Былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі, ініцыятар стварэньня руху «За Свабоду» Алясандар Мілінкевіч выступіў з заявай з нагоды рашэньня «Газпрома» скараціць дастаўкі газу ў Беларусь. Тэкст заявы быў дасланы на Радыё Свабода.

«Сёньня за спінай беларускага народу адбываецца злачынны патаемны гандаль, які вядзе да распродажу нацыянальнага багацьця і да страты сувэрэнітэту. У чарговы раз грамадзяне Беларусі сталі закладнікамі няздольнасці рэжыму асабістай улады весьці адказную і эфэктыўную зьнешнюю і ўнутраную палітыку.

За прыгожымі лічбамі афіцыйнай статыстыкі хаваецца банкруцтва і некампэтэнтнасьць кіроўных колаў пасьлядоўна адстойваць нацыянальныя інтарэсы і праводзіць неабходныя эканамічныя рэформы. Бюджэтныя грошы марнуюцца на нікому непатрэбную ідэалягічную вертыкаль і БРСМ, на шматлікія сілавыя структуры і органы кантролю, на стратныя прадпрыемствы, на будаўніцтва лядовых палацаў. Насельніцтва і прадпрыемствы ўжо даўно плацяць па рынкавых коштах за карыстаньне газам, а выгандляваная ў Расеі розніца застаецца вузкаму колу прыўладных чыноўнікаў.

Прымаюцца келейныя дамоўленасьці, схаваныя ад грамадзкага кантролю. Рашэньне аб продажы Белтрансгазу — нацыянальнага здабытку ўсяго народа — было прынятае закрытым чынам насуперак жаданьню абсалютнай большасьці грамадзянаў Беларусі і ва ўрон нацыянальным інтарэсам.

Усё больш відавочнай становіцца тупіковасць і нежыццяздольнасць мадэлі развіцця Беларусі, якую насаджае Лукашэнка. Поўны крах палітычнага курсу ў адносінах з Расейскай Фэдэрацыяй востра ставіць пад пагрозу незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?