Кіраўнікі РГА «Белая Русь» Аляксандр Радзькоў і польскай партыі «Самаабарона» Лех Курапатвіньскі 26 лютага ў Мінску падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве паміж арганізацыямі.

«Да падпісання пагаднення мы ішлі чатыры гады, — заявіў журналістам намеснік старшыні „Белай Русі“ Віктар Шацько. — Мы так доўга вялі перамовы, таму што хацелі ясна зразумець, што хочуць атрымаць бакі ад супрацоўніцтва».

Паводле яго слоў, «Белая Русь» хацела б кантактаваць з арганізацыямі, якія прадстаўляюць не толькі краіны СНД, але і еўрапейскія дзяржавы. «Польская „Самаабарона“ — адна з такіх арганізацый. Гэта партыя найбольш праўдзіва падыходзіць да сітуацыі ў Беларусі, падае інфармацыю пра нашу краіну ў СМІ», — сказаў Шацько.

Намеснік старшыні «Белай Русі» паведаміў, што арганізацыям хацела б супрацоўнічаць з «Самаабаронай» «у плане аналітыкі, выбару шляхоў інфармавання насельніцтва дзвюх краін». «Мы хацелі б разабрацца з асновай стаўлення да Беларусі ў Еўропе, як да нашай краіны ставяцца не толькі палітыкі, але і простае насельніцтва», — зазначыў ён.

Шацько паведаміў, што «Белая Русь» «праз СМІ, канферэнцыі, сумесныя мерапрыемствы хацела б паказаць, што Беларусь — краіна, якая дынамічна развіваецца». «Мы хочам развівацца ў палітычным, эканамічным, культурным, адукацыйным плане. Беларусь — еўрапейская краіна. Спадзяюся, „Самаабарона“ дапаможа знайсці правільны шлях выбудоўвання адносінаў з Польшчай», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?