Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес праходзіць курс хіміятэрапіі ў ваенным шпіталі Каракаса пасля лячэння ад рака на Кубе, паведаміў венесуэльскі віцэ-прэзідэнт Нікалас Мадура.
Ён заявіў пра гэта пасля імшы, якую адслужылі за здароўе прэзідэнта ў капліцы шпіталя.
У чацвер Нікалас Мадура, выступаючы па нацыянальным тэлебачанні, сказаў, што Уга Чавес “змагаецца за жыццё”.
Упершыню аб тым, што Чавес лечыцца ад раку, было абвешчана ў чэрвені 2011 года. Аднак падрабязнасці аб ходзе хваробы і тым, як праходзіць лячэнне, так і не былі абвешчаныя.
Уга Чавес не з'яўляўся на публіцы са снежня мінулага года, калі ён ездзіў на Кубу для правядзення чацвёртай аперацыі.
Мяркуецца, што ў Чавеса, які кіруе Венесуэлай ўжо 14 гадоў, рак прастаты.
Пасля чацвёртай аперацыі ў венесуэльскага лідэра дыягнаставалі інфекцыю дыхальных шляхоў.