ААТ «Газпром» дагэтуль не атрымаў ад беларускага боку афіцыйнага адказу на сваё паведамленне аб 45‑працэнтным скарачэнні паставак газу з 3 жніўня. Пра гэта БелаПАН паведамілі 2 жніўня ў расійскім газавым канцэрне.

Нагадаем, 1 жніўня «Газпром» накіраваў на адрас выканаўцы абавязкаў генеральнага дырэктара ААТ «Белтрансгаз» Уладзіміра Маёрава афіцыйнае паведамленне аб скарачэнне аб’ёмаў газавых паставак Беларусі ў сувязі з невыкананнем абавязацельстваў па аплаце атрыманага ў першым паўгоддзі 2007 года газу і адсутнасцю гарантый аплаты. Паводле звестак расійскага канцэрна, запазычанасць Беларусі ў студзені‑чэрвені склала 456,16 млн. долараў.

Пасля атрымання афіцыйнага папярэджання памочнік міністра энергетыкі Беларусі Андрэй Жукаў паведаміў, што Мінск рыхтуе «Газпрому» прапановы па ўрэгуляванні пытанняў, якія, паводле яго слоў, абмяркоўваюцца ў беларускім урадзе з удзелам кіраўніцтва ААТ «Белтрансгаз». Аднак ва ўрадзе гэтую інфармацыю не пацвярджаюць.

Між іншым у інтэрв’ю агенцтву Рэйтэр прадстаўнік «Газпрома» паведаміў, што «беларусы нічога не прапанавалі, ніякіх варыянтаў па вырашэнні праблемы доўгу». Цяперашняя сітуацыя, паводле яго слоў, «прынцыпова адрозніваецца ад падзей шасцімесячнай даўніны». «Яны (беларускі ўрад. — БелаПАН.) грошы са спажыўцоў збіралі ў поўным аб’ёме. Апрача таго, мы заплацілі 625 мільёнаў долараў за «Белтрансгаз». Так што ўсе гэтыя іх тлумачэнні нам незразумелыя», — зазначыў прадстаўнік «Газпрома».

Пра сваю гатоўнасць прыцягнуць для «Белтрансгазу» крэдытныя рэсурсы да 500 млн. долараў заявіў 1 жніўня старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка. Паводле яго слоў, магчымасць выдачы крэдыту «існуе і выкладзена ў канкрэтай прапанове», але справа аб выдачы пазыкі «не за банкам, а за атрымальнікам крэдыту».

На думку В.Бабарыкі, у Беларусі ёсць некалькі варыянтаў аплаты доўгу за пастаўлены газ. У прыватнасці, аплата з золатавалютнага рэзерву краіны, прыцягненне замежных рэсурсаў, у тым ліку расійскіх; датэрміновы продаж акцый «Белтрансгазу», размяшчэнне акцый на дэпазіт, а таксама аплата доўгу ў беларускіх рублях, калі «расійскі бок будзе ведаць, куды выкарыстаць гэтыя грошы», напрыклад на аплату пакета акцый «Белтрансгазу».

Алена Наважылава, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0