Заяўка на вулічнае шэсце і мітынг у нядзелю, 24 сакавіка, пададзеная ў Мінгарвыканкам. Шэсце мае распачацца ад Батанічнага сада і завершыцца мітынгам на плошчы Бангалор.

У гэты ж дзень аргкамітэт плануе правесці ўрачысты сход у Палацы культуры Трактарнага завода, дзе выступяць гісторыкі і музыкі з так званага «чорнага спісу».

«Многім яшчэ патрэбны „лікбез“ і раскрыццё самога факту — чым ёсць 25 сакавіка.
— сказаў сябра аргкамітэта, старшыня АГП Анатоль Лябедзька. — Са свайго боку мы будзем рабіць акцэнт на тым, што сёння на парадку дня надзвычай актуальна стаіць пытанне абароны эканамічнага сувэрэнітэту Беларусі».

Акрамя Анатоля Лябедзькі ў прэс-канферэнцыі ад імя аргкамітэта ўзялі ўдзел Уладзімір Някляеў, Юрась Губарэвіч, Аляксей Янукевіч, Віктар Івашкевіч і Дзяніс Садоўскі.

«Не так шмат у нас па-сапраўднаму гістарычных дат і гістарычных постацяў, — заўважыў Уладзімір Някляеў. — Дата 25 сакавіка і постаць Кастуся Каліноўскага — з гэтага шэрагу.

Сёлета яны, нібыта, сышліся разам. І паглядзіце, што адбываецца: менавіта гэткія даты і постаці ўлады асабліва аспрэчваюць. Мне ўжо некалькі людзей казалі, маўляў: вось вы там зноў прыдумалі — шэсце на Бангалор — што гэта такое?! Але ж трэба глядзець, што рэальна адбываецца: тут нават правесці сход — і тое яшчэ невядома, ці атрымаецца. А калі вам надта хочацца нешта зрабіць большае, чым сёння здольная дэмакратычная апазіцыя, то — калі ласка, далучайцеся. Дык не — зараз гэбэшныя тролі будуць „бамбіць“, што яны там пойдуць на Бангалор абдымацца з рэжымам на канапах, а самі будуць сядзець на гэтых канапах і нічога не рабіць».

Інфармацыйная кампанія Дня Волі будзе арганізаваная праз налепкі-улёткі, а таксама праз інтэрнэт.

Сябра аргкамітэта Віктар Івашкевіч заклікаў далучацца да кампаніі ўсіх неабыякавых людзей. Адначасна чальцы аргкамітэта заяўляюць, што пакуль не маюць акрэсленага плану дзеянняў на выпадак таго, што ўлады не задаволяць заявак на вулічную акцыю і ўрачысты сход.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?