Суддзя Магілёўскага абласнога суда Мікалай Гладкі 28 лютага пакінуў без задавальнення скаргу арганізатара «Славянскага маршу» Дзмітрыя Дзенісенкі на пастанову суда Ленінскага раёна Магілёва, які аштрафаваў яго на 3 млн. рублёў.

25 лістапада 2012 года ў Магілёве прайшоў санкцыянаваны ўладамі «Славянскі марш». 7 снежня міліцыя выставіла Дзенісенку абвінавачанне ў адміністрацыйным правапарушэнні, бо двое ўдзельнікаў акцыі былі ў масках. 16 студзеня 2013 года суддзя Ленінскага раёна Таццяна Рубіс прызнала арганізатара акцыі вінаватым у парушэнні парадку правядзення шэсця і мітынгу і аштрафавала яго на 30 базавых велічынь (3 млн. рублёў).

Як заявіў у чацвер на судзе Дзмітрый Дзенісенка, міліцыя наладзіла супраць яго правакацыю, а суд першай інстанцыі праходзіў з «абвінавачвальным ухілам». Ён адзначыў, што заключыў платны дагавор з міліцыяй аб тым, што яна будзе ахоўваць грамадскі парадак падчас акцыі. Разам з тым супрацоўнікі міліцыі не ўказвалі яму на тое, што хтосьці знаходзіцца ў масках. «У той жа час яны не дапускалі на мітынг пажылых людзей без усялякіх масак», — сказаў Дзенісенка.

Арганізатар акцыі таксама адзначыў, што ў яго кепскі зрок і ён мог не ўбачыць людзей у масках.

Прычым міліцыянеры адцягвалі яго размовамі аб недапушчальнасці выкарыстання на гэтай акцыі гістарычнай сімволікі — «імперскага» сцяга Расіі, хаця нідзе ў заканадаўстве, паводле слоў Дзенісенкі, такой забароны няма.

Суддзя, заслухаўшы довады заяўніка, не знайшоў падстаў для задавальнення скаргі Дзенісенкі і змянення пастановы Ленінскага суда па гэтай справе.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?