100 баксаў

Дзень абяцаў быць удалым — Сярожа вёз на халтуру цэлы МАЗ прасеянага жвіру. У думках пералічваў даляры. І тут раптам на табе, дзіва! Проста на дарозе ляжыць сто баксаў. «Во паперла!» — падумаў Сярожа, кладучы сотку ў кішэню. Па газах і хутчэй на халтуру. Але тут, як на ліха, пачало рэзаць у жываце, і так с…аць прыперла… Добра, што праз мост праязджаў. Кінуў машыну на з’ездзе, а сам пад мост і давай кайфаваць. А пад тым мостам была пратаптаная сцежка, і па ёй людзі хадзілі ў паліклініку.

Дык вось, сядзіць Сярожа, спраўляе патрэбу каля сцежкі — і не ад таго, што ён такі нявыхаваны, а проста думаць не было часу, калі і дзе садзіцца. А тут па сцежцы шыбуюць дзве сімпатычныя мамзэлі і бачаць мужчыну ў нязручнай сітуацыі. Падыходзяць і бессаромна разглядаюць. Сярожа гатовы быў праваліцца пад зямлю ад сораму і чакаў усялякіх здзеклівых кпінаў у свой адрас, але быў неспадзявана агаломшаны прапановай заняцца сэксам. Відаць, пры блізкім разглядзе Сярожу ацанілі як вартага самца. Не тое каб Сярожу моцна хацелася сэксу, але калі так шанцуе, то чаму б не. Падцягнуў порткі і галантна запрасіў адну з мамзэляў у кабіну свайго МАЗа.

Зрабілі ўсё па-хуткаму. І тут яна заяўляе, што малалетка і заявіць на Сярожу, а другая ахвотна будзе сведкай. Але калі ён, гэткі распуснік, не хоча праблем, хай гоніць сто баксаў. Выбіраць не даводзілася, і, доўга не думаючы, Сярожа развітаўся з сотачкай, якую ўжо паўгадзіны лічыў сваёй.

Дзеўкі пайшлі сваёй дарогай, задаволеныя, што так лёгка зарабілі сто баксаў. Сярожа ж паехаў на халтуру, таксама задаволены, што яго не пасадзяць у турму праз яго злачынную пажадлівасць.

Нямецкая шапка

Сярожа не быў ні рыбаком, ні паляўнічым. Затое быў вялікім аматарам камуфляжу і ўсялякага вайсковага рыштунку. Камуфляжных касцюмаў ён меў некалькі на ўсялякія выпадкі жыцця. Цёгаўся ў іх і па горадзе, і на працу, і на дачу, адно што не спаў у іх. І вось у адзін удалы дзень ён зусім не дорага набыў бундэсвераўскую казыркатую шапку. Сярожа палічыў, што яна пасуе да яго лічбавага эрбэшнага камка, і цяпер ён будзе выглядаць як круты фрыц. Праўда, у такім прыкідзе Сярожа не зусім быў падобны да немца. Але калі ішоў дахаты, падпітая кампанія каля піўнухі звярнула ўвагу на яго мілітарысцкі выгляд. Асабліва ў вочы кінулася ягоная шапка. П’яная баба з кампашкі крыкнула: «Немец! Хлопцы, біце яго!» Кампанія кінулася да Сярожы. Дзесяць метраў адлегласці і цэлы тыдзень здаровага ладу жыцця далі магчымасць адарвацца ад пераследу. Дабегшы да свайго інтэрната, Сярожа доўга аддыхваўся і аглядаўся, а потым сарваў з галавы праклятую шапку і шпурнуў яе ў сметніцу.

Купляйце беларускае — Сярожа на ўласнай скуры адчуў гэты заклік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?