10.03.2013 / 02:29

Пярэспа 22

Нядаўна заўважыў, што «Мінсктранс» змяніў назву трамвайнага прыпынку «Камсамольскае возера» на «Пярэспа».
Мабыць, ужо ніхто і не памятае, што за «Пярэспа» такая і адкуль такая назва. А «Пярэспа» — гэта адзін з найбольш старажытных раёнаў Мінска. Назву ён атрымаў такую ад ракі Пярэспы, левага прытоку Свіслачы. Рака ў 1975 была зведзена ў падземны ліўневы калектар. Дарэчы, слова «пярэспа» ўтварылася па тым жа прынцыпе, што і выспа, наспа, заспа, ад дзеяслова «перасыпаць» і азначае «пясчаная каса», «намыі, наносы пяску».
У канцы XIX стагоддзя прадмесце Пярэспа злілося са Старажоўкай і ўвайшло ў рысу горада. У 1941 у раёне Пярэспа створана Камсамольскае возера.

Як кажа народнае паданне, паміж Татарскім канцом (месца на паўночна-заходняй ускраіне Мінска, дзе кампактна, пачынаючы з XVI стагоддзя, пражывалі татары) і Пярэспенскім мастком, каля самага Віленскага паштовага шляху (там, дзе цяпер гасцініца «Беларусь»), калісьці пасяліўся знакаміты волат-знахар па мянушцы Менеск, і пабудаваў ён на рацэ Свіслачы вялікі каменны млын аб сямі колах. Кажуць, ніхто самога Менеска ніколі не бачыў, але па наваколлі свіслацкай зямлі ішлі самыя фантастычныя аповеды аб яго сіле: кажуць, што ў яго млыне мука малолася не з хлебнага зерня, а з камянёў; што ўначы чуліся там нейкія дзіўныя крыкі, гікі, песні, музыка і скокі; што апоўначы раз’язджаў ён на сваім млыне па дарогах і набіраў дружыну з адважных, смелых, моцных людзей, з якіх пасля ўтварыўся цэлы народ, які стаў сяліцца побач з млыном знахара. А тое месца іх жыхарства і пачало называцца Менеск, а далей Менскам.

Радуе тое, што хоць «Мінсктранс» рупіцца аб беларускіх назвах і захоўвае, хоць бы так, нашу спадчыну.

* * *

Ад Рэдакцыі. Калі маеце іншыя прыклады зменаў на добрае, дасылайце іх нам, калі ласка.

даслаў чытач Віктусь Вернікоўскі, Мінск

0
Кнехт / Адказаць
10.03.2013 / 09:01
Такую лекцыю аб паходжаніі назвы павінен агучваць кожны раз кіроўца (уключацца запіс), пад'яжджаючы да прыпынку "Пярэспа". Іначай пачнуць пісаць і патрабаваць, "каб не блыталі людзей".
0
свені-горад / Адказаць
10.03.2013 / 09:06
Вось і ў гэтым міце пра Менеска ўсе так лёгка вытлумачальна.. Таргашы пасяліліся на тарговым шляху. Пачалі склады будаваць - для тавару заморскага й мясцовага, шлюзы - а што? - ў гэты час ужо хутка тысячагодзе, як калізеі з пантэонамі былі пабудаваны, млыны - каб гасцей з дружынамі ахоўнымі карміць.. Вось паціху, дружыньнікі тыя, дарогу ведаючы ( дарога - таксама цікавае слова - нездарма ж яна дарагая) і ўладу захапілі, землі розных плямёнаў праз гэта аб'ядналі.. Толькі ў нашай Літвы быў іншы шлях, бо гэты працэс ішоў намнога раней, чым пад пазнейшай русьсю.. Там яны - варагі - сталіся звычайнымі акупантамі. Вельмі мне карціць звярнуць увагу на старажытнасьць габрэйскага насельніцтва на нашай зямлі:-) Такая ідэя - якраз русь лічыла іх канкурэнтамі ў справе нарыхтоўкі тавару.. Вельмі многа з гэтага можна вытлумачыць:-)
0
Иржы / Адказаць
10.03.2013 / 09:24
Дзякуй, Віктусь! Нарэшце зразумеў, што значыць "А на Пярэсьпе музыка іграе,/Народ стаіць і толькі пазяхае" з песьні Шалкевіча.
Паказаць усе каментары/ 22 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру