Прафесар Юліюш Бардах (1914–2010) — выбітны польскі і літоўскі гісторык, адзін з самых вядомых даследчыкаў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага з асаблівай увагай на гісторыю палітычнага ладу і палітычнай думкі. Актыўны прыхільнік захавання добрых навуковых стасункаў на абшары былой Рэчы Паспалітай (Польшча, Літва, Беларусь, Украіна). Пачаўшы з выдатнага старту ва Універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні, дзе ён падрыхтаваў і ў 1938 годзе апублікаваў працу аб прыняцці заканадаўства ВКЛ у XV–XVI стст., усё сваё жыццё быў верны праблематыцы даследавання ВКЛ.

Выбітная працай Ю. Бардаха — падрыхтаваная пад яго агульнай рэдакцыяй пяцітомная «Гісторыя дзяржавы і права Польшчы». Даследчыкі гісторыі Літвы дагэтуль не абыходзяцца без такіх прац Юліюша Бардаха, як «Пра даўнюю і нядаўнюю Літву» ці «Літоўскія статуты і рымскае права».

Бібліяграфія публікацый Ю. Бардаха ахоплівае больш за 600 найменняў, сярод іх, акрамя некалькі кніг, сотні даследаванняў і навуковых артыкулаў, у тым ліку і на замежных мовах. Ю. Бардах адыгрываў асабліва важную ролю ў шматлікіх навуковых інстытуцыях, міжнародных арганізацыях і аб’яднаннях. Быў сябрам адной з найстарэйшых акадэмій ў свеце — Нацыянальнай акадэміі Лінчэі ў Рыме (1974), Міжморскай акадэміі навук у Катанні (1982) і інш.

Пазіцыя і навуковы аўтарытэт Ю. Бардаха ў краіне і за мяжой вызначаецца таксама атрыманымі ім айчыннымі і замежнымі навуковымі ўзнагародамі. Асаблівае месца тут займаюць ганаровыя доктарскія ступені: Лодзінскага ўніверсітэта (1995), Варшаўскага ўніверсітэта (1996), Віленскага ўніверсітэта (1997), аднаўленне доктарскай ступені ў Ягелонскім універсітэце (на 50-годдзе ў 1999 г.), а таксама ўзнагарода Фонду імя Альфрэда Южыкоўскага ў Нью-Ёрку (1983) за жыццёвыя навуковыя дасягненні па гісторыі палітычнага ладу і права Польшчы і Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

Правілы

Прэмія Ю. Бардаха, заснаваная Інстытутам Вялікага Княства Літоўскага (далей — Прэмія) будзе прысуджацца за доктарскія або магістарскія (ці эквівалентныя) працы, прысвечаныя ідэям і гісторыі ВКЛ.

1. Прэмія накіраваная на заахвочванне даследаванняў па спадчыне ВКЛ, яго дзяржаўнай, прававой і культурнай традыцыі.

2. Прыярытэт будзе аддавацца даследаванням, якія датычаць дзяржаўнай, прававой і культурнай традыцый ВКЛ, праяваў ідэі ВКЛ у XIX і XX ст., а таксама тэмаў, прысвечаным гісторыі прынамсі адной дзяржавы з абшару былога ВКЛ — Літвы, Польшчы, Беларусі, Украіны.

3. Паведамляем, што працы для Прэміі могуць ахопліваць розныя сферы гуманітарных навук: гісторыі, паліталогіі, гісторыі мастацтваў, філалогіі, сацыялогіі, гісторыі права і палітычнага ладу, геаграфіі.

4. Прэмія можа быць прысуджаная грамадзяніну любой краіны, які прадставіць доктарскую або магістарскую працу (як паведамлялася, могуць быць і іншыя эквівалентныя дыпломныя працы).

Апошні тэрмін падачы працаў — 30 верасня 2013 г.

5. Да першай Прэміі могуць быць прадстаўленыя працы, напісаныя ў перыяд з 26.01.2010 да 2013 года. Для Прэміі ў наступныя гады, пачынаючы з 2014 года, працы мусяць быць напісаныя цягам апошніх двух гадоў.

6. Працы на Прэмію могуць быць пададзеныя самім кандыдатам або ўстановай (кафедра, факультэт, навуковы цэнтр і інш.) пасля атрымання згоды кандыдата.

7. Працы могуць быць напісаныя на літоўскай, польскай, беларускай, украінскай, расійскай або англійскай мове.

8. Апошні тэрмін прадстаўлення прац — 30 верасня кожнага года. Электронная версія працы, меркаванне заяўніка (для доктарскіх і магістарскіх прац) і рэцэнзента (толькі для магістарскіх прац) трэба накіроўваць на адрас: [email protected].

9. Пераможцаў — першае, другое і трэцяе месца — абярэ навуковая камісія, прызначаная інстытутам ВКЛ.

10. Цырымонія ўзнагароджання будзе праходзіць у Коўне ў лютым кожнага года.

11. Дадатковую інфармацыю глядзіце на сайце Інстытута ВКЛ (www.ivkl.lt) альбо звяртайцеся па тэлефоне 370 686 31146 і на мэйл [email protected] (Русціс Камунтавічус).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0