Уладзімір Караткевіч і Ніна Молева. Фота з блога Дзяніса Марціновіча.

Уладзімір Караткевіч і Ніна Молева. Фота з блога Дзяніса Марціновіча.

Нядаўна прайшла інфармацыя, што маскоўская сям’я перадала ва ўласнасць дзяржаве калекцыю мастацтва коштам да двух мільярдаў даляраў.
Два мільярды — гэта, магчыма, медыйнае перабольшванне. Але яно адлюстроўвае памер калекцыі: больш за тысячу прадметаў, сярод іх Рубэнс, Мікеланджэла, да Вінчы. (Не здзіўлюся, калі ў адной з такіх маскоўскіх калекцый ляжыць і Крыж Ефрасінні.)
Дык вось, Ніна Молева — гэта было ранняе каханне Караткевіча.
Караткевіч тады вучыўся ў Літінстытуце, Молева там выкладала гісторыю мастацтва. І акурат пра жанчын Караткевіча піша ў сваёй кнізе малады даследчык Дзяніс Марціновіч.
Молева была надта хворай у тыя часы, надта хворай. З яе словаў Караткевіч піша, што дактары даюць ёй усяго год жыцця.
Яе нават адправілі на аперацыю ў Вене. Можна сабе ўявіць, кім трэ было быць, каб цябе, савецкага грамадзяніна, адправілі рабіць аперацыю ў капіталістычнай краіне. Гэта мог быць або неймаверна шчаслівы чалавек, або чалавек з двайным дном. І вось такая жанчына стала рамантычным захапленнем пісьменніка.

Цяжка сабе ўявіць у тагачаснай Беларусі, сплюндраванай заваёўнікамі, вось такую калекцыю, як у той, словамі Караткевіча, «цудоўнай маскоўскай кватэры у раёне плошчы Маякоўскага».

Караткевічу тады было 29 (Молевай — 31).
Здаецца, больш уявіў сабе тое каханне, надумаў сабе яго, чым яно развілася ў рэчаіснасці. Але перажыў ён гэтае кароткае каханне настолькі глыбока, што яно паклалася на паперу ў геніяльным рамане «Леаніды не вернуцца на зямлю» (праз цэнзуру выйдзе з друку пад назвай «Нельга забыць», бо СССРам кіраваў Леанід). Уяўленае каханне нарадзіла рэальных персанажаў.
Надта хворай была і іншая жанчына, іншае вялікае рамантычнае захапленне Караткевіча — Навэла Матвеева. І вось, абедзве гэтыя хворыя жанчыны, як нярэдка тое здараецца, перажылі Караткевіча вось ужо на 29 гадоў, і дай бог ім здароўя.

Марціновіч не пагаварыў з імі — а шкада. Нават калі б яны мала праўды расказалі, гэта ўсё быў бы цікавы адбітак люстэрка ў люстэрку.

Пабачыць тыя раманы вачыма іншага боку дало б цікавы гістарычны і псіхалагічны матэрыял.

Караткевічу, як і Багдановічу, «пашанцавала». Як Багдановіч не трапіў у безнадзейны савецкі нябыт, так і Караткевічу не было наканавана забыццё ў лукашэнкаўскія часы.
Багдановіч памёр перад самай Кастрычніцкай рэвалюцыяй і таму не паспеў запляміць сябе ў контррэвалюцыйнай, буржуазна-нацыяналістычнай, антысавецкай дзейнасці. Так і Караткевіч памёр напярэдадні вялікіх перамен. У мяне няма сумневаў, што Багдановіч заняў бы пасля 1917-га пазіцыю правей ад Купалы, Гарэцкага й Гаруна і таму яго, як Гаруна ці Гарэцкага, на дзесяцігоддзі схаваліся б ад чытача. Так і Караткевіч, каб дажыў ён да часоў дыктатуры, не толькі натхняў бы пятую калону на актыўныя дзеянні, скіраваныя на дэстабілізацыю сацыяльна-эканамічнага ладу, а і сам браў бы чынны ўдзел у «бясчынствах апазіцыі». Ужо ж бы Караткевіч знайшоў месца і час, каб уваліць смачны падсрачнік таму, хто, на патрэбу гаспадарам сённяшняга жыцця, аблівае брудам чалавека, які пайшоў на эшафот, каб чалавецтва стала бліжэйшым да шчасця на вышыню яшчэ адной магілы.

Караткевіч быў яркім характарам.

Аднак, вядома, ягоны лёс, як і лёс Багдановіча, быў далёка не шчаслівым.
Слабое здароўе рана звяло абодвух у магілу. І гэтая яскравасць, гэты выбуховы тэмперамент, і гэтае здароўе ўплывала на ягоныя каханні. А каханні — на творчасць.

Жанчыны, хай сабе слаба апісаныя — і няма фатаграфій, а як без іх уявіць сабе іх, адчуць нюансы таго тыпу, які прывабліваў пісьменніка, — паўстаюць перад намі, прычым у супастаўленні з выпісанымі на іх прататыпах персанажамі рэальных кніг. Чаго бракуе кнізе? Палітычнага кантэксту, сацыяльнага і псіхалагічнага аналізу, фону часу.

Напрыклад, не згадваецца ў кнізе, што ў Караткевіча была такая асаблівасць арганізма — не расла барада.
Гэта не магло не ўплываць на яго самаўспрыманне, на ягоны псіхалагічны профіль, а праз тое — і на рамантычнае жыццё. Было б цікава, каб аўтар не абмяжоўваўся літаратурным уплывам закаханасцяў.
Украінскі гісторык Яраслаў Грыцак напісаў захапляльную біяграфію ўкраінскага класіка Івана Франка «Прарок у сваёй айчыне: Франко ды ягоная супольнасць (1856–1886)».
У ёй ён паказаў час, у якім фармаваўся гэты інтэлектуальны лідар, а таксама ўплыў прарока на сваю айчыну. Гэта бліскучая біяграфія,
і Караткевіч, дый Купала, Быкаў яшчэ чакаюць свайго аўтара, які б апісаў, як геній змяняе людзей вакол сябе і сваю радзіму як цэлае.
Такія кнігі, як Марціновічава, дадаюць драбніцы веды для таго, хто возьмецца за вялікую кнігу-біяграфію Караткевіча. Можа быць, гэта будзе сам Дзяніс Марціновіч?

* * *

Дзяніс Марціновіч. «Донжуанскі спіс» Караткевіча. — Мінск: Чатыры чвэрці, 2012.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?