26.02.2013 / 00:53

Вепрукі і мастакі. Вар'яты нішчаць нашы вёскі 11

Піша Алена Германовіч.

Я магла б быць жонкай мастака. Я была б яго музай, ён пісаў бы мае партрэты, а на замежных выставах у крутых галерэях я б падкрэслена сціпла стаяла каля яго злева, слухала б яго прамовы, кшталту «Усім, што я маю, я абавязаны сваёй жонцы! Ёй і прысвячаю гэтую выставу!». Я б канфузілася, апускала б вочы долу і чырванела, і казала: «Не, ну што ты, што ты!». А ўсе асобы жаночага полу глядзелі б на мяне з непрыхаванай зайздрасцю.

Я магла б быць жонкай мастака. Калі б трыццаць гадоў таму мая суседка-бабуля не пашкадавала кабанчыка для вяселля свайго ўнука са мной. Гэта была першая і апошняя прапанова ў маім жыцці выйсці замуж. І нават гэтая першая прапанова не была агучаная мне ў вочы, бо патэнцыйны жаніх палічыў за лепшае вырашыць у першую чаргу эканамічныя пытанні з вяселлем. Нам было па чатыры гады. Хлопчык той прыязджаў на лета да бабулі, маёй суседкі. Неяк ён прыбег з гуляў да сваёй бабулі ў хату і з парога рашуча закрычаў: «Бабуля! Рэж кабана!». У бабулі вочы па пяць савецкіх капеек зрабіліся, а хлопчык патлумачыў: «Я кажу, рэж кабана! Я з Алёнай жаніцца буду!».

Бабуля пашкадавала (ці кабана, ці ўнука, ці, можа, нават мяне), і вяселля не адбылося. Прайшлі гады, і я даведалася, што ён цяпер мастак. Не быць мне яго жонкай. Не, тэарэтычна мы б маглі пажаніцца нават цяпер. Тэарэтычна мы маглі б сустрэцца ў вёсцы, ля ручайка, які падзяляў нашыя двары. Я б стаяла на левым беразе, ён — на правым, мы б маглі сустрэцца і тэарэтычна закахацца. Але тут і сёння я адчуваю, што ў справу зноў умяшаецца пракляты тлусты кабан. Я ўпэўненая, што цяпер бабуля дарослага ўжо хлопчыка дакладна не дасць біць кабана, 100% не дазволіць. Праз тую, будзь яна праклятай, пастанову Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, якая забараняе біць свіней на ўласных падворках, калі хоць усю свінню, хоць яе «задні мост» ты збіраешся прадаць.

На вяселле ў вёсцы звычайна білі двух кабаноў — аднаго сабе, другога на продаж, каб на выручаныя грошы згуляць свята.

Ну, калі тады, калі можна было біць свіней налева-направа, калі мой сусед-дзед толькі і хадзіў па вёсцы са швайкай, каб дзе якога кабанчыка зарэзаць, калі нават тады бабуля-суседка пашкадавала кабана нам на вяселле, то цяпер шанцы нашыя пажаніцца роўныя нулю. Таму што цяпер, каб забіць кабана, трэба везці яго на бойню — у райцэнтр ці яшчэ далей, аддаць грошы за машыну, за забой (за здаровага кабана — да 600 тысяч рублёў трэба аддаць). Хто адважыцца на такія выдаткі?

Больш за тое, паводле новых «ветэрынарных нормаў» утрымліваць свіней можна пры пэўнай тэмпературы. Гэта значыць, зімой у хлявы трэба правесці ацяпленне, а летам усталяваць кандыцыянер. Утрымліваць свіней трэба ў памяшканнях, куды не могуць пракрасціся мышы ці заляцець мухі. Гэта ўжо будуць залатыя свінні, якіх не будуць калоць направа-налева, каб згуляць чыё вяселле.

Я смяялася і плакала, калі чытала тыя новыя нормы. Свінню належыць утрымліваць у хляве пры 14–16 градусах цяпла, каня — пры 6–8, казу — пры 3–6, карову — пры 8–15. Значыць, трэба будаваць асобныя хлявы для розных парнакапытных, рагатых, бязрогіх. Я ўсё-такі не разумею: чаму конь патрабуе менавіта 6–8 градусаў, а каза — 3–6? Ад таго, што ў казы поўсць даўжэйшая? Чаму тады карове трэба аж 15? Яна ж таксама мае поўсць.

Бывай, мой сябра дзяцінства, бывай, мая мара стаць жонкай мастака! І ўсё праз новыя санітарныя ветэрынарныя нормы.

Напэўна, добра, што мой дзед не дажыў да гэтага часу. Ён трымаў і каня, і карову, і авечак, і свіней, і курэй. Колькі асобных хлявоў давялося б яму пабудаваць, з ацяпленнем і кандыцыянерамі!

Добра, што сусед, дзед Стась, не дажыў да гэтага часу, бо іначай яму з жонкай давялося б галадаць. І швайка яго заржавела б. Я малая, калі бачыла, што дзед Стась выйшаў з хаты са швайкай, засунутай за халяву ботаў, інстынктыўна заціскала вушы, бо гэтая швайка была прадвеснікам страшнага пранізлівага свінячага віску. Дзед Стась біў па вёсцы кабаноў, за што заўсёды меў у хаце свежую скварку.

Эпілог

Мне здаецца, што тыя, хто прымае такія «законы» і «нормы», і тыя, хто актыўна ўдзельнічае ва ўсім гэтым, хранічна ненавідзяць вёску, проста не ведаюць, як яе знішчыць. Але ж яны самі ўсе пагалоўна з вёсак, пачытайце іх біяграфіі. Як можна ненавідзець (і за што?) месца, дзе нарадзіўся? Да такой ступені ненавідзець, што нават не любіць слова «вёска», скалечыць яе, абазваўшы «аграгарадком», набудаваўшы там «домікаў» замест хат. Хіба магчыма напісаць нейкі добры твор пра аграгарадок? Нават слова «аграгарадок» немагчыма ўявіць у назве апавядання ці рамана (я маю на ўвазе добры твор). Праўда, Іван Данілавіч? Мы ж усе з хат?

Напэўна, толькі вар’ят можа атрымаць натхненне для верша ці апавядання ад масавага забою свіней на дзяржаўнай бойні. Праўда, Міхась Лявонавіч? Праўда, Яўген Іванавіч?

0
Мишикин / Адказаць
26.02.2013 / 06:14
Запрет продажи на рынках при подворном убое - вынужденная необходимая мера, при чем из-за безсовенности людей. Сразу нужно разобраться в ситуации, с чего так все стало, а потом критиковать, хоть написано и красиво.
0
Сівы / Адказаць
26.02.2013 / 07:26
Алена! Пастанова для тых ,хто займаецца закупам свіней у вёсках і потым прадае мяса ў сваіх магазінах ці на базары. Вось у іх цана зменіцца,канешне не на карысць пакупнікоў, А для вяскоўцаў-білі самі і будуць біць.Справа не ў тым.Хутка ня будзе чаго біць.Вёска ўжо не тая .
0
Алесь Пекар / Адказаць
26.02.2013 / 07:32
Чарговыя соплі нейкай старой дзевы! Зноў змяшаны боб з гарохам. Ёсць пэўныя хібы ў гэтай пастанове, але калі ў суседа свінакомплекс з бойняй, то жыццё акружаючых падобна пеклу. Хто гадуе аднаго парсючка сабе, другога на продаж - ніколі не мае праблем, свежанінку з радасцю набываюць сябры і знаёмыя, я і сам так купляю.
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру