У Гомелі 21–22 лютага прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да святкавання Дня роднай мовы.
21 лютага дэмакратычныя актывісты напісалі дыктоўку «Ліст з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага. Потым адбылася дыскусія на тэму паўстання 1863–1864 гадоў на Гомельшчыне.

Увечары 22 лютага Гомельская гарадская арганізацыя «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» пры падтрымцы грамадскай кампаніі «Будзьма» правяла паэтычны вечар з удзелам маладых паэтаў Алеся Плоткі, Арыі Ульрыкі Гатальскай, Алега Боклага, Ганны Новік. Паэтка Ларыса Раманава прэзентавала сваю кнігу «Святая вада». «Я шукаю святое ў людзях — як яно з’яўляецца, ці ёсць наогул. Каля Веткі ёсць шмат крыніц, на адной, каля вёскі Шарсцін, дзе я была нядаўна, вісяць аброчныя ручнікі. Значыць, гэта важна людзям — крыніцы, вада ў якіх лічыцца святой, яны шануюць. Значыць, не ўсё страчана», — дадала Ларыса Раманава.

У вечарыне ўзяў удзел вядомы бард Зміцер Бартосік. Ён прэзентаваў новы альбом «Дзве гітары».
Паэтычны пераклад вершаў 60–70 гадоў, якія складаюць залаты фонд расійскай аўтарскай песні (Уладзімір Высоцкі, Булат Окуджава, Аляксандр Вярцінскі), быў зроблены Рыгорам Барадуліным.

Кажучы аб роднай мове і яе сучасным стане, Зміцер Бартосік адзначыў, што, на жаль, беларуская мова не з’яўляецца сродкам зносін у сённяшняй Беларусі. «Можа, калі і будзе. На сёння беларуская мова — гэта тое, што надае сэнс майму, і не толькі майму, жыццю, а шматлікім творцам, людзям, якія жывуць не толькі дзеля грошай і страўніка, а зазіраюць у заўтрашні дзень дзяцей», — сказаў бард.

Паводле яго слоў, мова ў сённяшняй Беларусі — гэта тая лакмусавая паперка, якая дазваляе адрозніваць добрае ад злога.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?