Аб праблемных пытаннях работы ў 2012 годзе прадпрыемстваў і галін, у тым ліку банкавай сістэмы і валютнага рынку, распавёў на ўчорашнім пасяджэнні Савета Міністраў, прысвечаным вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за 2012 і задачам на 2013 год, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Якабсон.

З ягоных слоў,

найбольш відавочнай праблемай ўсіх галін эканомікі з’яўляецца неадпаведнасць паміж дэклараванымі мэтамі і дасяганымі вынікамі. Так, практычна ўсюды не выкананы найважнейшыя паказчыкі зніжэння матэрыяла- і энэргаёмістасці прадукцыі, піша БелТА.

Таксама кіраўнік КДК звярнуў увагу і на асобныя выпадкі махінацый пры выкарыстанні крэдытных рэсурсаў. Установа робіць захады для супрацьдзеяння розным маніпуляцыям дзяржаўнымі сродкамі на рынках каштоўных папер і страхавых паслуг. «Рынак аблігацый быў прывабным для несумленных эмітэнтаў, якія, не маючы ніякіх актываў, выпускалі аблігацыі пад атрыманыя гарантыі дзяржаўных страхоўшчыкаў і прадавалі іх на біржы. У выніку за неплатаздольных эмітэнтаў цяпер разлічваюцца страхоўшчыкі», — адрапартаваў Аляксандр Якабсон.

Акрамя таго, значныя дзяржаўныя сродкі накіроўваюцца буйнымі прадпрыемствамі, такімі як «Беларуськалій», «Брэстэнэрга», «Гроднаэнэрга» ды іншымі, на добраахвотнае страхаванне дадатковай пенсіі.

«Гэтыя сродкі дзяржаўных прадпрыемстваў пералічваюцца прыватнай страхавой кампаніі «Беларускі народны страхавы пенсійны фонд», якая змяшчае іх на дэпазітах у банках, а атрыманыя ад гэтага прыбыткі выкарыстоўваюць у асабістых інтарэсах акцыянеры гэтага таварыства (дырэктарка і ейны муж, а таксама некаторыя іншыя камерцыйныя структуры).

Так, сярэдні заробак дырэктаркі ў 2012 годзе складаў Br 30 млн, а атрыманыя дывідэнды мужа і жонкі за год склалі амаль Br 3 млрд», — адзначыў старшыня КДК.

Лукашэнка зачапіўся за гэтую тэму і запатрабаваў у самыя сціслыя тэрміны навесці ў гэтым пытанні «парадак». Аб прычынах сітуацыі расказаў міністр фінансаў Андрэй Харкавец. Са словаў міністра, у прыватнасці, «Беларуськалію» не раз прапаноўвалася перайсці на абслугоўванне дзяржаўным страхавым прадпрыемствам, аднак пытанне з шэрагу прычын не вырашаецца.

Паднялі з крэсла генеральнага дырэктара «Беларуськалія» Валерыя Кірыенкі, які спаслаўся на рознага кшталту цяжкасці. У сваю чаргу старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ігар Жылін наогул заявіў, што «пра гэтую тэму даведаўся толькі цяпер».

«Можа быць, там Кірыенка не на месцы, калі ён элементарнае пытанне не можа рашыць? — грымеў Лукашэнка. — Аляксандр Серафімавіч (Якабсон), калі вы не разберацеся, я разбяруся з высновамі для Вас. Вінаваты Кірыенка — у турму яго. Вінаваты Жылін — наўздагон. Падначаленыя — усіх туды».

«Тры мільярды! Адкуль гэтыя грошы?! Яны што, калійныя ўгнаенні вырабляюць і прадаюць? Не. І бездапаможны Мінфін!» — абурыўся Лукашэнка.

«Вазьміце на кантроль, каб грошы гэтыя, дывідэнды, укладзеныя ў харомы ды іншае, былі вернутыя.

Думаю, вы гэта вырашыце на працягу першага квартала. Вось, калі ласка, эфектыўнасць працы КДК, Кірыенкі, Жыліна, міністра фінансаў і прэм’ер-міністра. Гэта і ёсць фармальны бюракратычны падыход, — падкрэсліў Лукашэнка. — Вам, Міхаіл Уладзіміравіч (Мясніковіч), і Якабсону гэта проста прыклад вашага падыходу да гэтага.

Калі вы не маглі, здыміце трубку, і ўвечары была б рэзалюцыя, якую Валерый Вакульчык з кулямётам выканаў бы ці міністр унутраных спраў

. На вашых вачах раскрадалі грошы, а вы спакойна да гэтага ставіцеся».

«Да канца сакавіка ўсе пытанні рашыць. Не вырашыць, Кірыенку ў камеру. А наўздагон — міністра», — даручыў Лукашэнка старшыню КДБ.

«Аляксандр Серафімавіч, я апошні раз вам раблю заўвагу. Або Вы як старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю дзейнічаеце так, як мае быць, абараняючы інтарэсы дзяржавы, або прыйдзіце і скажыце: я баюся, не магу», — папярэдзіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?