1. Добра было б не так спяшацца з абвяшчэннем лонг-ліста.
Дэдлайн падачы кніг — канец снежня, галасаванне ў першай палове студзеня, а ладная частка кніжак прыходзіць толькі ў самым канцы году. Простая павага да аўтараў і выдаўцоў вымагае, каб журы прачытала кнігі спакойна і цалкам, з перапынкамі на роздум. Літаратура не церпіць чытання «па дыяганалі» — што вядома арганізатарам бальшыні замежных прэмій, у якіх лонг-ліст за папярэдні год агалошваюць прынамсі ў маі, а найчасцей — пасля летніх вакацый.
2. Добра было б напісаць і апублікаваць рэгламент Прэміі,
які б утрымліваў неабходную інфармацыю: хто, калі і паводле якіх прынцыпаў стварае журы, якім чынам падлічваюцца галасы (раптоўная змена спосабу падлікаў збівае з панталыку), што рабіць, калі вылучаны дзве кнігі аднаго аўтара і г.д. Я вельмі цаню чары славянскай імправізацыі, але давер да Прэміі вырас бы, калі б працэдура адбору была дакладна прапісаная і ўсім вядомая. Дапрацаваць рэгламент на падставе спраўджаных міжнародных узораў — гэта справа пары дзён.
3. Добра было б адмовіцца ад рэцэнзій на старонцы www.gedroyc.by.
Я не ведаю, хто і як падбірае гэтыя рэцэнзіі, але для інтэрнаўтаў яны выглядаюць як выказванне пазіцыі журы. Тымчасам бальшыня зь іх — гэта рэклама або антырэклама асобных кніг, на дадатак часта пазбаўленая мінімальных літаратурных крытэраў. Дзве асноўныя аўдыторыі старонкі (замежныя выдаўцы і чытачы беларускай літаратуры) значна лепш і аб’ектыўней падштурхнуць да чытання фрагменты кніг, дастатковыя, каб стварыць уласнае ўражанне. Добрага каваля відаць здаля.

4. Добра было б праясніць ролю палякаў у журы.
Другі год на кожным кроку я чую і чытаю, каго і з якіх прычын выбралі палякі, і гэтыя дадумкі не спрыяюць добрай рэпутацыі маіх землякоў. Таму дазволю сабе сказаць (раз ужо ніякага рэгламенту прэміі няма). Два ганаровыя члены журы з польскага боку (дыпламаты) не галасуюць ні на адным этапе. Трэці, звычайны, галасуе толькі ў фінале (што ўжо само сабой досыць арыгінальна). І толькі чацвёрты — гэта значыць, я — сёлета галасавала на ўсіх этапах. Таму, прынамсі, хачу, каб беларусы ведалі: і леташнія, і сёлетнія вынікі ўзнагароды — цалкам выбар беларускіх членаў журы.
5. Добра было б растлумачыць прэтэндэнтам панятак «выданне ў Польшчы».
У дадзеным выпадку, гэта грантавае выданне ў Калегіуме Усходняй Еўропы (KEW). Гэта паважаная ініцыятыва, але яна не выходзіць на рэальны, камерцыйны кніжны рынак. Яны максімальна што распаўсюджваюць — гэта пара соцень асобнікаў. У маштабах Польшчы гэта азначае, што кніга не трапляе да чытача. У выпадку з сапраўды добрымі аўтарамі, якія дзякуючы Прэміі мелі б шанец выйсці на іншыя замежныя рынкі, такое выданне можа аказацца мядзведжай паслугай, і пра гэта варта папярэджваць лаўрэатаў. Замежныя выдаўцы старанна адсочваюць лічбы продажаў на папярэдніх рынках, і калі нейкая кніга разышлася ўсяго толькі накладам некалькі соцень экзэмпляраў, то некаторыя могуць палічыць гэта фальстартам.
6. Пры нагодзе пунктаў 4 і 5 добра было б пагаварыць аб уплыве польскіх (і, пэўна, не толькі польскіх) выданняў на беларускі літаратурны працэс.
Я гадамі назіраю саманакрутку механізма выдання пасрэдных аўтараў з аргументацыяй «бо за мяжою іх выдаюць» і адначасна згубнага замоўчваньня выдатных кніжак «з-па-за тусовак». На практыцы, большасць замежных выданняў — гэта дабрачынныя гранты, якія раздаюцца па падказках саміх беларусаў, без зацікаўленасьці з боку рэальнага кніжнага рынку. Не слухайце замежнікаў, што раздаюць гранты. Яны малайцы, што ад шчырага сэрца падтрымліваюць беларускую культуру, але беларусы мусяць ведаць, што замежнікі ніколі самі не вызначаюць, якія канкрэтна кнігі, праекты, ідэі падтрымліваць, гэта вызначаюць самі беларусы.
7. І ўвогуле, варта часцей думаць ўласна пра літаратуру.
Літаратура — гэта не фабула, a найперш мова. І наадварот, мова сваім развіццём і заняпадам абавязаная найперш літаратуры. Чым больш мова дакладная, тым дакладней мысляць яе носьбіты; чым больш неахайная, тым неахайнейшае мысленне. Добрай нацыянальнай мовы няможна збудаваць на халтуры, тусовачных міжсабойчыках ці графаманіі. Я сябе адчуваю дурнавата, прамаўляючы такія рэчы з пазіцыі замежніцы, якая ведае беларускую мову толькі пасіўна, а з вамі дачыняецца на ламанай расейскай, але паверце: палякі, пры ўсіх сваіх хібах, артадаксальна шануюць мову і ролю добрай літаратуры — мы лепей за каго ведаем, чым мы ім абавязаныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?