04.03.2013 / 22:20

Звольніць Чарнякевіча загадаў асабіста Сямён Шапіра: «Ва ўніверсітэце 16 чалавек, якія заклікаюць звергнуць уладу» 87

Старшыня аблвыканкама расказаў тое, пра што КДБ маўчыць.

У панядзелак міністр адукацыі Сяргей Маскевіч прэзентаваў калектыву ГрДУ новапрызначанага рэктара Андрэя Караля. На паседжанні прысутнічалі гарадзенскія чыноўнікі з абласнога і гарадскога аддзелаў адукацыі.

Пасля Маскевіча ўзяў слова старшыня абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра. «Наконт Чарнякевіча прымаў загад я асабіста», — раскрыў таямніцу звальнення гісторыка і дацэнта ГрДУ Шапіра.

У сваім выступленні ён пахваліў універсітэт за тэхналагічныя дасягненні і раскрытыкаваў за промахі ў ідэалагічнай працы. Пра гэта «Белсату» распавяла адна з прысутных на сённяшняй сустрэчы ў ГрДУ.

«Напісалі падручнік і надрукавалі за мяжою. За чые грошы? — выступаў галоўны чыноўнік Гарадзеншчыны. — Не, каб да мяне прыйсці і пагаварыць!».

Шапіра ўпікнуў былога рэктара Яўгена Роўбу, што той марудзіў са звальненнем Андрэя Чарнякевіча праз сваё знаёмства з бацькам гісторыка, які таксама працаваў ва ўніверсітэце. Старшыня аблвыканкама прызнаўся, што ён уласнаручна даў загад звольніць аднаго з аўтараў падручніка «Гродназнаўства» Андрэя Чарнякевіча.

Сямён Шапіра таксама падзяліўся з прысутнымі, што рэгулярна чытае зводкі КДБ і ведае ўсё: «Ва ўніверсітэце шаснаццаць чалавек, якія заклікаюць звергнуць уладу». Гэтыя неназваныя ненадзейныя элементы не проста заклікаюць зрынуць уладу, але яшчэ і… ездзілі на роварах і пляскалі ў ладкі.

Відавочна, гаворка пра выкладчыкаў, якія трапілі ў «чорныя спісы» палітычна ненадзейных. Спецслужбы пра гэта памоўкваюць, затое старшыня аблвыканкама расказаў у прыступе шчырасці.

Нямала ж такіх, калі ў адным універсітэце налічылі аж 16!

Дарэчы ў мясцовых газетах — «Гродзенская праўда», «Вячэрні Гродна», «Перспектыва» -, а таксама на афіцыйным сайце ГрДзУ пра сённяшнюю падзею не напісана ні слова.

Скандал з падручнікам «Гродназнаўства» разгарэўся летась у верасні, калі з фармулёўкаю «за парушэнне працоўнай дысцыпліны» з ГрДУ звольнілі аднаго з аўтараў — Андрэя Чарнякевіча. За два дні да звальнення выкладчыка тэрмінова выклікаў да сябе загадчык цэнтру кадравай і прававой работы ўніверсітэту. Падчас размовы ў кабінеце прысутнічалі загадчык аддзелу бяспекі ўніверсітэту і працаўнік КДБ. Галоўнаю тэмай размовы быў падручнік «Гродназнаўства».

0
Man_Overboard / Адказаць
04.03.2013 / 22:34
"Гэтыя неназваныя ненадзейныя элементы не проста заклікаюць зрынуць уладу, але яшчэ і... ездзяць на роварах і пляскаюць у ладкі." канец будзе досыць хутка
0
. / Адказаць
04.03.2013 / 22:36
Абсюрд.
0
пігы / Адказаць
04.03.2013 / 22:40
клоуны гарэлага тэатру
Паказаць усе каментары/ 87 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру