Якой была рэакцыя паэта Генадзя Бураўкіна на ліквідацыю спэцназам намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы?

(Бураўкін: ) "Ну што вы, бясспрэчная – і цяпер яшчэ цяжка гаварыць, як горка, як чорна пачаўся сёньняшні дзень. Я апошнія дні быў на плошчы, глядзеў на гэтых маладых людзей, гаварыў з тымі, якія туды прыходзілі, каб падтрымаць іх, і я бачыў, што ніякага гвалту там не было. Гэта была безумоўна мірная дэманстрацыя, і калі некаторыя дужа разьятраныя беларускім тэлебачаньнем старыя людзі прыходзілі і, як гэта ні жахліва, крычалі, што трэба гэтых усіх расстраляць, мы да іх падыходзілі і пыталіся: "А за што?" "А вось за тое, што яны тут стаяць". А я пытаўся: "А што ім рабіць?" На тэлебачаньне, на радыё іх не пускаюць. У газэты ім няма магчымасьці пайсьці выказаць сваю думку.

Так, можа быць, гэта ня самы выдатны і лепшы спосаб, але заявіць пра сваю пазыцыю ў іх застаецца толькі гэтая магчымасьць – прыйсьці сюды, быць тут, начаваць тут і выказваць сваю пазыцыю. Дык што ж гэта такое, калі мы ня можам нават заявіць пра тое, як мы думаем пра тое, чаго нам хочацца. Пагодзіцца з намі большасьць народа ці не – гэта іншая справа, але мы павінны мець, мы маем канстытуцыйнае права свае думкі, пазыцыі выказаць.

І вось улада пацьвердзіла вельмі канкрэтна, вельмі ясна, што яна робіць стаўку на грубую сілу, на падаўленьне любога іншадумства. Улада разумее пры тым, што яна робіць недэмакратычна і брыдка. Бачыце, яны гэта зрабілі ноччу. Хто ноччу робіць свае справы? Ніколі добрыя людзі, сумленныя людзі ноччу свае справы ня робяць. Значыцца, улада ведае, што яна робіць брыдка, непрыгожа. Гэтая бессаромнасьць улады, грубая сіла, стаўка на падаўленьне ўсяго таго, што не халуйнічае перад ёю – вось пацьверджаньне гэтага.

Цяжка зараз нейкія фармулёўкі дыпляматычныя, разумныя знаходзіць, бо сэрца баліць за тых маладзёнаў, якіх пахапалі, якіх чакаюць краты, прысуды. Але адзінае, што я калі думаю пра сёньняшні дзень і пра заўтрашні, я ўспамінаю твары ня гэтых адкормленых у чорным, амапаўцаў, якіх я там бачыў каля Дома афіцэраў, а ўспамінаю сьветлыя твары мілых дзяўчат, мілых хлопцаў, гэта іхныя твары будучыня нашай Беларусі, гэта з гэтымі сьветлымі тварамі мы будзем думаць пра Беларусь і пойдзем зь імі ў новы дзень Беларусі".

(Караткевіч: ) "Якія Вы бачыце пэрспэктывы ў пратэстах, напрыклад, заплянаванай акцыі 25-на сакавіка – ці запалохае патэнцыйных пратэстоўцаў тое, што адбылося сёньня ўначы?"

(Бураўкін: ) "Думаю, што нейкую частку бясспрэчна запалохае, бо людзі ёсьць людзі, і той страх, які і перад выбарамі, і ў час выбараў, і ў апошнія дні сьвядома насаджалі дзяржаўныя СМІ, яны ня могуць прайсьці абсалютна без увагі. Бо і тыя ж маці за сваіх сыноў і дачок хварэюць, і тыя ж людзі, у якіх ёсьць кавалак хлеба, хай і ня надта смачны, яны задумаюцца, бо зараз улада прызнае толькі адно: толькі халуйства, толькі паслухмянасьць, і таму, канечне, нейкае ўзьдзеяньне гэта ўсё будзе мець. Але я думаю, што ўсё-ткі ў народа нашага ёсьць і розум, і сумленьне, і яшчэ ёсьць мужнасьць, што за гэтыя дні, калі на плошчы былі намёты, усё гэта вельмі для разумных людзей вельмі добра было прадэманстравана".

(Караткевіч: ) "Калі параўнаць прэзыдэнцкія выбары 2001 году і цяперашнюю выбарчую кампанію – як бы Вы пракамэнтавалі зьмены ў настроі грамадзтва?"

(Бураўкін: ) "Я думаю, што грамадзтва больш задумалася і больш зразумела ў гэтыя дні. Тады грамадзтва ці то спадзявалася, што ўлада адумаецца, у нечым паразумнее. А цяпер, я думаю, людзі зразумелі, што з гэтай уладай спадзявацца на тое, што яна выслухае, зразумее тых, хто не зусім згодзен з афіцыйнай пазыцыяй – людзі зразумелі, што спадзявацца на гэта не выпадае, і таму настрой на мірнае супраціўленьне цяпер значна большы, чым гэта было ў 2001 годзе".

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0