Светлай памяці Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

Любіш сваё — паважай і чужое.
Любіш чужое — шануй і сваё.
Лявон Вольскі

Раздзел першы

На самым звычайным беларускім полі, паміж самымі звычайнымі беларускімі лесам і возерам, жыла-была спадарыня Бульбачка. Жылося ёй тут вельмі добра. Вялікаю была бульбаччына сям’я — па ўсім полі рассяліліся яе шматлікія браточкі, сястрычкі, сыночкі, дочачкі, пляменнічкі ды сваты cа сваццямі.

Ні з кім і ніколі не варагавала гэтае добрае сямейства. З усяго прысярэдку прыходзілі госці да спадарыні Бульбачкі. Заўжды ўсім яна была радая і кожнага прымала як самага дарагога. Павучок прыбягаў сплесці паміж бульбяных галінак свой гамак ды грэўся на сонейку. Бусел важна шпацыраваў па полі, збіраючы ў барознах жаб ды яшчарак. Вушасты зайчык прыбягаў паласавацца пустазеллем, што намерылася cяліцца cярод карчоў спадарыні Бульбачкі.

Добры пачастунак быў і для ганарлівага дзіка, які прыходзіў у госці з усім сваім гаманкім нашчадствам падсілкавацца смачнымі карняплодзікамі. І было яго так шмат, што нават халоднымі зімамі наша спадарынька прыхоўвала ў зямлі свой далікатэс, каб пачаставаць галодных парсючкоў. Нярэдкім госцем быў і лось з рагамі нібы дрэвамі. Асабліва ўвосень, калі бульбяное бацвінне было ўжо высахлым і, як яму здавалася, надта смачным.

Не было межаў добразычлівасці і шчодрасці cпадарыні Бульбачкі. Шанавалі і любілі яе нават тыя, хто ніколі з ёю не бачыўся.
Нават cлімак, які жыў на лісціне азёрнага чароту на другім беразе возера, ганарыўся толькі з тае прычыны, што даведаўся, з якой паважанай асобай суседнічае. А пан Сом, што ляжыць на азёрным дне, так моцна паважаў спадарыню Бульбачку, што і астатнія маўклівыя рыбы і нават рак пачалі яе паважаць. Хоць і не ведалі яны ані што такоe бацвінне, ані што такоe карняплодзікі, але ж вусаты пан Сом абы каго паважаць не стане.
А больш за ўсіх шанаваў спадарыню Бульбачку чалавек. Жыў ён са сваёю сям’ёю на хутары, што за лесам, і звалі яго гаспадар Петрык.
Самую вялікую частку свайго ўраджаю аддавала Бульбачка яму штовосень.

Карміў з таго ўраджаю чалавек усю сваю сям’ю і ўсю свойскую жывёлу ды птушку.

Як расказваў хутарскі кот Маркіз, што, пералавіўшы ўсіх мышэй ды пацукоў у гаспадарскім свірне, бегаў да Бульбачкі ганяць палёвак, надта ж смачныя клёцкі ды дранікі робіць чалавекава кабета, якую ўсе завуць гаспадыня Зося. А іхныя дзеткі Янка з Ганулькаю вельмі любяць духмяную смажаную бульбу з малачком ды скварачкамі. Ядуць ды хваляць.

Раздзел другі

І вось аднаго злашчаснага дня парушылі спакой на бульбяным полі нечаканыя госці. Спусціліся з неба наўпрост у баразну некалькі дзіўных паласатых жукоў з круглымі бакамі.
Ніколі не бачыла такіx смешных насякомых спадарыня Бульбачка. Але ж не годна з гасцей смяяцца.

— Добры дзень вам, госцейкі дарагія, — прамовіла яна. — Ці здалёк прыляцелі? Пачастуйцеся з дарогі чым Бог паслаў!

Нічога не адказалі жукі. Толькі ўзлезлі на адзін з бульбяных карчоў, выставілі да сонца круглыя паласатыя бакі ды пачалі аб’ядаць лісце. Наеліcя ад пуза ды паляцелі. Ані «добры дзень» табе, ані «дзякуй».

«Мусіць, нямыя», — толькі і падумала спадарыня Бульбачка, не паспеўшы нават пакрыўдзіцца.

Не ведала яна, што жукі прыляцелі з далёкага краю, які завецца Каларада. І што край той — на заакіянскім амерыканскім кантыненце. І што жукам гэтым каларадскім няма лепшага ласунку за бульбу. І не тое каб паласавацца, а так, што ад бульбы застаецца толькі ўспамін. І што так яны ўжо там напаскудзілі, знішчаючы тамтэйшыя бульбяныя плантацыі, што

выгналі іх са сваёй зямлі амерыканскія людзі. І вырашыў тады галоўны атаман жукоў сэр Злыдзень сабраць усё сваё незлічонае войска ды ляцець у далёкую Еўропу шукаць лепшае долі.

Цяжкі і доўгі шлях давялося пераадолець паласатай ардзе. Хто загінуў, а хто спыняўся ў іншых еўрапейскіх краінах, над якімі давялося ляцець. Але не так шмат было ў тых краінах бульбяных палёў. Tаму галодныя і злыя паласуны страшэннай хмарай працягвалі ляцець усё далей і далей на ўсход, няўмольна набліжаючыся да беларускага бульбянога краю.

І вось урэшце вяртаюцца да сэра Злыдня ягоныя выведнікі з доўгачаканаю навіною. Знайшлі-такі яны поле, на якім расце столькі бульбы, што хопіць і ім, і іх нашчадкам.

— Ну што ж… — мовіў сэр Злыдзень, звяртаючыся да войска. — Нездарма мы рушылі ў гэтае далёкае падарожжа. Ешце ж цяпер cтолькі бульбы, колькі будзе бачыць вока вашае! Рушым жа наперад!

І павёў жукоў туды, дзе было поле нашае спадарыні Бульбачкі.

Кінуліся жукі да бульбяных карчоў, трушчаць у поўную зяпу лісцікі ды кветачкі. І было тых жукоў столькі, што здавалася, нібы паласатая хмара накрыла раптам усё поле.

Здагадалася cпадарыня Бульбачка, што ніякія гэта не госцейкі да яе прыляцелі, а сапраўдныя рабаўнікі і злачынцы, І не радасць яны прынеслі, а смерць усяму бульбяному народу. І заплакала яна горкімі слязьмі, гледзячы, як гінуць яе бульбяныя грамадзяне ў зубах паласатага ліха.

Раздзел трэці

Заклікала тады наша спадарынька на дапамогу сяброў — тутэйшых насякомых, каб разам з імі адолець тую нечаканую бяду.
Як толькі пачулі яны, што іх дапамога Бульбачцы патрэбная, пакідалі ўсе свае справы.

Павучок адразу пачаў плесці між галінак бульбоўніку свае сетачкі-капканы ды лавіць у іх паласатyю погань.

Прыскакалі цэлым эскадронам, расправіўшы крыльцы, гусары-конікі. Дасталі яны свае зялёныя шабелькі і пачалі секчы налева і направа галовы паласатым пачварам.

Верталёты-стракозы з матылькамі-cтылягамі прыляцелі на поле, хапаюць чэпкімі лапкамі каларадскіx жукоў з кветачак ды раздзіраюць на часткі.

Князёўна Пчолка сабрала ўсіх сваіх руплівых амазонак і, заручыўшыся падтрымкаю казачкоў-чмелікаў, узнялася роем у неба. Далучыліcя да іх нават спрадвечныя ворагі — восы ды шэршні. Рушылі смелыя ваяры ў самую гушчу, працінаючы дзідамі-джаламі круглыя бакі жукоў.

А мурашкавы фараон мусіў cпыніць па ўcім лесе будаўніцтва пірамідаў-мурашнікаў і загадаў падданым дружнымі шыхтамі рушыць на поле. Чорна-чырвонымі коўдрамі маршыравалі з лесу легіёны мурашкавай пяхоты. Цэлымі гуфамі кідаліся мужныя мурашкі на кожнага паласатага прыхадня і кусалі, паралізуючы сваім мурашкавым ядам.

Ніхто не застаўся ўбаку. Былі там і мушкецёры-камарыкі з вострымі насамі-шпагамі, і мухі, і сляпні з аваднямі. Прыйшоў нават жук-караед. А славутыя сябры-рыцарыжук-алень і жук-насарог, стаўшы спіна да спіны, білі сваімі моцнымі рагамі нязваных паласуноў так, што ад іх толькі мокрыя плямы заставаліся.

Ну, а што да слімака, што жыве на лісціне чароту на другім баку возера, дык ён, пачуўшы пра тую акупацыю паласатую, адразу ж папоўз уніз. Ведаў слімак, што месца ягонае — на баявых пазіцыях. Ніхто не зможа, акрамя яго, уратаваць Бульбачку, бо не бачыў яшчэ свет такіх слаўных жаўнераў, як слімакі.

І доўжылася да цёмнае ночы бойка. Мужна змагалася з ворагамі паспалітае рушанне беларускага насякомага свету.
Але было паласатых жукоў так шмат, што не ведаў іхнае колькасці нават сам сэр Злыдзень. Мільёны і мільёны іх прыляцелі.

І рвалася павуцінка ў нашага павучка, і затупіліся зялёныя шабелькі ў крылатае гусарскае конніцы, і ламаліся дзіды ў махнатых казачкоў-чмелікаў. Біліся мужныя ваяры, пакуль моцы хапала. А каларадскіх жукоў, здавалася, робіцца ўсё болей. І пападалі стомленыя абаронцы бульбянога поля.

Толькі два воі не стамляючыся калацілі праклятых паласуноў. Гэта славутыя сябры-рыцарыжук-алень і жук-насарог, стаяўшы спіна да спіны, усё білі і білі сваімі моцнымі рагамі прыхадняў.

А слімак тым часам ужо дапоўз па чароціне да вады і ва ўсё сваё слімакова горла клікаў азёрную чарапаху, каб перавезла яна яго на другі бераг, дзе ніхто, апроч яго, не зможа ўратаваць спадарыню Бульбачку.

Раздзел чацверты

На другі дзень узышло сонейка над даляглядам, і ўбачыла Бульбачка: як сядзелі на карчах жукі-злачынцы, так і сядзяць цэлымі зграямі. Напіхваюць свае ненасытныя пашчы лісцікамі ды кветачкамі, знішчаючы бульбяныя калівы адно за адным. Толькі струпкі, нібы шкілеты, стаяць на тых месцах, дзе яшчэ ўчора раслі зялёныя браточкі ды сястрычкі спадарыні Бульбачкі.

А сэр Злыдзень, узлезшы на самы шчычок абгрызенага карча, быццам крумкач на высахлым дрэве, сядзіць ды ўсміхаецца,
злосна бліскаючы чорнымі вачыма. Нібыта паласатае полымя ахінула ўсё бульбяное поле. І да таго радасна было яму глядзець на гэты страшэнны пажар, што зарагатаў сэр Злыдзень.

Яшчэ горай заплакала спадарыня Бульбачка ад роспачы і бяссілля. Паклікала яна тады на дапамогу беларускіх птушак:

Птушачкі-суседзейкі, дапамажыце ўратавацца ад ліха паласатага! Паклюйце тых жукоў праклятых. Цэлая насякомая армія не здужала з імі зладзіць,
пакінуўшы на гэтым полі ўсю сваю моц. На вас, родненькіх, надзею ўскладаю!..

І загадаў птушыны барон Беркут шматлікаму пярнатаму саслоўю забыцца на свае справы, пакуль не ўратуюць спадарыню Бульбачку. Па ўсім небе пачалі з’яўляцца птушыныя эскадрыллі.

Прыляцелі і верабей з сініцаю, і шпак, і жаўрук, і перапёлка. Прыбегла і курапатка. Зязюля перастала кукаваць, а дзяцел стукаць у дрэвы, і на пару выправіліся дапамагаць Бульбачцы. Чорнай хмарай рынулі да поля крумкачы ды вароны. Вострым клінам, падняўшыся з азёрнае сінечы, прыляцелі гусі-лебедзі.
Бусел, жораў ды чапля аб’ядналіся з крыклівымі чайкамі — і вось яны ўжо тут як тут. А Кура-чабатура з чалавекавага фальварку, не пабаяўшыся пакінуць дома ў кубле сваё залатое яйка, так шпарка бегла ратаваць Бульбачку, што за ёю не маглі паспець нават пеўнік, індык ды качка.

Тым часам слімак, што жыве на лісціне чароту на другім баку возера, урэшце дакрычаўшыся да чарапахі, узлез на яе спіну і даплыў амаль да сярэдзіны возера.

— Хутчэй, хутчэй, трасца ты непаваротлівая! — крычаў ён на чарапаху.

Ведаў слімак, што не можа ён спазніцца. Загіне без ягонае дапамогі спадарыня Бульбачка.

Пачалі птушкі нішчыць круглабокіх рабаўнікоў. Глыталі іх, але не прайшло і паўдня, як пападалі на зямлю, схапіўшыся крыльцамі за свае жывоцікі мужныя пярнатыя барацьбіты.

Не ежай, а сапраўднай атрутай сталі для беларускіх птушак заакіянскія каларадцы. Адна толькі перапёлачка здолела іх есці не атруціўшыся, ды дзе ж ёй адной навалу перамагчы…
Ды вось яшчэ барон Беркут разам з коршакам нястомна кружылі па-над полем, хапаючы паласатых ліхадзеяў. Толькі не елі яны іх, а выплёўвалі, расціснуўшы дзюбаю. Былі яны птушкамі драпежнымі і ўсё жыццё елі толькі мяса. Брыдка ім было глытаць гэтую круглабокую мярзоту.

Так і ваявалі яны разам з перапёлкаю да самае ночы, пакуль вочы бачылі. А як схавалася за далягляд сонейка, змянілі іх у баявым дазоры начныя драпежнікі — пугач ды сава. Крыху пазней, як узышла на небе поўня, прыляцеў на скураных крылах кажан. Ні на хвілю не меў ён сумневаў, што навядзе жах на заморскіх ворагаў.

— Ага… Давай-давай… Дзе ж так баяліся? — толькі і вымавіў з’едліва на гэта сэр Злыдзень, дагрызаючы маладыя зялёныя галіначкі.

І другі дзень запар, стоячы спіна да спіны пад бульбянымі карчамі на краі поля, нястомна разбівалі паласатыя каларадскія бакі сваімі рагамі слаўныя сябры-рыцары, жук-алень і жук-насарог.

А слімак, што жыве на лісціне чароту на другім беразе возера, тым часам углядаўся ўдалеч, седзячы на чарапахавай спіне. Туды, дзе за берагам павінна было адкрыцца поле спадарыні Бульбачкі, якой так не хапала ягонае дапамогі.
Бераг быў ужо блізка…

Раздзел пяты

Даведаўшыся, што адбываецца на бульбяным полі, пан Сом, што ляжыць на азёрным дне, таксама вырашыў дапамагчы мужным змагарам.
Палезлі па яго загадзе з возера жабы ды трытоны ў вялікай колькасці. Набіраюць яны сабе поўны рот жукоў ды цягнуць у ваду. Але толькі плаваюць па азёрнай роўнядзі праклятыя каларады, нібы паласатыя паплаўкі.

Загадаў тады пан Сом сваім падданым рыбам хапаць з воднае паверхні жукоў ды цягнуць на дно, каб тапіліся. Не ведалі маўклівыя рыбы навошта ім тапіць тых смешных паласатых жукоў, але ж так загадаў пан Сом. А вусаты пан Сом абы-каго тапіць не стане.

Ды толькі смяецца сэр Злыдзень:

Хе-хе… Мы акіян адолелі, а тут нейкае возера! Цьфу — марнота!

Так і ёсць — не топяцца праклятыя каларадцы. Усплываюць на паверхню — ды зноў да берага.

У няспыннай барацьбе надышоў трэці дзень. Але не прынёс ён радасці спадарыні Бульбачцы. Усё меней застаецца яе зялёных грамадзянаў. І яшчэ горш заплакала яна ад такога няшчасця. І паклікала на дапамогу беларускіх звяроў:

Жывёлы-суседзейкі даражэнькія, уратуйце ад ліха паласатага. І насякомых я ўжо прасіла, і птушак — ніхто не можа з тым ліхам зладзіць. З’ядаюць жукі-чужынцы ўсю бульбяную сям’ю.

Раззлаваўся валадар беларускіх жывёлаў — кароль Зубр. Як тупнуў па зямлі магутным капытом! Задрыжэла зямля. Як зароў ён сваім гучным рыкам! Нібы віхор прайшоў па ўсім лесе.
На яго заклік рушылі да бульбянога поля ўсе жывёлы з лясоў, лугоў ды балотаў.

А кот Маркіз, узяўшы на сябе каманду сядзібнымі жывёламі, прывёў на поле каня, казу з баранам ды вала. Толькі сабака Сябрык не змог прыйсці, бо моцна трымаўся на ланцугу ля свае будкі. Але ж так гучна брахаў Сябрык, што забыўся нават на сваю ўлюбёную костку. Той брэх быў чуваць аж на полі, ды толькі не баяліся пузатыя паласуны сабачага брэху.

Стаў на ўскрайку поля кароль Зубр ды так тупнуў другі раз сваім магутным капытом па зямлі, што пападалі долу каларадскія жукі, не ўтрымаўшыся на бульбяных карчах. І пайшлі паміж барознамі па полі беларускія жывёлы, топчучы капытамі ды лапамі круглабокіх паласуноў.
А вожык, скруціўся ды пакаціўся, нібы калючы мячык, нанізваючы на вострыя іголкі жукоў — па некалькі на кожную.

Уцяміў сэр Злыдзень, што лясныя асілкі зараз ператопчуць усё ягонае войска, і загадаў жукам падымацца ў неба.

Але зусім не збіраліся ўцякаць круглабокія абжоры. Вісяць над полем паласатаю хмараю — чакаюць, пакуль звяры поле пяройдуць. Крочаць звяры па полі, а жукоў на зямлі не бачаць. Прыйшлі да краю, азірнуліся — а каларады ізноў бульбоўнік трушчаць.

І зразумеў тады кароль Зубр, што злыдневай арды не пераможа.

А хутарскі кот Маркіз аж заплакаў ад роспачы:

— Ну як жа нам іх перамагчы, калі яны нават сабачага брэху не баяцца?!.

— А што ж мне рабіць? — загаласіла спадарыня Бульбачка. — Як жа мне пазбавіцца ад ліха паласатага? Няўжо ж я так і загіну?

— Пачакай паміраць, спадарыня Бульбачка, — мовіла мудрая рысь. — Не сілай іх браць трэба, а розумам. Звярніся ты, шаноўная, да чалавека.
Ён разумны — мо што і прыдумае.

Так-так, — дадаў кот Маркіз. — Трэба слаць вестуна на хутар да майго гаспадара Петрыка. Жыве ў ягонай хаце дзіўная заморская птушка, што ўмее размаўляць чалавечаю моваю. Вось яна б і паведала людзям пра гэтае ліха паласатае.

А тым часам слімак, што жыве на лісціне чароту на тым баку возера, прыплыўшы на чарапасе да берага, поўз у кірунку поля, дзе без ягонае дапамогі чакала смерці спадарыня Бульбачка.

Раздзел шосты

Цэлы дзень ірваўся з ланцуга, невядома на каго брэшучы, хутарскі сабака Сябрык.

— Ды што ты не сціхнеш ніяк? — усміхнулася гаспадыня Зося і выйшла на двор паглядзець, чаго той сабака разбрахаўся.

У гэты ж момант

заляцеў у расчыненае акно галубок-вястун ад спадарыні Бульбачкі. Убачыў ён дзіўную каляровую птушку, пра якую казаў хутарскі кот Маркіз, сеў ля яе клеткі і паведаміў, што адбываецца на бульбяным полі.

Тым дзіўным птахам быў звычайны папугай, якога гаспадар Петрык, як ездзіў у мястэчка, купіў сваім дзеткам Янку ды Ганульцы ў падарунак да Калядаў. Зваўся папугай Сіньёрам, і было яму дзвесце гадоў. Шмат чаго пабачыў за доўгае жыццё прыгожы птах. Нарадзіўся ён, як і той галубок, на волі і доўга лётаў над лясамі ды рэкамі, пакуль не злавіў яго сквапны браканьер, каб прадаць за вялікія грошы. З тае пары дзе толькі не давялося пабываць Сіньёру з людзьмі… Бачыў ён і такіх паласатых жукоў, пра якіх расказаў галубок. Ён нават ведаў, што трэба рабіць, каб ад іх пазбавіцца. Адкуль? Жыў даўным-даўно ў аднаго добрага амерыканскага фермера і бачыў, як той ратуе свае бульбяныя плантацыі ад паласатага ліха.

…А слімак, што жыве на лісціне азёрнага чароту на другім беразе возера, ужо дабраўся да поля, узлез на камень ды кідаў вокам па наваколлі, шукаючы галоўнага паласатага ворага.

Ды вунь ён! Стаіць на самым шчычку абгрызенага бульбянога карча, нібы крумкач на сухім дрэве, якраз над тым месцам, дзе ўжо трэці дзень запар, спіна да спіны, нястомна змагаюцца з заакіянскімі паразітамі слаўныя сябры-рыцары, жук-алень і жук-насарог.

…Прыйшоў увечары дадому з працы гаспадар Петрык ды сеў вячэраць з сям’ёю. Былі на яго стале і смачныя клёцкі з малачком, і смажаная на алеі бульба са скварачкамі, і духмяныя дранічкі са смятанкаю. І так людзям смачна было есці, што аж вочы заплюшчвалі ад асалоды.

— А ці ж добра вам вячэраць, гаспадары мае шаноўныя? — запытаўся раптам папугай Сіньёр са сваёй клеткі.

— Ой жа ж і добра! — кажа гаспадар Петрык.

— Ой жа ж і добра! — кажа гаспадыня Зося.

— Ой жа ж і добра! — кажуць Янка з Ганулькаю.

— А ці ведаеце вы, шаноўныя, што ў хуткім часе не будзе ў вас ані смачнае смажанае бульбы, ані клёцак, ані дранікаў?… — выдаў раптам заморскі птах.

— Як не будзе?! — грозна стукнуўшы па стале кулаком, усклікнуў гаспадар Петрык.

Вой-вой, канец свету! — пляснуўшы ў далоні, перахрысцілася гаспадыня Зося.

— Татачка, мамачка! — заплакалі Янка з Ганулькаю, спужаўшыся такое будучыні.

Тут і расказаў Сіньёр пра паласатае ліха, што прыляцела раптам на поле спадарыні Бульбачкі.

Ускочыў гаспадар Петрык з-за стала, схапіў са сцяны стрэльбу і, як быў басанож, кінуўся да дзвярэй, каб хутчэй бегчы на поле.

— Ну куды ты пабег? — кажа яму гаспадыня Зося. — Хто ж на жука са стрэльбаю палюе? Ды яшчэ на ноч гледзячы. Лепш прысядзь ды памяркуем, што рабіць…

А папугай расказаў пра атруту, якою знішчыў на сваіх бульбяных плантацыях каларадскіх жукоў далёкі амерыканскі фермер. Да самага рання варыла па папугаевым рэцэпце тую атруту гаспадыня Зося. А як узышло сонейка, прачытаў тры разы «Ойча наш» гаспадар Петрык і пайшоў на поле труціць паласатых шкоднікаў.

А слімак, што прыплыў з другога берага возера на чарапахавай спіне, ужо падпаўзаў з усёю сваёю слімаковаю хуткасцю да карча, на самым шчычку якога, нібы крумкач на сухім дрэве, сядзеў сэр Злыдзень.

Паўдня хадзіў чалавек па полі, пырскаючы на жукоў атрутаю.
Вельмі стаміўся, але не спыняўся ні на хвілінку, пакуль не ўбачыў, што пачалі падаць ды здыхаць праклятыя гвалтаўнікі.
Унюхаўшы, што запахла смерцю, сэр Злыдзень намерыўся быў шукаць іншае поле, але раптам схапіў яго нехта, падняў ды кінуў уніз
— туды, дзе чацверты дзень запар, спіна да спіны, забівалі недадохлых круглабокіх паласуноў, што падалі з бульбяных карчоў, слаўныя сябры-рыцары, жук-алень і жук-насарог. Там і загінуў сэр Злыдзень, наляцеўшы на моцны рог жука-насарога.

А слімак, які запоўз на самы шчычок абгрызенага карча ды скінуў з яго сэра Злыдня, сціпла развярнуўся і пачаў рухацца дамоў, туды, дзе на другім беразе возера пагойдвалася пад лагодным ветрыкам ягоная лісціна чароту. Лёгкаю была яму дарога назад, бо ведаў слімак, што ўратаваў-такі ён спадарыню Бульбачку ад немінучае смерці.

Раздзел сёмы

Можа, на тым бы і скончылася гэтая гісторыя, але

не ўсе каларадскія жукі прынялі смерць ад Петрыкавай атруты. Самыя хітрыя ўсё ж здолелі ўцячы ды схавацца, зарыўшыся глыбока ў зямлю.
Так і прасядзяць яны тамака да самае вясны, пакуль не з’явяцца на полі зялёныя парасткі маладога бульбоўніку. Тады і павылазяць зноў круглабокія паласуны з зямлі, нібы партызаны з лесу. І пачнуць адкладаць на той маладой лістоце свае брыдкія жоўтыя яйкі. І павылупляюцца з тых яек потым мярзотныя чырвоныя лічынкі з непамернаю пражэрлівасцю. І будзе іх у шмат разоў болей, чым прыводзіў з сабою на наша поле сэр Злыдзень. І прыйдзе зноў чалавек на дапамогу спадарыні Бульбачцы ды патруціць новае каларадскае нашчадства. Але ж і сярод іх знойдуцца хітруны, што пахаваюцца ад атруты ў зямлю…
Так і будуць яны з году ў год спрабаваць знішчыць бульбяное поле. Так і будзе з году ў год спыняць іх агрэсію чалавек, ягоныя дзеці ды ўнукі.

А пакуль, радуючыся слаўнай перамозе, якую атрымала беларуская прырода над паласатым ліхам, ядуць людзі смачныя клёцачкі з малачком, смажаную на алеі бульбу са скварачкамі ды духмяныя дранічкі са смятанкаю.

А папугая на радасцях выпусцілі з клеткі і сталі зваць яго не проста Сіньёр, а паважліва — яснавяльможны Сіньёр Папугай. Але не паляцеў папугай ад чалавека на волю, бо жыў ён з людзьмі ўжо болей за сто гадоў і за той час звыкся, што яго кормяць ды пояць толькі за тое, што ён прыгожы і ведае чалавечую мову. А калі, здараецца, і прадаюць, дык за вельмі вялікія грошы.

А наш папугай Сіньёр палюбіў свайго мужнага гаспадара Петрыка, клапатлівую гаспадыню Зосю і добрых ды вясёлых іхных дзетак — Янку з Ганулькаю. Таму штовечар расказваў ён ім пасля смачнае вячэры пра далёкую раку Амазонку, пра вялізных яшчарак-кракадзілаў ды вужаку-анаконду, пра чырванаскурых людзей-індзейцаў, якія з усяе вопраткі носяць толькі птушынае пер’е ды пра розныя іншыя дзівосы, якія давялося яму пабачыць за свой двухсотгадовы век.

Хацеў папугай паведаць неяк Петрыкавай сям’і аб тым, як быў ён піратам у камандзе самога Джона Сільвера, але заўважыўшы, як усміхаецца гаспадыня Зося, вырашыў перавесці гэта на жарт, каб не страціць сярод людзей павагу.

Замест гэтага расказаў, што спадарыня Бульбачка, як і ён, мае заакіянскае амерыканскае паходжанне.

І гэта сапраўды так. Як не верыце, дык запытайцеся ў гаспадара Петрыка!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?