады філолаг Анатоль Верабей апублікаваў кнігу пра творчасць незабыўнага Уладзіміра Караткевіча, якая зрабілася настольнай у шмат каго з універсітэцкіх выкладчыкаў і школьных настаўнікаў. Кніга называлася «Жывая повязь часоў». У 2002 годзе падзеяй нашага культурнага жыцця стаў выхад кнігі мінскай мастацтвазнаўцы Вольгі Лабачэўскай «Повязь часоў — беларускі ручнік». Некалькі месяцаў таму ў полацкім дзяржаўным музеі кнігадрукавання працавала выстава пад назвай «Повязь часоў». Загалоўкі публікацый з ужываннем натуральнага беларускага слова «повязь» з’яўляліся ў «Народнай газеце», «Мінскай газеце «, віцебскім «Народным слове», нават на сайце брэсцкага БРСМ… Але ў акадэмічным «Слоўніку беларускай мовы» гэтага слова вы не знойдзеце.

Зноў-такі, нехта з апанентаў можа запярэчыць: маўляў, аўтары палічылі, што згаданыя словы ў тыя заяўленыя 150 тысяч «не трапляюць», не такія яны ўжо часта ўжывальныя. Магу толькі задаць пытанне ў адказ: а што, уключаныя ў акадэмічны слоўнік словы накшталт «бабувіст», «вагануць», «вагулка», «талрэп», «шаранець» і г.д. сустракаюцца ў тэкстах часцей, чым тыя самыя «спадар», «Вялікдзень», «тамсама», «повязь»? Да спісу дыскрымінаваных акадэмічнымі лінгвістамі слоў магу, услед за Іванам Лепешавым, дадаць і такія зусім не рэдкія ў сучаснай моўнай практыцы словы, як «атрымоўваць», «дэмбель», «землятрус», «напрыканцы», «нататнік», «прылюдна», «сексот» (і «стукач!»), «суразмоўца», «сярэднявечча», «хваласпеў», «хмарачос», «хрушчоўка», «шараговы» і яшчэ шмат якія іншыя.

Трэба тут заўважыць, што, калі Фёдар Піскуноў вызначае ў прадмове да свайго слоўніка яго ролю ў тым, каб «як мага паўней зафіксаваць матэрыял, раскіданы па розных, збольшага маладаступных, выданнях», дык аўтары-ўкладальнікі акадэмічнага слоўніка без ценю сумневаў рэкамендуюць яго як нарматыўны даведнік. Калі ўлічыць магчымую псеўдаініцыятыўнасць ды запабеглівасць пэўных прыўладных чыноўнікаў, справа можа дайсці да таго, што ў лік забароненых у беларускай мове слоў з іх ласкі трапіць не толькі «спадар» (бедны аўтар «Баркулабаўскай хронікі» з XVII стагоддзя! Пісаў ён у гэтым выдатным творы пра «спадарыню» і не падазраваў, як ён няправільна робіць у вачах уладаў будучай РБ і яе некаторых акадэмічных супрацоўнікаў!).

Мушу сказаць, што задума гэтага артыкула ўзнікла ў мяне яшчэ некалькі месяцаў таму — адразу пасля таго, як абодва слоўнікі, пра якія тут гаворка, сышлі з друкарскіх варштатаў (акадэмічны друкаваўся ў сучаснай вялікай дзяржаўнай друкарні, аўтарскі — на рызографе сціплага прыватнага выдаўца Змітра Коласа). Але ў той самы час па Мінску пачалі кружляць чуткі, нібыта акадэмічны Інстытут мовы і літаратуры чарговы раз, быццам той адсталы калгас, збіраюцца «ўзбуйняць». Не хацелася даваць лішніх аргументаў тым, хто задумаў гэтую нядобрую справу. Але цяпер, наколькі мне вядома, загад аб’яднанні згаданага інстытута з Інстытутам этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклору ды стварэнні «Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры» ўжо зацверджаны. Мовазнаўцы, што працуюць у Акадэміі навук, апынаюцца на яшчэ больш далёкіх задворках. У апошнія дзесяць гадоў мудрага кіравання самі ведаеце каго абарона доктарскай дысертацыі па беларускім мовазнаўстве ў Акадэміі навук стала надзвычайнай рэдкасцю; узмацняць інтэлектуальны патэнцыял беларускіх лінгвістычных даследаванняў робіцца ўсё цяжэй. Я пішу гэта, добра ўсведамляючы, што відавочныя хібы згаданага акадэмічнага слоўніка ёсць у тым ліку вынікам хранічнага недафінансавання беларускіх філалагічных навук: маладыя спецыялісты, трапляючы на працу ў акадэмічны інстытут, мусяць найперш думаць пра ўладкаванне сваіх побытавых праблем, а не пра якасць сваёй працы, у той час як самыя таленавітыя філолагі папярэдніх пакаленняў або выязджаюць за мяжу або сыходзяць, у тым ліку скончыўшы свой зямны шлях.

Мінулы цыкл аб’яднання і «ўзбуйнення» акадэмічных інстытутаў мовы, літаратуры і мастацтва (1931–1957) меў іншую прычыну: тое пакаленне беларусістаў папросту фізічна вынішчалі або высылалі ў край, дзе мовазнаўцам заставалася толькі даследаваць блатную «феню»…

Цяперашняя ж улада, ірацыянальна бачачы ва ўсім беларускім пагрозу для свайго існавання, аб’ядноўвае і «ўзбуйняе» акадэмічныя інстытуты, відаць, толькі дзеля таго, каб «гэтых беларускамоўных» як мага менш было на агульных сходах Акадэміі навук, каб усё менш і менш людзей гэтай сферы магло хоць бы нясмела данесці свой клопат, сваю нязбыўную трывогу з прычыны татальнага, цынічнага, падмацаванага напорыстай дэмагогіяй вынішчэння беларускамоўных асяродкаў у краіне. Пры гэтым беларускім навукоўцам-гуманітарыям настойліва падказваецца: ніякай альтэрнатывы ў вас не будзе, калі вы наважыцеся з нечым спрачацца, а пагатоў пратэставаць. Нядаўні пагром часопіса «Arche», для якога былі выкарыстаныя паслугі дзяржаўнай падатковай інспекцыі, — выразны сігнал таго, што прыўладныя структуры не спыняцца ні перад чым, каб па-герастратаўску вынішчыць у Беларусі ўсё жывое, што яшчэ застаецца ў гуманітарнай сферы. Нагадаю, дарэчы, што менавіта рэдакцыя гэтага часопіса толькі за апошнія два з паловай гады здолела перавыдаць найлепшыя працы беларускіх мовазнаўцаў 1920-х гадоў, у тым ліку чатыры тоўстыя тамы слоўнікаў беларускай тэрміналогіі, знакаміты «Расійска-беларускі слоўнік» Сцяпана Некрашэвіча і Міколы Байкова, дыялектныя слоўнікі Міколы Шатэрніка і Міколы Каспяровіча…

Ну як жа сучасным уладатрымальнікам гаварыць пра «беднасць беларускай мовы», калі не патаптацца па яе багаццях? Вось і топчуцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?