Si vivis Romae, Romano vivito more
(«Калі жывеш у Рыме, то жыві па-рымску»)

Ну, калі б я хацеў думаць і пісаць па-расійску, то паехаў бы ў Расію. Як на мяне, трэба паслугоўвацца той моваю, да стварэння якое ты маеш дачыненне і нясеш пэўную за яе адказнасць.
Адказнасць за свае словы. Я б паехаў туды, дзе фармуюцца і дыктуюцца правілы мовы. Бадай, я б жыў у Пецярбургу, дзе правёў нямала доўгіх зімаў і доўгіх белых начэй. Там, над сіняй Нявою, сярод сваіх калегаў, настаўнікаў і сяброў, я б знайшоў і для сябе месца. І займаўся б сваёй любімай справаю — вывучаў бы архітэктуру і мастацтва. Балазе, я вельмі люблю колішнюю сталіцу колішняе імперыі, з якой знітаваны быў лёс незлічонае чарады маіх землякоў. За веліч і імпазантнасць.

Калі б я ўсё ж такі абраў для сябе пальшчызну, то парупіўся б пра месца ў Варшаве, дзе таксама давялося нямала павучыцца й пажыць. Варшава пасля Мінска не здаецца такой ужо недасяжнай. Тамака ў мяне таксама багата сяброў і калегаў, з якімі я гадамі падтрымліваю стасункі нашмат шчыльнейшыя, чым з пецярбургскімі даўнімі знаёмцамі. І пісаў бы і размаўляў па-польску.

Я добра пажыў у Вільні і быў бы гатовы літуанізавацца, каб пачувацца па-свойску там. Я лёгка сабе ўяўляю, як мог бы жыць у Львове, зусім не чужым мне, дзе думаў і пісаў бы па-ўкраінску.

Але мы з табой тут. Тут, дзе ствараецца нашая ўласная мова, дзе віруюць моўныя спрэчкі ды складаюцца ўрэшце яе правілы і граматыкі. Тут, дзе я мыслю і дыхаю па-беларуску.
Можаш лічыць гэта маім эгаістычным разуменнем, але я атрымліваю невымоўную асалоду ад таго, як назіраю за моўнай эквілібрыстыкай маёй дачкі, якая выдумляе наватворы, вымаўляе, перайначвае і складае словы, нашыя, беларускія словы, на свой лад. Мне цёпла й спакойна на душы, калі я паслугоўваюся тымі ж словамі і выразамі, якім навучылі мяне дзед і мае бабулі… Мяне агортвае пачуццё асалоды ад таго, наколькі ўпэўнена і дакладна я выслоўліваю, са сваімі роднымі і сябрамі, свае пачуцці і «вялікіх дум цвет».

У шматкроць пераламанай нашай эпосе я абраў сабе шлях і вызначыўся з моваю, у тым ліку і з эстэтычных меркаванняў. Памятаю, як мае ленінградскія прафесары кпілі й нерваваліся, абмяркоўваючы крамлёўскую мову «перестройки&raquo і «гласности», звяртаючы ўвагу на куртатасць думак, няслушасць націскаў, безгустоўныя «красивости» і нават на паўднёвае вымаўленне. За прамінулую чвэрць стагоддзя мова ў Крамлі лепшай не стала, як не стала ўжо і маіх вялікіх старых выкладчыкаў…

Сёння крыніцаю папаўнення нашага расійскага слоўнага запасу сталі ўжо не кнігі Дастаеўскага, Тургенева ды Талстога, не найбагацейшы тамтэйшы старасвецкі фальклор, а тэлебачанне. Адтуль, з тэлевізара, пазычаем мы блатняцкую лексіку тамтэйшых палітыкаў і даступныя для разумення гопнікаў рэкламныя слоганы.
Мне няма ў іх патрэбы. Бо, мыслячы па-беларуску, я не мыслю паняткамі ані каўказскіх стратэгаў, ані гламурных крымінальнікаў.
Я жыву ва ўласнай сталіцы, большай за Стакгольм ці Прагу, і мне з гакам хапае культурнага даробку маёй нацыі. Мне не хопіць жыцця, каб перачытаць усё, што ўжо напісана па-беларуску за апошнія сто гадоў.
І, падбіраючы словы, каб нешта патлумачыць дзецям, студэнтам ці чытачам, я цудоўна абыходжуся без моўнага смецця савецкае бюракратыі ці мянтоўска-бандыцкіх тэлевытвоцаў. У нашых умовах адбор ці пошук уласных словаў робіцца сапраўдным творчым актам. І тыя, хто творыць нашую мову разам са мною, вяртаюць у наш бурны век хараство, сэнсы і зместы.

А ўжо з этычнага разумення, чытаўшы ў дзяцінстве добрыя кніжкі, я не магу прыпусціць думкі, што маюць рацыю тыя, хто сёння складае «чорныя спісы», а ўчора складаў спісы расстрэльныя. Калі прыпусціць, што тая бясконцая чарада рэпрэсіяў і забаронаў, гвалту і пераследу, якая не пакідала беларушчыну паўтара мінулыя стагоддзі, — аб’ектыўная наканаванасць, то мы дагаворымся й да таго, што й нацызм быў толькі неабходнай часткай гістарычнага працэсу… Я не збіраюся выракацца свайго, як той «чалавек прад скананнем, катораму мову займе», не збіраюся забываць курапацкія магілы і ноч 29 кастрычніка 1937 года, калі ў катоўні мінскага НКВД адначасна забілі нашых 14 паэтаў. Знішчаючы людзей, нашую мову, нашыя здабыткі даўніны, нават памяць саму нашу, тыя, хто хацеў і хоча дасёння, каб нас не было, нішчаць і нашую, як пісаў Абдзіраловіч, «найлепшую частку чалавечнасці…»

Закрыццё беларускіх недзяржаўных медыяў, беларускіх школаў, фактычная забарона выкладаць па-беларуску беларускім дзецям у Беларусі геаграфію і гісторыю роднае краіны, знішчэнне помнікаў беларушчыны — гэта праявы сілы цемрадзі.
«Хто ўмее з вас сэрцам чуваць», вычуе гэта. Я не буду больш уступаць у спрэчкі і звадкі з тымі, хто хоча, каб беларушчыны не было на свеце. Бо гэта б азначала, што я магу абмярокўваць сваю будучыню з тымі, хто хацеў бы, каб мяне не было. Але я ёсць.

І ва ўласнай сваёй сталіцы, «у родным краі — паміж нас», буду жыць так, як мушу, як хачу, як прагну, не страціўшы нічога свайго, ствараць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?